Нальшчаны

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Нальшчаны, Нальшаны — гістарычная вобласць раннесярэдневяковай Прыбалтыкі, а пазней Вялікага Княства Літоўскага.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Успамінаецца ў «Лівонскай рыфмаванай хроніцы» пры апісанні паходаў лівонскіх рыцараў 1229 і 1247 гадоў, як зямля Nalsen, змешчаная паміж уладаннямі Лівонскага ордэна і Літвы («durh Nalsen kein Litowen» — праз Нальшчаны да Літвы). Паводле найбольш пашыранага меркавання даследчыкаў, тэрыторыя Нальшчанаў прыблізна суадносіцца з абшарамі Аўкштайцкага і Свянцянскага ўзвышшаў (Łowmiański, 1983; Benninghoven, 1965), якія ў позніх беларуска-літоўскіх летапісах успамінаюцца пад назвай «Завілейская Літва».

У сярэдзіне XIII ст. Нальшчаны былі асобным княствам, палітычна залежным ад вялікага князя літоўскага Міндоўга. У грамаце Міндоўга ад 1260 года (лічыцца падробленай, але подпісы на ёй напэўна захаваліся з сапраўднага прататыпу) прыгадваецца яго родзіч Гердзень Нальшчанскі (Gerdine de Nailsa). Аўтар «Апісання земляў» (Дублінская хроніка) другой паловы XIII ст., які прысутнічаў на каранацыі Міндоўга, упамінаў Нальшчаны (Nalsani) побач з Літвой, Яцвяззю і Жамойцю[1].

У Іпацьеўскім летапісе Нальшчаны прыгадваюцца двойчы — у 1258 годзе татары наступам з поўдня паслядоўна «воеваша земли Литовьскую и Нальшчаньскую», а ў 1264 годзе Войшалак, які заняў спачатку бацькоўскімі ўладаннямі ў Літве, рушыў на скарэнне мяцежных Нальшчанаў і Дзевалтвы.

Нальшчаны як «правінцыя» «Літвы» (Вялікага Княства Літоўскага) успамінаюцца ў 1268 годзе, калі пад пратэктарат рыжскага архібіскупа перайшоў літоўскі нобіль Суксэ «з правінцыі Нальшчаны» (Nalsen). Відавочна, пасля паходу Войшалка ў 1264 годзе, Нальшчаны трапілі пад непасрэдны кантроль вялікага князя літоўскага і страцілі палітычную незалежнасць. З гэтага часу яны альбо разглядаліся проста як часткі «Літвы», альбо ахопліваліся абагульняльным паняццем Аўкштайція ў заходнееўрапейскіх лацінамоўных і нямецкамоўных крыніцах.

Герман з Вартберга ў 1375 годзе называе ў «зямлі літоўцаў» шэраг паселішчаў на тым абшары, дзе раней, магчыма, знаходзіліся Нальшчаны — Больнікі, Дубінкі, Гедройці, Малаты, Таўрагіні, Уцяну, Шашолы.

Частка даследчыкаў выказвае меркаванне, што Нальшчаны маглі знаходзіцца на тэрыторыі сучаснай Латвіі (дзе меліся сугучныя геаграфічныя назвы Nalseni і Sellia).

Дарчая грамата Міндоўга ад 1255 году Лівонскаму ордэну успамінае вобласць Малэйсіна (Maleysine) у Селоніі (Selen): «magistro et fratribus in Lyvonia terram, que Selen dicitur, videlicet Meddene, Pelone, Maleysine, Thovraxe, cum suis attinenciis, duximus assignandam, perpetuo libere possidendam. In cuius itaque facti perhennem memoriam presentem paginam sigilli nostri munimine fecimus roborari. Datum anno Domini MCCLV, mense octobris» [2].

У дакуменце дацкага караля Эрыка Менведа ад 1298 года тэрыторыя пад назвай Nalexe, падуладная Рыжскаму архібіскупу, узгадваецца ў тым жа кантэксце, што і тэрыторыя пад назвай Semigallia. Паводле Пскоўскага летапісу «В лето 6876 (1368) рать Немецкая у Велья из Налесья была…» (сяло Велле месціцца на ўсход ад горада Пыталава Пскоўскай вобласці).

Тэадор Нарбут у 4 томе сваёй «Гісторыі літоўскага народу» (на польскай мове) піша, што Нальшанскае княства належыла князю Даўмонту (Арвіду) Эрдзівілавічу — пляменніку Міндоўга. Ён быў жанаты на сястры каралевы Марты, жонцы Міндоўга. Пазней ён актыўна ўдзельнічаў у забойстве самога Міндоўга. Загінуў Даўмонт Эрдзівілавіч падчас паходу на рускія землі ў 1285 годзе. На старонцы 328 Т. Нарбут апавядае, што Пялас у Нальшанскім княстве устройваў вяселле для сваёй дачкі, якое мусіла адбыцца ў замку Вяйсеяй (Wiesieje, цяпер Veisiejai ў сучаснай Літве). Аднак здраднік Пялюза, які тым часам жыў у Кёнігсбергу, прывёў крыжакоў пад замак свайго дзядзькі, знатныя госці былі забітыя, а скарбы і палонныя вывезены ў Кёнігсберг.

Зноскі

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Вольтер Э. А. Где искать землю Нальщанскую Ипатьевской летописи // Журнал министерства народного просвещения, 1900, № 5, с. 195—201.
  • Насевіч В. Нальшчаны // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя ў 2 тамах. Т.2. — Мінск: БелЭН, 2006. С. 344.
  • Zabiela G. Nalšia Lietuvos valstybės kūrimosi išvakarėse // Rytų Lietuva: istorija, kultūra, kalba. — Vilnius, 1992. — S. 20.
  • Łowmiański H. Geografia polityczna Bałtów w dobie plemiennej // Lituano-Slavica Posnaniensia. Studia Historica. I. Poznań, 1985.
  • Narbutt T. Dzieje starożytne narodu litewskiego.- Wilno 1838.