Назоўнікі англійскай мовы

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Назоўнікі англійскай мовы (English nouns) - гэта часціны англійскай мовы, якія абазначаюць прадметы, з'явы і абстрактныя паняцці. Як і ў іншых мовах свету, яны дзеляцца на ўласныя - імёны людзей, мянушкі жывёл, назвы гарадоў і інш. і агульныя. Англійскія назоўнікі маюць граматычныя катэгорыі роду, ліку і склону.

Катэгорыя роду[правіць | правіць зыходнік]

Усе назоўнікі, якія абазначаюць жывых істот мужчынскага ці жаночага полу, адносяцца да мужчынскага і жаночага роду (masculine and feminine). Большасць астатніх слоў адносяцца да ніякага роду (neuter). Есць словы, якія можна аднесці да агульнага роду (common gender), па прычыне таго, што яны абазначаюць асоб і мужчынскага, і жаночага полу; напрыклад, англійскае слова friend можна перакласці і "сябар", і "сяброўка". У такіх выпадках пол істоты, да якой адносіцца назоўнік агульнага роду, адрозніваюць з дапамогай дадатковых слоў: man servant (слуга), woman driver (жанчына-вадзіцель), tom-cat (кот), she-goat (каза).

Шэраг назоўнікаў, якія адносяцца да ніякага роду, могуць замяняцца на займеннік жаночага роду she (яна): ship (карабель), іншыя водныя транспартныя сродкі і car (аўтамабіль)[1]. Так, у фільме "Тытанік" Дж. Камерона аднайменны карабель называлі і словам it (яно), і словам she. Пад гэта ж правіла падпадае назва краіны, горада[2]. Выкарыстанне займенніка she ў дачыненні да неадушаўлёных прадметаў і з'яў паказвае прыязныя адносіны суб'екта гаворкі да гэтых прадметаў і з'яў (напрыклад, любоў да радзімы). Назвы жывёл і слова baby (дзіця) звычайна таксама ніякага роду, але могуць ставіцца ў жаночы ці мужчынскі род адпаведна полу істоты.

Катэгорыя склону[правіць | правіць зыходнік]

Назоўнікі англійскай мовы могуць ставіцца толькі ў 2 склоны: агульны (common case) і прыналежны (possesive/genitive case). Апошні перадае прыналежнасць каму-небудзь (чаму-небудзь) пэўнага прадмету (з'явы): the officer's car - "машына гэтага афіцэра", слова car стаіць у агульным склоне, а officer - у прыналежным. Прыналежны склон выражаецца даданнем назоўніку апострафа (калі слова заканчваецца на літары s, z i x) (Burns' poems - вершы Бернса) ці апострафа з літарай s (ва ўсіх астатніх выпадках) (children's toys - цацкі дзяцей). Большасць назоўнікаў, якія абазначаюць неадушаўлёныя прадметы і з'явы ці абстрактныя паняцці, ставяцца толькі ў агульны склон, але паняцці, звязаныя з вымярэннем часу, адлегласці, геаграфічныя назвы могуць ставіцца ў прыналежны склон[3]: a day's wait (чаканне працягам у цэлы дзень).

Катэгорыя ліку[правіць | правіць зыходнік]

У сучаснай англійскай мове ўсе назоўнікі можна падзяліць на адзіночналікавыя (uncountable nouns) і множналікавыя (countable nouns). Апошнія дзеляцца на словы, якія маюць адзіночны лік, і якія маюць толькі форму множнага ліку.

Адзіночналікавыя назоўнікі[правіць | правіць зыходнік]

Рэчыўныя назоўнікі (якія абазначаюць рэчывы - water - вада) і назоўнікі, якімі выражаецца большасць абстрактных паняццяў, звычайна не ставяцца ў множны лік, і таму з'яўляюцца адзіночналікавымі. Многія такія назоўнікі можна паставіць у множны лік, каб перадаць ідэю розных відаў рэчыва альбо з'явы (cheeses - сыры (розных сартоў), moneys - валюты розных краін, а не грошы ўвогуле, businesses - розныя віды бізнесу) ці порцыю рэчыва (We ordered two beers and an ice-cream - Мы замовілі два піва і адно марожанае). Некаторыя назоўнікі з'яўляюцца адзіночналікавымі, калі абазначаюць цэлае ці больш шырокае паняцце, і множналікавымі, калі перадаюць ідэю часткі цэлага: brick - a brick (цэгла - цагліна), paper - a paper (папера - дакумент, газета), society - a society (грамадства - таварыства, клуб). Як і ў беларускай мове, рэчыўныя назоўнікі могуць быць множналікавымі, калі перадаюць стылістычную ідэю мноства рэчыва ці яго працяжнасць, бясконцасць: sands of the Sahara - пяскі Сахары, the blue skies of Italy - блакітныя нябёсы Італіі[4]. Назвы навук, якія заканчваюцца на -ics (mathematics -матэматыка), звычайна разглядаюцца як адзіночналікавыя[5], але ў некаторых выпадках яны могуць ставіцца з дзеясловамі множнага ліку[6].

Некаторыя назоўнікі англійскай мовы ніколі не ставяцца ў множны лік, у адрозненні ад іх беларускіх эквівалентаў: news (навіна - навіны), knowledge (веданне - веды), advice (парада - парады).

Множны лік[правіць | правіць зыходнік]

Звычайна назоўнікі англійскай мовы ставяцца ў множны лік з дапамогай суфікса s (альбо es, калі назоўнік заканчваецца літарамі і спалучэннямі літар, якія перадаюць гукі "с", "з", "ч" "ш" ці пасля галосных). Пры гэтым пасля глухіх зычных суфікс s(es) перадае гук "с" (plates (талеркі)), пасля звонкіх зычных і галосных - гук "з" (flags (сцягі)), а пасля шыпячых і свісцячых гукаў гэты суфікс чытаецца "із". У складаных назоўніках суфікс s(es) можа надавацца розным кампанентам: merry-go-rounds (каруселі), commanders-in-chief (галоўнакамандуючыя).

Некаторыя літары на канцы назоўніка могуць мяняцца пры даданні суфікса множнага ліку. Напрыклад, літара "у" пасля зычных замяняецца літарамі "іе": city - cities (горад - гарады); пасля галосных літара "у" не мяняецца, бо абазначае не гук "і", а "й": day -days (дзень - дні). Падобным чынам літара "f" у некаторых словах, такіх як wife (жонка), wolf (воўк), knife (нож) замяняецца на "v" - wives, wolves, knives.

У сучаснай англійскай мове існуюць назоўнікі з нестандартнай формай множнага ліку. Некаторыя з іх, напрыклад, маюць аднолькавую (аманімічную) форму адзіночнага і множнага ліку: sheep (авечка - авечкі), grouse (курапатка - курапаткі), works (завод - заводы), means (сродак - сродкі). Словы works і means могуць складаць цяжкасці пры перакладзе, бо works - гэта і множны лік назоўніка work (у сэнсе "твор (пісьменніка), праца (навуковая)", а не работа ўвогуле), і адзіночны і множны лік слова "завод", і форма простага цяперашняга часу 3-й асобы адзіночнага ліку дзеяслова work - "працуе". Такім жа чынам means - гэта не толькі сродак і сродкі, але і форма простага цяперашняга часу 3-й асобы адзіночнага ліку дзеяслова mean "значыць; мае намер". Звычайна лік такіх назоўнікаў можна вызначыць з дапамогай кантэксту.

Многія іншыя прыклады назоўнікаў з нестандартным множным лікам можна сістэматызаваць у табліцу:

Адзіночны лік Множны лік
man (мужчына) men (мужчыны)[7]
child (дзіця) children (дзеці)
mouse (мышь) mice (мышы)
crisis (крызіс) crises (крызісы)
antenna (антэна) antennae (антэны)[8]
phenomenon (з'ява) phenomena (з'явы)
curriculum (вучэбная праграма) curricula (вучэбныя праграмы)[9]
plateau (плато) plateaux (плато)[10]
Rom (цыган) Roma (цыгане)
person (чалавек) people (людзі)[11], рэдка - persons
penny (пені) pennies (некалькі манет вартасцю ў адзін пені кожная), pence (манета вартасцю у некалькі пенсаў (=пені))

Сярод назоўнікаў англійскай мовы існуюць некаторыя множналікавыя назоўнікі, якія не маюць адзіночнага ліку. Да гэтай групы адносяцца абазначэнні парных прадметаў: trousers (штаны), scissors (нажніцы). У гэтай групе таксама есць словы, якія з'яўляюцца амонімамі множнага ліку назоўнікаў, якія ў сваю чаргу ставяцца ў адзіночны лік. Гэтыя амонімы адрозніваюцца значэннем і складаюць некаторыя цяжкасці пры перакладзе

Назоўнік Форма множнага ліку пры наяўнасці адзіночнага Аманімічны множналікавы назоўнік з адсутнасцю формы адзіночнага ліку
carrots маркоўкі кароткія рыжыя валасы
forces сілы армія
colours колеры сцяг
glasses шклянкі акуляры
manners спосабы дзеяння манеры паводзін
morals урокі, маралі (баек) стандарты паводзін
minutes хвіліны стэнаграма
quarters чвэрці жыллё, памяшканне
tails хвасты фрак
draughts скразнякі шашкі (гульня)[12]

Зборныя назоўнікі[правіць | правіць зыходнік]

Шэраг назоўнікаў англійскай мовы абазначаюць групы людзей і з'яўляюцца зборнымі: family (сям'я), army (армія), government (урад). У брытанскім варыянце англійскай мовы яны лічацца назоўнікамі адзіночнага ліку, калі разглядаюцца як цэлае - My family is very united (Мая сям'я вельмі дружная). Але ў кантэксце дзеянняў кожнага члена групы паасобку зборныя назоўнікі нават у адзіночным ліку ставяцца з дзеясловамі множнага ліку - My family have just gathered in the room ("Мая сям'я толькі што сабралася ў пакоі" альбо "Члены маёй сям'і толькі што сабраліся ў пакоі"), непажадана замяняць дзеяслоўную канструкцыю have just gathered на яе форму 3-й асобы адзіночнага ліку has just gathered. Пры гэтым зборныя назоўнікі police (паліцыя), cattle (скаціна) і people (людзі) разглядаюцца толькі як назоўнікі множнага ліку: the police are looking for the terrorists (паліцыя шукае тэрарыстаў) нельга сказаць the police is looking for the terrorists. У амерыканскім варыянце англійскай мовы есць тэндэцыя выкарыстоўваць зборныя назоўнікі толькі з дзеясловамі множнага ліку.

Сінтаксічная роля назоўнікаў[правіць | правіць зыходнік]

Часцей за ўсе назоўнік англійскай мовы выступае ў сказе ў ролі дзейніка: Life is great! (Жыццё цудоўнае!). Яшчэ адна распаўсюджаная роля назоўніка ў сказе - дапаўненне: I read books (Я чытаю кнігі). Шырокае распаўсюджанне маюць камбінацыі з двух і больш назоўнікаў (noun+noun, N+N), у якіх апошні звычайна з'яўляецца дзейнікам альбо дапаўненнем, а папярэдні (ці папярэднія) выковаюць сінтаксічную функцыю азначэння: tuition fee (плата за навучанне), work schedule (графік работы/рабочы графік). Як бачна на вышэй прыведзеных прыкладах, перакладаць такія камбінацыі назоўнікаў на беларускую трэба пачаўшы з апошнягя слова, пры неабходнасці дадаваць прыназоўнікі. Пры гэтым у некаторых выпадках магчымы пераклад назоўніка ў функцыі азначэння прыметнікам беларускай мовы, як у прыкладзе "work - работа і рабочы"[13]. Магчыма выкарыстанне назоўніка ў ролі часткі складанага дапаўнення (Complex object) (they elected him president - (яны) яго абралі прэзідэнтам), складанага дзейніка (Complex subject) (He was appointed chairman - яго прызначылі старшынём), акалічнасці (He spoke in a different tone - Ен гаварыў іншым тонам), прэдыкатыўнага члена складанага выказніка (I am a teacher - Я настаўнік), прыдатка (My brother, a businessman, works too much - Мой брат, бізнесмен, надта шмат працуе).

Зноскі

  1. Krylova I.P., Gordon E.M. A Grammar of Present-day English. Practical Course. 12th edition М.:"КДУ", 2008, с.260, §2
  2. У выдадзеным на англійскай мове перакладзе "Біблія караля Якава" займеннікі 2 асобы, жаночага роду she і her выкарыстоўваліся да горада Ерусаліма і гары Сіен
  3. Krylova I.P., Gordon E.M. A Grammar of Present-day English. Practical Course. 12th edition М.:"КДУ", 2008, с.266, §16
  4. Krylova I.P., Gordon E.M. A Grammar of Present-day English. Practical Course. 12th edition М.:"КДУ", 2008, с.263, §12
  5. R. Murphy English Grammar in Use. 2nd edtion, Unit 78, p. 156
  6. Krylova I.P., Gordon E.M. A Grammar of Present-day English. Practical Course. 12th edition М.:"КДУ", 2008, с.262, §9
  7. Па таму ж правілу ставяцца ў множны лік словы policeman (паліцейскі), Englishman (англічанін) і іншыя складаныя назоўнікі, ў якіх кампаненты man і woman азначаюць "мужчына" і "жанчына"
  8. Магчымы варыянт antennas. Гл. словарь Мультитран
  9. Магчымы варыянты phenomenons i curriculums. Гл. Krylova I.P., Gordon E.M. A Grammar of Present-day English. Practical Course. 12th edition М.:"КДУ", 2008, с.262, §7
  10. Магчымы варыянты plateau і plateaus. Гл. словарь Мультитран
  11. Не трэба блытаць з амонімамі a people - peoples, якія перадаюць значэнне "народ -народы"
  12. Табліца складзена на падставе распрацоўкі, апублікаванай на англійскай мове ў даведніку: Krylova I.P., Gordon E.M. A Grammar of Present-day English. Practical Course. 12th edition М.:"КДУ", 2008, с.263, §11
  13. Больш інфармацыі аб правілах літаратурнага перакладу спалучэнняў з некалькіх назоўнікаў можна знайсці ў падручніку: Слепович В. С. Курс перевода. Русский-английский. Мн.:"ТетраСистемс", 2001, с.58-70