Намбудыры

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Намбудыры падчас набажэнства

Намбудыры (малаял.: നമ്പൂതിരി) — вышэйшая каста брахманаў у Керале. Агульная колькасць у Індыі (2019 г.) — 95 000 чалавек.

Згодна з паданнямі, продкі намбудыры былі пераселены на поўдзень Індыі воінам Парашурама, аватарам Вішну. Найбольшага ўплыву яны дасягнулі паміж XII ст. і XVIII ст., калі храмавыя гаспадаркі атрымоўвалі шчодрыя зямельныя падараванні ад свецкіх валадароў. Намбудыры перадавалі зямлю ў арэнду прадстаўнікам ніжэйшых каст. Галоўным заняткам было набажэнства. Намбудыры фармальна лічыліся вышэйшымі па статусу за валадароў з іншых каст, а таму выконвалі функцыі палітычных пасрэднікаў. Многія аказвалі медыцынскую дапамогу, развівалі аюрведу.

Намбудыры звычайна жылі пашыранымі сем’ямі ў маёнтках ілам недалёка ад храма, які апекавалі. У адрозненне ад іншых малаялі, яны вялі адлік сваяцтва па бацькоўскай лініі. Спадчына перадавалася выключна старэйшаму сыну, які быў абавязаны ажаніцца з жанчынай з яго касты. Малодшыя сыны часам маглі ўступаць у шлюбныя зносіны з прадстаўніцамі наяраў і амбалавасі, аднак стала з такімі жонкамі не жылі. У мінулым была шырока распаўсюджана палігінія.

У XVIII ст. у Кералу былі запрошаны брахманы з суседняга Тамілнада. Яны паступова склалі канкурэнтную групу святароў. Зямельная рэформа 1969 г. прывяла да ліквідацыі буйных землеўладанняў і збяднення значнай часткі намбудыры.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]