Найвышэйшая рада БНР

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Найвышэйшая Беларуская Рада)
Найвышэйшая рада БНР
Краіна
Тып арганізацыі заканадаўчая ўлада
Кіраўнік Язэп Юр’евіч Лёсік

Найвышэйшая рада Беларускай Народнай Рэспублікі — орган прадстаўнічай улады БНР, створаны 14 снежня 1919 года ў Менску пасля расколу Рады БНР праз супярэчнасці паміж яе дзеячамі па пытанні аб адносінах да Польшчы (Гл. таксама: Народная рада БНР).

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Язэп Лёсік, старшыня Найвышэйшай рады БНР

Прадстаўнікі Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р) і Беларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў (БПС-Ф) абвінавачвалі сацыял-дэмакратычнае кіраўніцтва Рады БНР у згодніцтве і супрацоўніцтве з польскімі акупацыйнымі ўладамі. У выніку бальшыня Рады (50 чалавек) засталася, стала неафіцыйна звацца Народнай радай Беларускай Народнай Рэспублікі, а меншыня (37 чалавек) выйшла з яе складу і стала называць сябе Найвышэйшай Радай БНР.

Старшынёй Найвышэйшай Рады БНР быў абраны Язэп Лёсік, які дагэтуль узначальваў Раду БНР. У прэзідыум увайшлі Сымон Рак-Міхайлоўскі, Ян Серада, Аляксандр Уласаў, Кузьма Цярэшчанка. Былі пацверджаныя паўнамоцтвы Антона Луцкевіча ў якасці старшыні Рады Міністраў. Польскія ўлады прызналі Найвышэйшую раду, аднак мала лічыліся з ёй. Гэта прымусіла Антона Луцкевіча 28 лютага 1920 года адмовіцца ад пасады старшыні Рады Міністраў.

Пасля падпісання польска-беларускай дамовы 24 сакавіка 1920 года (афіцыйная назва — «Прапановы супольнай канферэнцыі прадстаўнікоў Беларусі і прадстаўнікоў польскага ўрада», падпісаныя з беларускага боку Вацлавам Іваноўскім і Аркадзем Смолічам) Рада атрымала фінансавыя датацыі, што прывяло да істотнага росту яе ўплыву — праз стварэнне апарату і новыя магчымасці працаўладкавання для беларускіх дзеячаў у Менску. У чэрвені 1920 года Найвышэйшая рада БНР патрабавала ад Польшчы прызнаць незалежнасць БНР, мяркуючы што да выбараў Устаноўчага сойма Беларусі будзе знаходзіцца пад пратэктаратам Лігі Нацый.

З пачаткам наступлення бальшавікоў бальшыня сяброў Найвышэйшай рады БНР эвакуявалася ў Польшчу. Сярод іх пачаліся супярэчнасці. Прыхільнікі супрацоўніцтва з польскім урадам падтрымалі «бунт» Люцыяна Жалігоўскага і ўтварэнне Сярэдняй Літвы. У Варшаве быў створаны Беларускі палітычны камітэт пад кіраўніцтвам Паўла Алексюка, які пазней выконваў функцыі «беларускага ўрада» пры Станіславу Булак-Балаховічу ў часе ягонага Палескага паходу.

Зразумеўшы памылковасць арыентацыі на Польшчу, сацыял-дэмакраты прынялі ўдзел у нацыянальна-палітычнай нарадзе 20 кастрычніка 1920 года ў Рызе, якую праводзілі БПС-Р і БПС-Ф. Сябра прэзідыума Найвышэйшай рады Кузьма Цярэшчанка ад яе імя прызнаў гэтак званую Народную раду БНР (ці проста Раду БНР) адзіным паўнамоцным прадстаўніком беларускага народа. Найвышэйшая рада спыніла сваё існаванне.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]