Напад Эрытрэі на Эфіопію

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Напад Эрытрэі на Эфіопію
Асноўны канфлікт: Эфіопа-эрытрэйская вайна
Дата 12 мая17 чэрвеня 1998
Месца эфіопа-эрытрэйскае памежжа
Вынік Ваенная перамога Эрытрэі: захоп шэрагу спрэчных пагранічных раёнаў
Праціўнікі
Эфіопія Эрытрэя Эрытрэя
Камандуючыя
Цадкан Гебрэтэнсэй
Самора Юніс  (англ.)
Эрытрэя Себхат Эфрэм
Эрытрэя Філіпас Вальдэяханэс
Сілы бакоў
невядома невядома
Страты
каля 600 забітых вайскоўцаў і мірных жыхароў, 300 000 бежанцаў[1] (ацэнка Міхаіла Жырахава  (укр.)) невядома

Напад Эрытрэі на Эфіопію[2][3] — пачатковыя падзеі эфіопа-эрытрэйскай пагранічнай вайны 1998—2000 годаў, калі Узброеныя сілы Эрытрэі, спракаваныя забойствам свайго чыноўніка ў памежным паселішчы Бадмэ, уварваліся на тэрыторыю суседняй дзяржавы. Міжнародная камісія ў Гаазе пазней паказала, што кампанія эрытрэйцаў не была законна абгрунтавана Статутам ААН, паколькі прамой ваеннай агрэсіі супраць краіны не было. У канчатковым выніку Эрытрэя пакрыла Эфіопіі прынесеную ўварваннем шкоду.

Інцыдэнт у Бадмэ[правіць | правіць зыходнік]

У 1990-я гады паміж краінамі паўстала праблема дэмаркацыі агульнай граніцы і размеркавання спрэчных участкаў. Адным з такіх раёнаў быў пасёлак Бадмэ. 6 мая 1998 года там адбыўся інцыдэнт, які ў выніку прывёў да вайны[4]. Дакладна невядома, што там адбылося. У літаратуры сустракаюцца некалькі падобных варыянтаў падзеі:

  1. Атрад эрытрэйскіх вайскоўцаў колькасцю ў 12 чалавек[5] увайшоў у населены пункт, дзе ўступіў у перастрэлку з супрацоўнікамі паліцыі і тыграйскімі апалчэнцамі[6][7][8]. Прычынай гэтага рознымі крыніцамі называлася забойства эрытрэйскага чыноўніка[6] альбо высяленне эфіопскай міліцыяй групы эрытрэйскіх сялян[5].
  2. Эрытрэйскі афіцэр, знаходзячыся ў суправаджэнні сваіх падначаленых, уступіў у канфлікт з мясцовымі ўладамі і загінуў ад рук эфіопскага тэрытарыяльнага апалчэння[9].
  3. Атрад эрытрэйскай паліцыі для ўрэгулявання чарговай спрэчнай сітуацыі з эфіопскімі калегамі прыбыў у населены пункт, дзе ўспыхнула сварка, якая перайшла ў перастрэлку, падчас чаго эфіопы забілі сем эрытрэйцаў, у тым ліку камандзіра падраздзялення праваахоўнікаў[10].

У той жа дзень афіцыйная Асмэра абвясціла частковую мабілізацыю[10].

Ход кампаніі[правіць | правіць зыходнік]

12 мая злучэнні рэгулярнай эрытрэйскай арміі (тры пяхотныя брыгады пры падтрымцы 13 танкаў) занялі пасёлак Бадмэ. Спробы супрацьстаяць уварванню апынуліся марнымі, таму эфіопскія паліцыянты і апалчэнцы былі вымушаны адступіць, страціўшы ад 16 да 20 чалавек забітымі, два дзясяткі параненымі і 24 палоннымі. У ходзе ўзброеных сутыкненняў былі разбураны сем будынкаў — некалькі школ, бальніца і іншыя грамадскія ўстановы[1].

У адказ на наступленне суседзяў эфіопская артылерыя пачала абстрэл пазіцый праціўніка. Акрамя гэтага камандаванне УС Эфіопіі не рабіла ніякіх актыўных дзеянняў супраць уварвання[10]. Да канца месяца інтэнсіўнасць канфлікту была даволі нізкай. Агнявы кантакт бакоў у пераважнай большасці выпадкаў абмяжоўваўся ўжываннем стралковай зброі[1]. Нечакана 31 мая сілы эрытрэйскай арміі, скарыстаўшыся малалікасцю воражых фарміванняў у зоне баявых дзеянняў[10], перайшлі ў наступленне на цэнтральным участку граніцы, захапіўшы горад Заламбеса, а таксама размешчаныя каля яго пасёлкі Алітэна і Айга. 3 чэрвеня зафіксаваны першы абмен артылерыйска-мінамётным агнём і залпамі рэактыўных сістэм[1].

Праз два дні эрытрэйская авіяцыя  (руск.) атакавала Мэкэле. Пад авіаўдар трапілі адміністратыўныя будынкі, аэрадром[1] і пачатковая школа, дзе загінулі 53 грамадзянскія асобы[11].

У першую дэкаду чэрвеня рэзка ўзрос паток бежанцаў з прыфрантавых раёнаў, асабліва з гарадоў, якія сталі галоўнымі мэтамі авіяцыі супрацьлеглых бакоў[1].

6 чэрвеня эфіопы перайшлі ў контрнаступленне[10]. Ім удалося вярнуць Заламбесу, аднак ужо на наступны дзень, у выніку контратакі эрытрэйскай пяхотнай брыгады пры падтрымцы РСЗА БМ-21 «Град» і самалётаў MB-339  (італ.), горад зноў трапіў пад кантроль праціўніка. Увесь наступны тыдзень эфіопскія войскі беспаспяхова спрабавалі адбіць Заламбесу. Актывізаваліся дзеянні бакоў у сектары Бадмэ. 11 чэрвеня бамбілі Адыграт. Упершыню баявыя сутыкненні мелі месца на крайнім усходнім участку мяжы ў раёне пагранічнага пераходнага пункта Бурэ. 17 чэрвеня тут эфіопы блакавалі і знішчылі брыгаду спецыяльнага прызначэння УС Эрытрэі[10][1].

Ваенныя вынікі[правіць | правіць зыходнік]

Эфіопскае камандаванне, перакінуўшы на мяжу практычна ўсе існыя сілы і спраўныя сродкі, паспрабавала аднавіць зыходнае становішча, актыўна ужываючы пры гэтым авіяцыю. З-за дрэннай падрыхтаванасці арміі на той момант да вайны адчувальных вынікаў дадзеныя крокі не прынеслі. Ужо ў чэрвені ваеннаму кіраўніцтву краіны прыйшлося прыпыніць актыўныя баявыя дзеянні і пачаць кансультацыі з міжнароднымі пасярэднікамі, якія прапаноўвалі варыянты мірнага вырашэння тэрытарыяльнай спрэчкі[9].

Акрамя таго, з ліпеня па лістапад у рэгіёне надыходзіць сезон дажджоў, які робіць непраходнай і без таго слабую дарожную сетку. З пачаткам зацішша эфіопскія і эрытрэйскія вайскоўцы пачалі акопвацца[12]. У гэты перыяд праціўнікі засяродзіліся на пераўзбраенні, узмацненні і падрыхтоўцы сваіх баявых часцей[10].

Па выніку кампаніі сфармаваліся тры фронты: заходні — сектар Бадмэ, участак паміж рэкамі Мэрэб і Сетыт, цэнтральны — раён Цэрона—Заламбеса—Алітэна, усходні — раён Бурэ. Усе яны апынуліся падзеленымі ў сувязі са складаным горным і пустынным рэльефам тэатра ваенных дзеянняў. Асабліва вялікі разрыў (некалькі сотняў кіламетраў) утварыўся паміж цэнтральным і усходнім франтамі, дзе пралягла пустыня Данакіль[10].

Рэакцыя і заявы[правіць | правіць зыходнік]

13 мая Савет Міністраў Эфіопіі сабраўся на пазачарговае пасяджэнне і па выніках разгляду сітуацыі звярнуўся да ўладаў суседняй дзяржавы з патрабаваннем аб безумоўным вывадзе эрытрэйскіх войск з захопленай імі тэрыторыі. У той жа дзень нацыянальная авіякампанія Ethiopian Airlines прыпыніла рэйсавыя палёты ў Асмэру і Асэб, а два гандлёвыя судны пад эфіопскім сцягам былі пераадрасаваны з эрытрэйскага порта Асэб у Джыбуці[1].

На настпуны дзень Кабінет Міністраў Эрытрэі, у сваю чаргу, апублікаваў афіцыйную заяву, у якой абвінаваціў улады Эфіопіі ў «бесперапынных парушэннях мяжы» і заклікаў да хутчэйшага правядзення перамоваў пры пасярэдніцтве трэцяга боку. 30 чысла прэзідэнт краіны Ісаяс Афеворкі заявіў, што вывад войск з занятых тэрыторый «уяўляецца ў маральным плане непрымальным і фізічна немагчымым»[1].

На фоне пачатку баявых дзеянняў урадамі такіх краін як Джыбуці, Руанда і ЗША былі зроблены спробы пасадзіць бакі за стол перамоваў і стаць пасярэднікамі ў мірным працэсе[1].

26 чэрвеня была прынята Рэзалюцыя Савета Бяспекі ААН 1177. Дакумент запатрабаваў ад Асмэры і Адыс-Абебы неадкладнага спынення агню[13].

Ацэнка арбітражу[правіць | правіць зыходнік]

У 2000 годзе канфлікт паміж краінамі скончыўся. Эфіопія і Эрытрэя дамовіліся адкласці вырашэнне спрэчкі на нявызначаны тэрмін для разгляду справы ў міжнародным арбітражы.

У 2005 годзе камісія па прэтэнзіях, створаная ў рамках мірнага пагаднення, заявіла, што ўрэгуляванне такіх спрэчак з ужываннем сілы не можа лічыцца самаабаронай. Паколькі ўзброенага нападу на Эрытрэю не было, яе напад на Эфіопію нельга было апраўдаць як законную самаабарону ў адпаведнасці са Статутам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Паводле заявы камісіі, афіцыйная Асмэра абавязана пакрыць суседняй краіне прычыненую шкоду[3].

Зноскі

  1. а б в г д е ё ж з і Михаил Жирохов. Война в воздухе на Африканском Роге // Уголок неба : авиационная энциклопедия. — 2004.
  2. Murphy, Sean D., The Eritrean-Ethiopian War (1998-2000) (October 4, 2016). Forthcoming in International Law and the Use of Force: A Case-Based Approach (Oxford University Press, Olivier Corten &Tom Ruys, eds.) ; GWU Law School Public Law Research Paper No. 2016-52; GWU Legal Studies Research Paper No. 2016-52.
  3. а б Eritrea broke law in border war (англ.). BBC News (21 снежня 2005). Праверана 21 кастрычніка 2019.
  4. Hans van der Splinter. Border conflict with Ethiopia. eritrea.be. Праверана 29 March 2017.
  5. а б Пётр Суханов. Незатухающая междоусобная война // Независимая газета : газета. — 7 июля 2000.
  6. а б Connell, Dan. Eritrea/Ethiopia War Looms. Foreign Policy in Focus (2 кастрычніка 2005).
  7. Dowden, Richard (2 June 2000). "There are no winners in this insane and destructive war". The Independent. Архівавана з арыгінала 12 December 2008.
  8. The Eritreans describe the start of the war thus: "after a series of armed incidents during which several Eritrean officials were murdered near the disputed village of Badme, Ethiopia declared total war as on 13 May and mobilized its armed forces for a full-scale assault on Eritrea." (Staff. history(недаступная спасылка). Embassy of the State of Eritrea, New Delhi, India. Архівавана з першакрыніцы 9 лютага 2015. Праверана 7 лістапада 2022.)
  9. а б Полковник О. Елгазин. Основные итоги миссии ООН в Эфиопии и Эритрее (2010) // Зарубежное военное обозрение : журнал. — 2010. — №10. — С.22-30.
  10. а б в г д е ё ж Коновалов И.П. Войны Африканского Рога. — Пушкино: Центр стратегической конъюнктуры, 2014 — 192 с. ISBN 978-5-906233-77-6.
  11. Vick, Karl (8 June 1998). "SCHOOL ATTACK SHOCKS ETHIOPIANS". Washington Post. ISSN 0190-8286. Праверана 2022-06-06.
  12. Biles, Peter (20 May 2000). "Ethiopia's push north". BBC.
  13. S/RES/1177 (руск.). Организация Объединённых Наций. Архівавана з першакрыніцы 25 кастрычніка 2021. Праверана 25 кастрычніка 2021.