Нараджэнне Маці Божай (Ляхаўцы)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Маларыцкі майстар
Нараджэнне Маці Божай. 1648—1650
Матэрыял дошка[d]
Тэхніка яечная тэмпера
Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь
(інв. ДБЖ-347)

Нараджэнне Маці Божай — абраз сярэдзіны XVII стагоддзя са Свята-Мікалаеўскай царквы ў в. Ляхаўцы, Маларыцкі раён. Захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь.

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Абраз выяўлены 12-й і 33-й экспедыцыямі Дзяржаўнага мастацкага музея БССР у капліцы на могілках в. Ляхаўцы Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці[1].

Мастацтвазнаўца Надзея Высоцкая так узгадвае пра знаходку[2]:

" Чыноўнікі рапартуюць: «царквы ў вёсцы няма». Я туды еду – царквы сапраўды няма. Затое на могілках ёсць капліца. А ў ёй – унікальныя каштоўнасці. Вось у могілкавай капліцы ў вёсцы Ляхаўцы на дзвярах нават замка не было – яна замыкалася на пруток, а ўнутры – абраз XVII стагоддзя. Хіба маглі мы пакінуць яго там? "
" Часам прасілі дапамагчы мясцовыя райкамы партыі. З тымі ж Ляхаўцамі як было – рота салдатаў ачапіла могілкі, а тым часам калгаснікі сядзелі ў клубе на арганізаваным па нашай просьбе сходзе. Мясцовыя жыхары заўсёды супрацівіліся. І яны маюць рацыю – гэта іх дзядоў, прадзядоў абразы. Але забяспечыць захаванасць усяму гэтаму, нажаль, у сельскай паўразбуранай царкве немагчыма. Да таго ж, тады ўся гэта маёмасць лічылася ўласнасцю Міністэрства культуры БССР. Пакінуць помнік на рабаванне мы не маглі. Колькі было знішчана, выкрадзена і ўжо назаўжды страчана. "

Раскрыты ў Інстытуце «Рэстаўрацыя» А. М. Красіліным пад кіраўніцтвам С. В. Філатава ў 1979 годзе[1].

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Абраз уключае ў выяўленчую тканіну яскравыя элементы бытавога, этнаграфічнага характару. Служанкі намаляваны ў строях беларускіх сялянак — андараках, кужэльных сарочках і гарсэтах са шнуроўкай. Асобныя дэталі ўбрання пакоя вабяць звычайнай прастатой: спавівальнік на дзіцячай калысцы, прошвы на падушках, разьбяныя ножкі стала. Дзякуючы дэталям, якія паказваюць на мясцовае паходжанне твора, абраз набывае значэнне ўзору, паводле якога ўвесь аналагічны яму жывапіс адносіцца да мясцовай школы[3].

Нягледзячы на жанравасць, абраз прасякнуты незвычайнай урачыстацю і асаблівай жыццесцвярджальнай сілай. У ім сцэна нараджэння дзіцяці пададзена адначасова і будзённа і вельмі святочна. Кампазіцыя ўключае ў сябе трапяткія жывыя канкрэтныя дробязі і разам з тым застаецца абагульнена-манументальнай. Архітэктурныя кулісы — масіўныя вежы — формамі і дэкорам нагадваюць рэнесансныя збудаванні. Яны выразна абмяжоўваюць месца дзеяння, але пакідаюць пэўную глыбіню сцэны. Аб рэнесансных традыцыях нагадвае і сакавіты разьбяны арнамент на фоне, які вызначаецца выразным рапортам і чаканеным малюнкам формы крына (стылізаванай лілеі), сцяблоў і завіткоў аканту[3].

Як і ў іншых вядомых абразах другой паловы XVI ст., захоўваюцца традыцыйныя іканапісныя прыёмы: перавага графічнага пачатку, рознамаштабнасць фігур, умоўнасць залатога арнаментаванага фону і, урэшце, спалучэнне розначасовага дзеяння ў адзіным сюжэце. Але разам з тым з’яўляюцца новыя нязвыклыя рысы, як, напрыклад, класічная яснасць і ўраўнаважанасць кампазіцыйных мас, гарызантальных і вертыкальных элементаў, колеравых рытмаў, а таксама блізкія да рэальных суадносіны чалавечых фігур і архітэктурных куліс. Здзіўляе наяўнасць на толькі адваротнай, але і прамой перспектывы. Своеасаблівым здаецца і мажорны каларыт, у якім пераважаюць плямы светлага кінавару і прыглушанага сіняга колеру, адцененыя золатам фону. Хаця трэба адзначыць, што ў гэтым абразе колер у цэлым, нягледзячы на мяккасць, больш інтэнсіўны, чым у падобных творах гэтага часу, што тлумачыцца яго больш познім паходжаннем[3].

Абраз асаблівасцямі капмазіцыйнай будовы, групоўкай сюжэтаў, характарам этнагафічных элементаў і каларытам нагадвае фрэскі Троцкага замка[3].

Выстаўкі[правіць | правіць зыходнік]

  • Тэмперны жывапіс Беларусі XV—XVIII стст. Мінск. 1988
  • Мастацтва барока ў Беларусі. Мінск. 1991
  • Мастацтва Брэстчыны XVII—XVIII стст. Мінск. 1993
  • Датаваныя помнікі мастацтва Беларусі XVII—XVIII стст. Мінск. 2000
  • Іканапіс Беларусі XVI—XVIII стст. Новыя адкрыцці. Іспанія. 199902000; Мінск, 2001
  • Мясцовашанаваныя на Беларусі абразы Божай Маці XIII—XVIII стст. Мінск, 1999—2000
  • Іканапіс і разьба Беларусі XV—XVIII стст. Мн. 2000
  • Іканапіс беларускага Палесся. XVII—XVIII стст. Мінск. 2003

Зноскі

  1. а б Жывапіс барока Беларусі / Аўт.-склад. Н. Ф. Высоцкая. — Мн.: БелЭН; МФКД.2003. — 304 с.:іл. С. 26-27.
  2. Матерь Божья в намитке - 06.01.2017, Sputnik Беларусь
  3. а б в г Гісторыя беларускага мастацтва: У 6 т. Т. 1: Ад старажытных часоў да другой паловы XVI ст. ; [рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал.рэд.) [і інш.] ; рэд. тома С. В. Марцэлеў, Л. М. Дробаў ; АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. — Мінск : Навука і тэхніка, 1987. — 303 с. : іл.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Гісторыя беларускага мастацтва: У 6 т. Т. 1: Ад старажытных часоў да другой паловы XVI ст. ; [рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал.рэд.) [і інш.] ; рэд. тома С. В. Марцэлеў, Л. М. Дробаў ; АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. — Мінск : Навука і тэхніка, 1987. — 303 с. : іл.
  • Церашчатава В. В. Збор. 1972. С. 421—422
  • Вецер Э. І. Літаратурныя і дакументальныя крыніцы длявывучэння беларускага старажытнага жывапісу XII—XVIII стст. //Библиотечное дело и библиография в Белоруссии. Мн., 1974. С. 604—605