Надзея Робертаўна Калач

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Надзея Калач
Поўнае імя Надзея Робертаўна Калач
Дата нараджэння 2 жніўня 1989(1989-08-02) (34 гады)
Краіна  Беларусь
Муж Уладзімір Аляксандравіч Калач
Музычная дзейнасць
Прафесіі музыкант, вакалістка, інструменталіст, палітычны вязень
Гады актыўнасці 2009 — цяперашні час
Інструменты колавая ліра, беларуская дуда, дзіджэрыду[d], раўшпфайф[d] і вакал[d]
Жанр Народная музыка, фэнтэзі фолк, Музыка Сярэдневякоўя
Псеўданімы Надзея Ірдарат
Калектыў Irdorath

Надзея Робертаўна Калач (нар. 2 жніўня 1989) — беларуская вакалістка і музыка, заснавальніца, ўдзельніца і менеджар фэнтэзі фолк гурта Irdorath. Палітычная зняволеная, абвінавачаная і асуджаная падчас пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе[1].

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Як удзельніца гурта Irdorath удзельнічала ў шматлікіх музычных фэстах у розных краінах Еўропы: Wacken Open Air, WOMEX, Дикая Мята, Kilkim Žaibu, Celtic Transilvania, Festiwal Mitologii Słowiańskiej, Folkest, Na Fir Bolg, Hradecký slunovrat і іншых.

Палітычны пераслед 2020—2022[правіць | правіць зыходнік]

У лістападзе 2020 Надзея і Уладзімір былі звольнены з цэнтра для дзяцей і моладзі «Вікторыя», дзе яны выкладалі традыцыйную, народную ды сярэднявечную музыку, а таксама стварылі рэпетыцыйную пляцоўку, якой карыстаўся іх гурт Irdorath. Надзея апісала сітуацыю наступным чынам: «Нас звольнілі, бо мы адкрыта удзельнічалі ў маршах, гралі ў дварах, рабілі відэа, каб падтрымаць народ. Гэта ўсё замінала нашаму цэнтру захоўваць нейтралітэт у гэтай сітуацыі. Мы ж лічым, што нейтралітэт — гэта маўклівая згода. Нас звольнілі адразу ж пасля серыі дваровых канцэртаў. Падчас апошняга канцэрту ў мяне ўжо званіў тэлефон: кіраўніцтва бачыла нашыя выступы, у тым ліку і на плошчы Пераменаў»[2].

Надзея Калач была затрымана ўвечары 2 жніўня 2021 у Мінску на лецішчы пад Мінскам падчас святкавання свайго Дня народзінаў разам з іншымі музыкамі і гасцямі свята. Агулам было затрымана 16 чалавек, дзесяць з іх пазней атрымалі суткі арышту і штрафы ў межах адміністрацыйных спраў аб непадпарадкаванні міліцыі. Шэсць чалавек, у тым ліку Надзея і яе муж Уладзімір, былі затрыманы ў межах крымінальнай справы па арт. 342 Крымінальнага кодэксу (Арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Па сведчанні адной з прысутных на святкаванні, Аляксандры Грахоўскай, затрыманне было падобна на спецаперацыю: прысутныя сабраліся на лецішчы, дзе збіраліся адзначыць дзень народзінаў Надзеі, але перад пачаткам святкавання заўважылі людзей у вайсковай форме без апазнавальных знакаў, якія беглі з розных бакоў і стралялі. «Было так шмат выстралаў, што не зразумела, чаму пакуль усе жывыя» — сведчыла Аляксандра пазней. Для запісу затрымання выкарыстоўваўся дрон, здымкі з якога пасля былі паказаны МУС у тлумачальным відэа па затрыманні. Прысутных паклалі на зямлю, адабралі тэлефоны, пазней жанчынам дазволілі сесці на канапу. Сама Аляксандра праз два дні атрымала штраф ў межах адміністрацыйнай справы за тое, што не адчыніла зламаную брамку, якая не была зачынена (таксама за гэта ж былі асуджаны яшчэ дзевяць чалавек)[3].

10 жніўня 2021 шэрагам беларускіх праваабарончых арганізацый, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларускі Хельсінкскі камітэт, Беларуская асацыяцыя журналістаў і Беларускі ПЭН-цэнтр, была прызнана палітычнай зняволеннай[4].

Утрымлівалася Надзея ў СІЗА-1 у Мінску, дзе ў яе пагоршыўся стан здароўя, узнікла патрэба ў дапамозе хірурга. Часам на волю ад яе дахадзілі лісты з малюнкамі, якія Надзея намалявала ў СІЗА[5][6].

29 верасня 2021 сімвалічным «хросным» Надзеі і Уладзіміра Калачоў стаў дэпутат Еўрапарламента Гельмут Шольц, які з гэтай нагоды зазначыў наступнае: «Я падтрымліваю Надзею і Уладзіміра Калачоў, вакалістку і дудара фолк-рок-гурта Irdorath, і заклікаю неадкладна іх вызваліць. Яны былі затрыманыя за ўдзел у групавых акцыях, якія груба парушаюць грамадскі парадак за забеспячэнне музычнага суправаджэння мірных маршаў пратэсту. Неверагодны факт для трэцяга дзесяцігоддзя 21-га стагоддзя. Але гэта глыбокая рана для ўсеагульных правоў чалавека, прызнаных амаль усімі дзяржавамі свету, у тым ліку і ў Беларусі, калі выканаўцы затрымліваюцца зусім неабгрунтавана падчас рэалізацыі сваёй страсці і права на свабоду слова, выказвання меркаванняў і сходаў»[7][8].

9 снежня 2021 у судзе Савецкага раёна Мінска пачаўся разгляд крымінальнай справы Уладзіміра і Надзеі Калачоў. Ад пачатку справа Калачоў уключала ў сябе, у тым ліку, і «навучанне ці іншую падрыхтоўку асоб для ўдзелу ў дзеяннях, якія груба парушаюць парадак, а роўна фінансаванне ці іншае матэрыяльнае забеспячэнне такой дзейнасці», але падчас следства гэтая частка была знята праз адсутнасць доказаў. Музыкаў абвінавацілі ў грубым парушэнні грамадскага парадку, яўным непадпарадкаванні законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, перашкодзе руху грамадскага транспарту, здейсненымі групай асоб па папярэдняй змове. Падставай нібыта стаў удзел музыкаў у маршах пратэсту 16 жніўня, 6 верасня і 25 кастрычніка 2020 года. Муж Надзеі, Уладзімір, на гэты конт патлумачыў:"Агрэсіі ніякай не было, атмасфера святочная, усе вакол усміхаліся. Усе разам прайшліся праспектам Незалежнасці да плошчы Перамогі, потым па Пераможцаў калона пайшла да Стэлы. Патрабаванняў і папярэджанняў аб незаконнасці акцыі не чуў, бо гучала музыка. Далей шлях быў перакрыты і людзі павярнулі ў адваротны бок. Некалькі разоў выконвалі кампазіцыю Цоя «Перамен!», а потым разыйшліся"[9].

14 снежня 2021 суддзя Аляксандр Анатольевіч Якунчыхін вынес прысуд. Ён пагадзіўся з пазіцыяй памочніцы пракурора Вольгі Емельянчанкі і прызначыў Надзеі і Уладзіміру па два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму[10].

У студзені 2022 Надзею перавялі з СІЗА-1 у Мінску ў гомельскі СІЗА-3[11], а ў канцы сакавіка — у жаночую калонію № 4[12].

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]