Перайсці да зместу

Нажавы тэракт у порце Яфы (2016)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Нажавы тэракт у порце Яфы
Месца нападу Порт Яфы
32°04′37″ пн. ш. 34°45′57″ у. д.HGЯO
Мэта нападу забойства ізраільцян
Дата 8 сакавіка 2016
Спосаб нападу напад на мінакоў
Зброя нож
Загінулыя 1 (+1 нападнік)
Параненыя 11
Колькасць тэрарыстаў 1
Тэрарысты Башар Масалха

8 сакавіка 2016 года 21-гадовы палесцінскі араб з Калькіліі забіў амерыканскага турыста Тэйлара Алена Форса і параніў яшчэ дзесяць чалавек, напаўшы на іх з нажом у порце Яфы, муніцыпалітэт Тэль-Авіў-Яфа, Ізраіль. Нападнік быў застрэлены паліцыяй пасля пагоні па набярэжнай[1][2].

Напад адбыўся ў Яфе падчас сустрэчы віцэ-прэзідэнта ЗША Джо Байдэна з былым прэзідэнтам Ізраіля Шымонам Перэсам у Тэль-Авіве (менш як за 2 км ад месца тэракту). Тэрарыст спачатку напаў на людзей у гавані, а затым накіраваўся да рэстарана, дзе параніў яшчэ чацвярых. Напад доўжыўся некалькі хвілін і скончыўся тым, што нападнік быў застрэлены прыбылай на месца паліцыяй[1].

Падчас тэракту быў смяротна паранены Тэйлар Форс, 28-гадовы грамадзянін ЗША. У дзяцінстве ён быў байскаўтам, дайшоўшы да вышэйшага рангу «скаўта-арла[en]», затым скончыў у 2009 г. Ваенны інстытут Нью-Мексіка[en] і Ўэст-Пойнт, пасля чаго служыў афіцэрам у арміі ЗША. Форс прыняў удзел у аперацыях «Новы світанак» у Іраку і «Нязломная свабода» ў Афганістане; адслужыўшы 5 гадоў, ён звольніўся з войска ў 2014 годзе. Падчас нападу Форс, студэнт MBA, падарожнічаў разам з іншымі студэнтамі Вышэйшай школы менеджменту Оўэна[en] Вандэрбільтаўскага ўніверсітэта, якія вывучалі глабальнае прадпрымальніцтва[3][4].

Апроч Форса, былі параненыя яшчэ 11 чалавек, у тым ліку яго жонка, прахожая цяжарная жанчына, ізраільскі араб і палесцінец, які незаконна пражываў у Ізраілі[5].

Нападнікам аказаўся 21-гадовы Башар Масалха, родам з горада Калькілія, размешчанага ў Палесцінскай аўтаноміі. Ён пражываў у Ізраілі нелегальна. Пасля тэракту сям’я забойцы атрымала штомесячную пенсію ад «Фонду пакутнікаў» Палесцінскай аўтаноміі, якая ў некалькі разоў перавышае сярэднямесячную заработную плату ў гэтым рэгіёне[6].

Пасля гэтага і двух іншых нападаў прэм’ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху правёў кансультацыі па пытаннях бяспекі з міністрам абароны Ізраіля Мошэ Яалонам, міністрам унутранай бяспекі Гіладам Эрданам, начальнікам паліцыі Роні Альшэйхам, а таксама прадстаўнікамі ЦАХАЛ і Шабак. У канцылярыі прэм’ер-міністра заявілі, што было неадкладна вырашана закрыць прабоіны ў раздзяляльным бар’еры ў раёне Іерусаліма і завяршыць будаўніцтва бар’ера ў раёне Таркуміі на поўдні Хеўронскага нагор’я. Было таксама вырашана закрыць за падбухторванне палесцінскія СМІ, выдзеленыя спецыялістамі міністэрства абароны. Акрамя таго, было вырашана адклікаць дазволы на працу ў членаў сем’яў нападнікаў[7].

Ізраільская паліцыя пачала аперацыю па затрыманні палесцінскіх нелегалаў, засяродзіўшы сваю ўвагу на будаўнічых пляцоўках і буйных гандлёвых цэнтрах, дзе часцей за ўсё сустракаюцца нелегальныя працаўнікі. Было затрымана больш за 250 нелегалаў. Паліцыянты выявілі невялікі пасёлак з намётамі для сну, душавымі, туалетам і кухняй, які арабскія нелегалы ўзвялі ля вадзі Бэсор на поўдні Ізраілю, недалёка ад сектара Газа. Паліцыя паведаміла, што на 10 сакавіка 2016 года было арыштавана 15 ізраільскіх працадаўцаў і 12 кіроўцаў[8]. Па даных камітэта Кнэсета па ўнутраных справах і навакольным асяроддзі ад 14 сакавіка, пад кіраўніцтвам Давіда Амсалема (партыя «Лікуд»), з 73 нападаў палесцінскіх тэрарыстаў, якія адбыліся з верасня 2015 года ў межах «зялёнай лініі», 27 былі здзейснены палесцінскімі арабамі-нелегаламі[9].

Прэм’ер-міністр Ізраілю Біньямін Нетаньяху асудзіў тэракт і заявіў: «Ад імя народа Ізраіля я выказваю спачуванні сям’і і сябрам Тэйлара. Няхай яго памяць будзе благаславеннем»[10].

Палесцінскія арганізацыі

[правіць | правіць зыходнік]

ФАТХ, партыя палесцінскага лідара Махмуда Абаса, апублікавала заяву, якая ўсхваляе нападніка як героя і «шахіда», і прадугледжвае, што такія напады будуць працягвацца «да таго часу, пакуль Ізраіль не верыць у рашэнне аб стварэнні дзвюх дзяржаў і спыненні сваёй акупацыі»[11].

Ісламісцкі рух ХАМАС заявіў: «Мы апладыруем смелым нападам у Тэль-Авіве, Іерусаліме і Яфе. Гэты доказ правалу ўсіх змоў, закліканых выкараніць інтыфаду, якая будзе працягвацца да таго часу, пакуль яе мэты не будуць дасягнуты»[12].

Ісламскі джыхад Палесціны далучыўся да ХАМАС, вітаючы напады, і заявіў, што іхні працяг пасылае выразнае паведамленне ўсім, хто сумняваецца, даказваючы, што «інтыфада» працягваецца і становіцца ўсё больш інтэнсіўнай[12].

Віцэ-прэзідэнт ЗША Джо Байдэн раскрытыкаваў палесцінскіх лідараў за неасуджэнне тэракту, учыненага ў кантэксце рада нажавых тэрактаў супраць ізраільцян. «Гвалт, які мы бачылі ўчора, няздольнасць яго асудзіць, рыторыка, якая падбухторвае да гэтага гвалту, адплата, якую ён спараджае, павінны спыніцца», — сказаў Байдэн[11].

Акт Тэйлара Форса

[правіць | правіць зыходнік]

У 2016 годзе ў ЗША сенатары-рэспубліканцы Ліндсі Грэм (ад Паўднёвай Караліны), Дэн Коўтс (ад Індыяны) і Рой Блант (ад штата Місуры) высунулі законапраект, які прапанаваў спыніць амерыканскую эканамічную дапамогу Палесцінскай аўтаноміі датуль, пакуль ПА не зменіць свае законы і не спыніць выплату заробкаў і «дапамог», накіроўваных праз так званы «Фонд шахідаў» тэрарыстам і іхнім сем’ям[13]. 23 сакавіка 2018 года прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам быў падпісаны Акт Тэйлара Форса, паводле якога з сумы, перадаваемай ЗША як дапамога Палесцінскай аўтаноміі, будуць адымацца выплаты тэрарыстам і іхнім сем’ям з боку ПА[14].

  1. а б В результате теракта в Яффо погиб гражданин США Тейлор Аллен Форс (руск.). NEWSru.co.il (9 сакавіка 2016). Архівавана з першакрыніцы 24 жніўня 2023. Праверана 24 жніўня 2023.
  2. Жертва теракта в Яффо: прибыл учиться в Израиль – и был убит (руск.). 7 КАНАЛ (9 сакавіка 2016). Архівавана з першакрыніцы 24 жніўня 2023. Праверана 24 жніўня 2023.
  3. Тело Тейлора Аллена Форса, убитого террористом в Яффо, доставлено в США (руск.). NEWSru.co.il (12 сакавіка 2016). Архівавана з першакрыніцы 24 жніўня 2023. Праверана 24 жніўня 2023.
  4. Mar 8. Message from Chancellor Zeppos on student death in Israel (англ.). Vanderbilt University. Архівавана з першакрыніцы 24 жніўня 2023. Праверана 24 жніўня 2023.
  5. Wootliff, Raoul. Jaffa terror victim was US Army vet, Vanderbilt student (англ.). www.timesofisrael.com. Архівавана з першакрыніцы 24 жніўня 2023. Праверана 24 жніўня 2023.
  6. "Pay for Slay in Palestine". Wall Street Journal [амерыканская англійская]. 2017-03-27. 0099-9660. Архівавана з арыгінала 2023-01-30. Праверана 2023-08-24.
  7. "Israel in security crackdown after attacks". Financial Times. 2016-03-11. Архівавана з арыгінала 2023-08-24. Праверана 2023-08-24.
  8. JNi.Media. More than 250 Illegal Arab Residents Rounded Up Overnight (англ.) (10 сакавіка 2016). Архівавана з першакрыніцы 24 жніўня 2023. Праверана 24 жніўня 2023.
  9. JNi.Media. Knesset Committee Hears Illegal Residents Carried Out 44% of Attacks in ‘Green Line’ Israel (англ.) (14 сакавіка 2016). Архівавана з першакрыніцы 24 жніўня 2023. Праверана 24 жніўня 2023.
  10. i24NEWS (англ.). www.i24news.tv (9 сакавіка 2016). Архівавана з першакрыніцы 11 сакавіка 2016. Праверана 24 жніўня 2023.
  11. а б Biden in Israel blasts Palestinian leader for not condemning stabbing attack that killed American Taylor Allen Force - CBS News (англ.). www.cbsnews.com (9 сакавіка 2016). Архівавана з першакрыніцы 9 студзеня 2019. Праверана 24 жніўня 2023.
  12. а б Hamas celebrates murder of American tourist (англ.). Israel National News (9 сакавіка 2016). Архівавана з першакрыніцы 24 жніўня 2023. Праверана 24 жніўня 2023.
  13. Senators introduce Taylor Force Act to cut terror attack funding (англ.). https://www.kcbd.com (29 верасня 2016). Архівавана з першакрыніцы 27 студзеня 2021. Праверана 24 жніўня 2023.
  14. Президент США утвердил акт Тейлора Форса о сокращении помощи ПА (руск.). NEWSru.co.il (23 сакавіка 2018). Архівавана з першакрыніцы 24 жніўня 2023. Праверана 24 жніўня 2023.