Наньчжаа

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку
Гістарычная дзяржава
Наньчжаа
南诏
Nanzhao.png
738 — 902

Сталіца Тайхэ
Афіцыйная мова Бай (мова)
Рэлігія культ продкаў, будызм
Форма кіравання манархія
Commons-logo.svg Наньчжаа на Вікісховішчы

Наньчжаа (кіт.: 南诏) — старажытная дзяржава ва Усходняй Азіі (738902 гг.), палітычны цэнтр якой месціўся на захадзе сучаснай кітайскай правінцыі Юньнань.

Заснаванне[правіць | правіць зыходнік]

У канцы VII — першай палове VIII ст. вакол возера Эрхай на захадзе Юньнані склалася некалькі дзяржаўных утварэнняў чжаа. Да 738 г. Пілоўгэ, правадыр чжаа з паўднёвага берага Эрхай, аб'яднаў іх у адзіную дзяржаву і атрымаў ад дынастыі Тан тытул князя (гонг), а яго дзяржава пачала звацца Наньчжаа (літаральна «паўднёвае чжаа»). Яе сталіцай стаў горад Тайхэ на паўднёва-заходнім беразе.

У нашы дні юньнаньскія народы бай і йі імкнуцца сцвердзіць тое, што заснавальнікамі дзяржавы Наньчжаа былі іх продкі. Гэта традыцыя першапачаткова сфарміравалася дзякуючы брытанскаму гісторыку Ч. П. Фіцджэральду і толькі потым трапіла ў кітайскую гістарыяграфію. Ён узяў за аснову паведамленне кітайскіх гісторыкаў пра дзяржаўнае ўтварэнне народа куан ў Юньнане, разгромленае ў 602 г. дынастыяй Суй. Пасля паразы куан падзяліліся на «белую» і «чорную» часткі. Ч. П. Фіцджэральд атаесамляў першых з бай, другіх — з йі. Аднак, згодна запісам эпохі Тан, першая валадарская дынастыя Наньчжаа паходзіла ад народа айлаа, а не куан. Нашчадкам айлаа лічыцца народ тай.

Знешняя палітыка[правіць | правіць зыходнік]

Наньчжаа знаходзілася ў зоне гандлёвых і палітычных інтарэсаў 2 тагачасных буйных імперый — Тан і Вялікага Тыбета, таму яе валадарам даводзілася лавіраваць для захавання самастойнасці. Вядома, што Пілоўгэ накіроўваў свае пасольствы ў Лхасу і Чан’ань. Яго сын Гафэн адкрыта пагражаў Тан перайсці на бок Тыбета, калі кітайскі імператар не даруе яму напад на свайго намесніка. У 754 г. ён сапраўды заключыў саюз з Тыбетам, які цягнуўся да 794 г. і быў разарваны яго пераемнікам, што вярнуўся да саюза з Тан.

У гэтых саюзах валадары Наньчжаа былі вымушаны прызнаваць сябе падданымі, што падкрэслівалі іх тытулы, заўсёды ніжэйшыя за манархаў Тан і Тыбета. Яны выплачвалі даніну і ўдзельнічалі ў ваенных кампаніях на баку вышэйшага саюзніка. Аднак дзякуючы саюзам з болей моцнымі дзяржавамі межы іх асабістай дзяржавы паступова пашыраліся. Заўважна, што валадары Наньчжаа імкнуліся ў першую чаргу падпарадкаваць тэрыторыі на гандлёвых шляхах паміж Тыбетам, Кітаем і Паўднёва-Усходняй Азіяй. У 763 г. Гафэн пачаў заваяванне рэчышча Іравадзі, дзе развівалася цывілізацыя П’ю.

Найбольшых поспехаў армія Наньчжаа дасягнула ў першай палове IX ст., калі былі далучаны некалькі суседніх горных дзяржаў і землі ўздоўж Іравадзі. У 846 г. Наньчжаа адкрыта выступіла супраць імперыі Тан у вайне за выхад да Паўднёва-Кітайскага мора. Канфлікт цягнуўся да 877 г., але ў выніку не прынёс плёну. Моц манархаў была вельмі саслаблена. Тым не меней, валадар Луншунь адважыўся ў 880 г. пасватацца да дачкі кітайскага імператара. Хоць ён атрымаў згоду, шлюб не адбыўся. Яго брат і пераемнік Шуньхуачжэнь прыняў будызм у якасці афіцыйнай рэлігіі і абвясціў сябе махараджам. Гэты тытул прыраўноўваў яго да імператара. Але пасля яго смерці прыдворны Чжэн Майсі забіў усіх яго сваякоў і захапіў уладу. Дзяржава Наньчжаа распалася.

Унутраны лад[правіць | правіць зыходнік]

Большасць звестак пра гісторыю Наньчжаа прыйшлі з кітайскіх крыніц. Многія з іх занатоўваліся ў эпоху Тан, але дайшлі да нашага часу ў пазнейшых спісах. Таму звесткі пра ўнутраны лад старажытнай дзяржавы значна трансфармаваны, паколькі адлюстроўваюць разуменне кітайскіх пісьменнікаў.

Наньчжаа была манархічнай дзяржавай. Яе кіраўнікі адносілі сябе да дынастыі Мэнь з народа айлаа. У 816 г. адбыўся пераварот, калі ўладу захапіў прыдворны Вань Куадзянь. Ён кантраляваў прызначэнне манархаў да сярэдзіны IX ст., пакуль не быў забіты чарговым валадаром. Пераварот 902 г., здейснены прыдворным Чжэн Майсі, скончыўся поўнай ліквідацыяй дынастыі Мэнь і распадам адзінай дзяржавы.

Тытул манархаў, якім карысталіся знутры Наньчжаа, не вядомы. Захаваліся тытулы, якія яны атрымоўвалі ад дынастыі Тан або валадароў Вялікага Тыбета. Пілоўгэ, заснавальнік Наньчжаа, карыстаўся танскім тытулам гонг, які адлюстроўваў яго мясцовае правадырскае паходжанне, але ў далейшым валадары Наньчжаа называліся болей высокім тытулам ван. У еўрапейскай гістарыяграфіі ён звычайна атаесамляецца з тытулам, роўным каралю. Тыбецкі тытул VIII ст. прыраўноўваў валадароў Наньчжаа да намеснікаў правінцыі. У канцы IX ст. апошні валадар Шуньхуачжэнь прыняў будызм і індыйскі тытул махараджы, роўны імператарскаму.

На тэрыторыі Наньчжаа жылі розныя народы. Хаця дынастыя Мэнь мела тайскае паходжанне, большасць з іх належыла да тыбета-бірманцаў. Кітайскія аўтары падзялялі іх на «белых» і «чорных» варвараў. Прынцып гэтага падзелу з'яўляецца спрэчным. Таксама выклікаюць спрэчкі мова дзяржаўнага апарата і этнічная прыналдежнасць высакародных колаў. Кансэнсусам у гістарыяграфіі стала думка, што афіцыйнай мовай была бай, набліжаная да кітайскай. Сацыяльна ўсё насельніцтва падзялялася на 6 класаў: ваенныя, хатнія гаспадары, іншаземцы, правазнаўцы, вучоныя, высакародныя сем'і, набліжаныя да сям'і манархаў. Кожны з іх меў свае правы і абавязкі.

Тэрыторыя Наньчжаа падзялялася на асобныя правінцыі. У канцы IX ст. іх колькасць магла дасягаць 23. Правінцыя Тайхэ кіравалася непасрэдна валадарскім дваром. У астатніх выпадках у правінцыі прызначаліся па 2 намеснікі і 6 прадстаўнікоў манарха. Унутраныя справы правінцый вырашалі памочнікі намеснікаў, што належылі да розных класаў. Відавочна, некаторыя намеснікі жылі не ў правінцыях, а ў Тайхэ. Яны мелі магчымасць сталага ўплыву на манархаў.

Войска Наньчжаа ўяўляла сабою грозную сілу дзякуючы конніцы і моцным лёгкім даспехам з кавалкаў скуры слана або плеценых з пальмавых галін. У склад войска ўваходзілі сталая армія ло дзюцы, якая ўтрымоўвала лепшых воінаў, што ваявалі басанож, і падзялялася на 4 фарміраванні, прызыўныя ваенныя сілы і наёмныя або саюзныя атрады «варвараў».

Асноўным эканамічным заняткам жыхароў Наньчжаа была сельская гаспадарка. Найбольш развітым земляробчым раёнам з'яўлялася даліна і схілы гор вакол возера Эрхай. Тут двойчы на год атрымоўвалі ўраджаі збожжавых і бабовых. Відавочна, ужо ў той перыяд вырошчвалі чай і шаўкоўніцу. У кітайскіх крыніцах асабліва падкрэслівалі важнасць гадоўлі коней і буйной рагатай жывёлы. Поруч з сельскай гаспадаркай існавала рамяство. Вылучаліся заняткі прафесійных будаўнікоў, металургаў, разьбяроў. Землі Наньчжаа знаходзіліся на скрыжаванні гандлёвых шляхоў паміж Кітаем, Тыбетам і краінамі Паўднёва-Усходняй Азіі. Але гэты гандль быў не збалансаваны. Большасць тавараў дастаўляліся з Кітая і Паўднёва-Усходняй Азіі, прычым з поўдню прывозілі значна болей, чым прадавалі туды. У гэтай сувязі на працягу VIII — першай паловы IX стст. валадары Наньчжаа надавалі пільную ўвагу ваенным заваяванням уздоўж рэчышча Іравадзі.

Доўгі час грамадства абапіралася на племянныя рэлігіі, культ продкаў і манархаў. У IX ст. імкліва пашырыўся будызм. У Наньчжаа дзейнічалі будысцкія місіянеры з Індыі. На раннім этапе асаблівы ўплыў меў накірунак ваджраяна. Захаваліся рэшткі некалькіх тагачасных будысцкіх кляштароў. Іх вывучэнне дэманструе тое, што начынне будысцкіх свяцілішчаў мела высокі ўзровень мастацкага выканання. У канцы IX ст. будызм стаў афіцыйнай рэлігіяй.

Паэзія эпохі Наньчжаа на кітайскай мове з некаторымі словамі на мове бай высока ацэньвалася сярэднявечнымі кітайскімі літаратарамі. Вядома, што прадстаўнікі высакародных колаў з Наньчжаа вучыліся ў Чэнду.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]