Налібоцкая шкляная мануфактура

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Налібоцкая шкляная мануфактура — мануфактура князёў Радзівілаў, якая існавала ў вёсках Налібакі (1717—1866) і Янкавічы (шліфавальны цэх, да 1798), цяпер Стаўбцоўскі раён Мінскай вобласці.

Адна з найстарэйшых мануфактур у Беларусі. Створана на высокім тэхнічным узроўні на ўзор Дрэздэнскай мануфактуры.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Налібоцкая шкляная мануфактура была заснаваная Ганнай Кацярынай Радзівіл. У 1722 годзе яна адправіла свайму камісару (гандлёваму прадстаўніку) у Круляўцы дэпешу з паведамленнем, што «гута ў Налібаках упэўнена стаіць на нагах». Там жа змяшчаўся і наказ неадкладна паведаміць, якія канкрэтна вырабы са шкла карыстаюцца на прускіх землях павышаным попытам.

На пачатковым этапе дзейнасці мануфактуры там працавала ўсяго некалькі замежных майстроў. Вядомасцю ў асяродку еўрапейскіх шкларобаў карыстаўся Францішак Фрэмель. У чэрвені 1725 года ён настояў на закладцы новага будынка гуты, у якім печ для выплаўкі шкла была пабудавана згодна з ягонымі інструкцыямі. З таго часу якасць прадукцыі Налібоцкай мануфактуры змянілася ў лепшы бок, у яе асартыменце, акрамя шкляных вырабаў, з’явіўся і хрустальны посуд.

Адзін з неабходных складнікаў шкла — паташ — давала Налібоцкая пушча. Яго здабывалі з попелу. А вось беларускі пясок для гэтай вытворчасці не падыходзіў: у ім шмат жалеза, пры яго выкарыстанні атрымаецца шкло зялёнага бутэлькавага колеру, непрывабнае для посуду. Таму прыходзілася карыстацца спецыяльна прывезеным пяском[1].

Келіх, 1730-я гады. Паштовая марка Беларусі

Мануфактура мела варачную печ, 2 печы для загартоўкі шкла, 2 люстэрні, 16 станкоў, паташню на 12 чанаў, кузню, ганчарню, сталярню, рысавальню, 2 шліфавальні; дзейнічаў вадзяны рухавік. Выпускала больш за 100 назваў высокамастацкіх вырабаў, у тым ліку хрусталь, люстэркі, люстры для сцен і столі, жырандолі і падсвечнікі, посуд (шклянкі, чаркі, келіхі, бакалы, куляўкі, барылкі, бутэлькі-штофы і інш.), дробную пластыку, дзіцячыя цацкі, лямпы, гранёнае і аконнае шкло, тыглі для плаўкі шкла, а таксама шліфаваныя і гутныя аздобы для вырабаў Урэцкай шкляной мануфактуры («зоркі», «пірамідкі», «дубовае лісце», «лілеі», «званочкі» і інш.).

Налібоцкае шкло было самым папулярным сярод ліцвінскай шляхты. У 1747 годзе ў Налібаках было выраблена 1800 кілішкаў, 1200 шклянак, 700 бутэлечак[2]. У 1778 годзе працавала больш за 100 рабочых. У 1866 годзе выраблена 56 тыс. шклянак і штофаў.

Недзе ў сярэдзіне XIX стагоддзя гута была закрыта. Паводле адных крыніц, прычынай паслужыў пажар, які начыста знішчыў будынкі, а паводле іншых — у выніку скасавання прыгоннага права.

Налібоцкае шкло[правіць | правіць зыходнік]

Вырабы стваралі з каляровага і бясколернага шкла, варылі рэдкае рубінавае шкло, якое афарбоўвалі калоідным золатам паводле нямецкай тэхналогіі XVII ст. Посуд аздаблялі гравіраваннем, шліфоўкай, контррэльефнай матавай разьбой, ніцямі рубінавага шкла, міжсценным залачэннем, размалёўкай золатам, срэбрам, плацінай, накладнымі (адлітымі па васковай мадэлі і разнымі) рэльефнымі медальёнамі-камеямі з партрэтнымі выявамі і інш. У гравіраваных шрыфтавых дэкорах трапляюцца жартоўныя надпісы-парады, пажаданні, вершы. Сярод выяўленчых дэкораў сустракаюцца міфалагічныя і алегарычныя сюжэты, паляўнічыя сцэны, партрэты, гербы, арабескі, краявіды, выявы птушак, сабак; адлюстроўваліся самабытныя з’явы побыту, жартаў, забаў, сатырычныя сцэны з заняткаў мясцовых жыхароў і інш. Каляровы посуд ствараўся ў традыцыйных формах. Вырабы былі розных колераў: цёмна-сіняга, блакітнага, зялёнага, мятнага, жоўтага, чорнага, малочнага, рубінавага. Рэцэпты шкла ўдасканальваліся. Мянялася і мода. Налібоцкія майстры распрацавалі свой фірмовы тып келіха — чаша-звон, у аснове якой была дэкарацыя з трох бурбалак.

Рысавальшчыкамі і гравіроўшчыкамі былі беларусы; замежныя (пераважна саксонскія) майстры займаліся тэхналагічнымі працэсамі. Склаліся мясцовыя дынастыі майстроў шкляной справы, самымі вядомымі былі Дубіцкія.

Узоры ўрэцка-налібоцкага шкла маюцца ў экспазіцыі Замкавага комплексу Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Нясвіж». Таксама налібоцкае шкло прадстаўлена ў музеях Кіева, Львова, Пецярбурга, Варшавы, Кракава, Прагі, Берліна і ў прыватных калекцыянераў у ЗША, Канадзе, Швецыі, Японіі[3].

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]