Помнік на магіле Анджэя Снядэцкага

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Надмагілле А. Снядэцкага)
Помнік
Помнік на магіле Анджэя Снядэцкага
54°22′17″ пн. ш. 25°51′28″ у. д.HGЯO
Краіна
Месцазнаходжанне
Архітэктурны стыль ампір
Дата пабудовы 1839
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 412Д000067шыфр 412Д000067
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Помнік на магіле Анджэя Снядэцкага — надмагільны помнік на вясковых могілках у в. Гароднікі Ашмянскага раёна, побач з капліцай. Помнік пастаўлены на магіле знакамітага навукоўца Андрэя Снядэцкага, якога называлі «бацькам польскай хіміі», прафесара Віленскага ўніверсітэта, медыка і эсэіста. Помнік Снядэцкага ў Гародніках з’яўляецца адным з найлепшых надмагілляў свайго перыяду ў Беларусі, што дайшлі да нашых дзён. Незвычайна яно і тым, што ад моманту ўсталявання яму надавалася даволі шмат увагі, таму да нашых дзён дайшлі яго выявы з розных перыядаў[1].

Статус гісторыка-культурнай каштоўнасці 2-й катэгорыі прысвоены помніку рашэннем Рады 28.08.2003 № 88 і пастановай Савета Міністраў 14.05.2007 № 578.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

«Гароднікі. Пахаванне Андрэя Снядэцкага». Малюнак Н. Орды. 1876

Андрэй Снядэцкі памёр пасля доўгай хваробы 11 мая 1838 г. у Вільні, на вуліцы Вялікай, у так званым Доме Франка (сёння вул. Дзіджоі, 1), дзе ён пражываў з 1823 г. На чацвёрты дзень, 15 мая, яго труна была перанесена ва ўніверсітэцкі касцёл Св. Янаў. Жалобнае набажэнства адправіў біскуп Цывінскі, у ім узялі ўдзел прадстаўнікі духоўнай акадэміі, дыцэзіяльнай семінарыі, усіх размешчаных у Вільні кляштараў. У некралогу Снядэцкага паведамлялася, што ў жалобных мерапрыемствах узялі ўдзел 20 тысяч чалавек, (праўда, у пазнейшых крыніцах называлася і больш сціплая лічба — некалькі тысяч). На другі дзень, 16 мая, жалобныя мерапрыемствы працягнуліся. Імшу правёў біскуп Клагевіч, пасля чаго пахавальнае казанне прачытаў кс. Людвіг Габрыэль Трынкоўскі. Па яе завяршэнні труна з целам Андрэя Снядэцкага адправілася ў свой апошні шлях. Студэнты памерлага прафесара пранеслі яе на плячах праз увесь горад, праз Вострую браму да таго месца, дзе дарога паварочвала на Ашмяны. Тут труна была перакладзена на воз і працягнула свой далейшы шлях да родавага маёнтка, тут жа рукамі студэнтаў быў насыпаны курган, за якім замацавалася назва «Анджэёўка» (польск.: Jędrzejówka). Да нашага часу ён не захаваўся[1].

Помнік у 1934 годзе. Я. Булгак

Цела Андрэя Снядэцкага быў перавезены ў маёнтак сваёй сям’і Болтуп побач з якім і быў пахаваны на невялічкіх могілках в. Гароднікі, каля магілы сваёй жонкі Канстанцыі, памерлай у 1830 г. Праз год яго сын, Юзаф Снядэцкі, ушанаваў памяць бацькі і маці, паставіўшы над іх магілай помнік з белага мармуру. Гэты факт асобна адзначаўся ў большасці публікацый, прысвечаных славутаму навукоўцу, што сведчыць пра значэнне, якое сучаснікі яму надавалі. Магілы Канстанцыі і Андрэя Снядэцкіх аказаліся апошнімі пахаваннямі прадстаўнікоў роду на могілках — астатніх Снядэцкіх ужо хавалі ў крыпце новага драўлянага касцёла, пабудаванага ў 1864 г[1].

У маі 1876 г. маёнтак Болтуп наведаў Напалеон Орда. 20 мая ён намаляваў сядзібны дом Снядэцкіх, 21 мая — могілкі ў Гародніках. Створаная ім акварэль з’яўляецца першай вядомай нам выявай помніка Андрэя Снядэцкага і дазваляе ўявіць яго выгляд у гістарычным ландшафце XIX ст.. Помнік, як і сёння, акружаны агароджай, якая, верагодна, была пастаўлена ў адзін з ім час. Могілкі амаль пустыя, толькі справа намаляваны тры магільныя насыпы з малымі драўлянымі крыжамі — верагодна, пахаванні сялян і слуг. Крыху далей, за дрэвамі бачны касцёл. Могілкі абнесены агароджай і маюць невялікі дрэвастой. Нягледзячы на тое, што помнік кампазіцыйна займае толькі левую частку выявы, менавіта ён з’яўляецца асноўным аб’ектам малюнка, пра што сведчыць подпіс: «Гароднікі. Пахаванне Андрэя Снядэцкага»[1].


Надмагільны помнік Андрэя Снядэцкага быў узяты пад ахову дзяржавай яшчэ ў савецкі перыяд, што было рэдкасцю для помнікаў часоў Расійскай імпсрыі, якія знаходзяцца на могілках[1].

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Помнік Андрэя Снядэцкага вылучаецца і сваімі мастацкімі характарыстыкамі. Па форме ён уяўляе з сябе вертыкальную, квадратную ў сячэнні тумбу, на якую пастаўлена вялікая урна, завершаная крыжам. Такі кампазіцыйны тып надмагілляў сустракаецца ў Беларусі параўнальна рэдка. Яго ўзоры захаваліся таксама на каталіцкіх могілках у Пінску і Гродне (Фарныя), а таксама ў шэрагу іншых месцаў. База помніка, тумба, па форме ўзыходзіць да рымскага ахвярніка, які ў адаптаваным выглядзе атрымаў пашырэнне на могілках Усходняй Еўропы ў другой палове XVIII — сярэдзіне XIX ст. Зверху база дэкаравана карнізам, над якім па кутах устаўлены акратэрыі з паўкруглымі франтоннымі элементамі над імі. На трох баках базы знаходзяцца інскрыпцыі з імёнамі памерлых і днямі смерці, паведамленнем пра тое, што помнік пастаўлены сынам Юзафам. Інскрыпцыі выкананы з выкарыстаннем дэкаратыўнага гатычнага шрыфту. 3 чацвёртага боку выразана выява герба «Ляліва», да якога належалі Снядэцкія. Над гербавым полем знаходзяцца карона і высокі плюмаж, яно акружана вянком з лаўровых лістоў[1].

Тэкст інскрыпцый наступны[1]:

1 бок 2 бок 3 бок

Jędrzej
ŚNIADECKI
uro. 30 listo. 1768°
† 29° Kwiet. 1838

Konstancya
z Mikułowskich
SNIADECKA
†2° Wrzes. 1830°

Ku wiecznej
pamięci
Drogich Rodziców
przywiązany
Syn
wzniósł ten pomnik
R° 1839.

Дамінанта помніка, урна з крыжам, яшчэ больш насычана дэкаратыўнымі элементамі і сімволікай. Ніжняя яе частка вырашана паўсферай, дэкарыраванай эўкаліптавымі лістамі. Зверху на ёй размяшчаецца васьмігранны аб’ём. На меншых гранях выразаны пластычныя выявы макаў. На адной з большых граняў — пластычная выява абвітага змяёю кія Асклепія, накрытага вянком са стужкамі знізу і распраўленымі крыламі зверху. На грані з адваротнага боку — выява змяі, якая ўтварае кола, кусаючы ўласны хвост. Унутры прасторы, якую яна замыкае — выява хімічнай лабараторыі з шафай з кнігамі, печчу, перагонным апаратам, тумбай і рэтортамі. Зверху па вуглах апісаны аб’ём дэкараваны акратэрыямі, паміж імі — дэкаратыўныя франтоны; на адным з іх выява скрыжаваных факелаў павернутых агнямі ўніз, на супрацьлеглым — клепсідра (пясочны гадзіннік) з крыламі. Зверху ўрну вянчае лацінскі крыж[1].

Нягледзячы на тое, што фактычна помнік з’яўляецца надмагіллем двух чалавек, асноўная колькасць прадстаўленых на ім сімвалаў адносіцца да асобы Андрэя Снядэцкага, іншыя ці паказваюць на род і шляхецкае паходжанне, ці маюць дачыненне да хрысціянства і смерці. Да ліку першых адносяцца выявы посаха Асклепія і хімічнай лабараторыі, якія ўказваюць на прафесійную дзейнасць памерлага. Цікавай з’яўляецца прысутнасць урабораса — змяі, якая кусае свой хвост, старажытнага сімвала, які азначае калаварот быцця і перараджэнне. Гэта адзіны вядомы нам выпадак яго прысутнасці на беларускіх надмагіллях, таксама, як і выявы хімічнай лабараторыі. Да родавай сімволікі адносіцца герб «Ляліва». Хрысціянская сімволіка і сімвалы, якія маюць дачыненне да смерці і часу, прадстаўлены вельмі шырока. Да іх адносяцца, акрамя традыцыйнага крыжа, выявы маку, клепсідры, перавернутых паходняў. Лісты эўкаліпту ці падобнай да яго расліны ў дадзеным выпадку, верагодна, маюць толькі дэкаратыўны характар. Такім чынам, можна сцвярджаць, што помнік Андрэя Снядэцкага з’яўляецца адным з самых багатых па сваёй сімвалічнай нагрузцы надмагілляў з першай паловы XIX ст. на тэрыторыі Беларусі[1].

Сёння ён знаходзіцца ў добрым стане, страчаны толькі адзін з ракайляў на урне. Эстэтычна неапраўданай была афарбоўка дэкаратыўных элементаў урны каляровымі алейнымі фарбамі яшчэ ў савецкі перыяд, якія на сёння амаль цалкам сцерліся[1].

Зноскі

  1. а б в г д е ё ж з і Сяргей Грунтоў. Помнік Андрэя Снядэцкага ў Гародніках // Беларусь праз прызму рэгіянальнай гісторыі: Ашмяны і Ашмянскі рэгіён. — Мінск: Беларуская навука, 2015. — С. 376—383.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]