Нараджэнне Маці Божай (Пётр Яўсеевіч)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Нараджэнне Багародзіцы.jpg
Пётр Яўсеевіч
Нараджэнне Божай Маці. 1649
Матэрыял дошка для жывапісу[d]
Тэхніка яечная тэмпера[d]
Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь
(інв. ДБЖ-141)

Нараджэнне Божай Маці — абраз сярэдзіны XVII стагоддзя са Свята-Успенскай царквы ў г. Магілёве. Захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь[1][2].

Сюжэт[правіць | правіць зыходнік]

Дзея адбываецца ў вялікім памяшканні з пліткавай падлогай, раскрытым у прастору праз шырокую арку-вакно[3].

Злева пад светла-карычневым балдахінам (полагам) з зялёнай на карычневай падкладцы драпіроўкай на высокім ступенчатым узвышшы, на ложку, нібы на троне, сядзіць праведная Ганна, абапіраючыся спіной на гару белых з тканымі прошвамі падушак[4]. Яе ногі прыкрытыя чырвонай, у кветкі, коўдрай. Адзенне Ганны сіняга колеру, на галаве белая з чырвонымі затканымі палосамі намітка[4].

Побач з ёй — жанчыны-служанкі, якія трымаюць посуд з падарункамі ў руках. Іх вопратка светла-вохрыстая, цёмна-чырвоная, сіняя, светла-зялёная. Трэцяя жанчына, з непакрытымі валасамі, клапатліва расхінае занавес над Ганнай[3]. На чырвоным поясе ў адной служанкі жоўты кашалёк[4].

Каля ўзвышша сядзяць насупраць адна другой жанчыны ў вохрыстым, цёмна-чырвоным, сінім адзенні, у намітках. На руках адной з іх на белым покрыве ляжыць маленькая Марыя, якую толькі што выкупалі. Побач стаіць цэбар значных памераў з вадой і просценькі вазок, засланы для дзіцяці[3].

Справа, ля накрытага зялёным з цёмна-чырвоным шлякам абрусам стала, на якім стаяць букет кветак у збане і керамічная чаша[3], паказаны Іаакім у сінім хітоне і цёмна-чырвоным гімаціі з кіем у руцэ. Яго выява з’яўляецца на абразах з XIV стагоддзя[2]. Трэба адзначыць, што Іаакім знаходзіцца ў тым жа пакоі, а не выдалены на галерэю ці ў падсобнае памяшканне, як на старажытных абразах[4].

На заднім плане ў ружовым з авальным завяршэннем акне за рэльефнай рашоткай намаляваны тры шэрыя дамы. Рэльеф рашоткі створаны густым рэнесансавым арнаментам, выразаным па ляўкасе і пазалочаным; у яго ўкрапаны камяніцы рэнесансавага тыпу[3].

Вохрыста-фіялетавая падлога расчэрчана чырвонымі лініямі на квадраты. Фігуры прыземістыя. Справа ўнізе надпіс бяліламі ў два радкі, а таксама надпісы над німбамі Ганны і Іаакіма[4].

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Абраз выяўлены ў 1918 годзе ва Успенскай царкве Магілёва[5].

Ікона раскрыта ў Дзяржаўнай мастацкай рэстаўрацыйнай майстэрні М. А. Баранавым(руск.) бел., В. В. Філатавым(руск.) бел., А. М. Рабінінай у 1954—1956 (Масква)[4].

Значэнне іконы[правіць | правіць зыходнік]

Фрагмент іконы

«Нараджэнне Маці Божай» 1649 г. з Магілёва — адзін з першых падпісных і датаваных абразоў музейнага збору Нацыянальнага мастацкага музея РБ. У правым ніжнім вугле захаваўся надпіс з датай: «Року Бжого 1649 Петръ Евсеевич з Голынца». Невядома, хто пакінуў гэты надпіс — іканапісец або фундатар. У архіўных дакументах было выяўлена імя жыхара Магілёва Зурасты Пятра Яўсеевіча, з якім сёння звязваюць паходжанне абраза[2].

Аўтар твора, захоўваючы асноўныя рысы традыцыйнай іканаграфіі, перадае змест сюжэта рэалістычна, са мноствам этнаграфічных і бытавых дэталяў: на жанчынах народныя галаўныя ўборы — сялянскія вышываныя наміткі; на падушках — вязаныя карункі-прошвы. У кампазіцыю абраза ўведзены адлюстраванні керамічнага і драўлянага посуду, драўлянага ложка, збана з палявымі кветкамі на стале. Іканапісец надзяляе персанажы канкрэтнымі характарыстыкамі, якія адпавядаюць нацыянальнаму беларускаму тыпажу. Цяжка знайсці больш дакладную этнаграфічна, поўную і праўдзівую перадачу прадметаў сялянскага побыту ў помніках іканапісу першай паловы XVII стагоддзя[2].

Выстаўкі[правіць | правіць зыходнік]

  • Мінская абласная выстаўка. Мінск. 1918
  • 1-я Усебеларуская мастацкая выстаўка. Мінск. 1926
  • Рэстаўрацыя музейных каштоўнасцей у БССР. Мінск. 1985
  • Тэмперны жывапіс Беларусі XV-XVIII стст. Мінск. 1988
  • Мастацтва барока ў Беларусі. Мінск. 1991
  • Мастацтва Беларусі XVI-XVIII стст. Знаходкі М. М. Шчакаціхіна (1886-1940). Мінск. 1996
  • Мастацтва Магілёўшчыны XVII-XVIII стст. Мн. 1998
  • Датаваныя помнікі мастацтва Беларусі XVII-XVIII стст. Мінск. 2000.

У культуры[правіць | правіць зыходнік]

Паштовая марка Беларусі

У 1996 годзе выява іконы была выкарыстана на паштовай марцы «Белпошты».

Зноскі

  1. Балыкина Е. Н. ШЕДЕВРЫ ИКОНОПИСИ БЕЛАРУСИ XII—XVIII ВВ. (руск.) 
  2. 2,0 2,1 2,2 2,3 Пётр Яўсеевіч. Нараджэнне Маці Божай. 1649
  3. 3,0 3,1 3,2 3,3 3,4 Ярашэвіч А. А. [http://media.catholic.by/nv/n17/art5.htm СЮЖЭТЫ НАРАДЖЭННЯ БАГАРОДЗІЦЫ Ў СТАРАБЕЛАРУСКІМ МАСТАЦТВЕ]
  4. 4,0 4,1 4,2 4,3 4,4 4,5 Жывапіс барока Беларусі / Аўт.-склад. Н. Ф. Высоцкая. — Мн.: БелЭН; МФКД.2003. — 304 с.:іл. С. 41-42.
  5. Жывапіс Беларусі ХІІ-XVІІІ стагоддзяў. Аўтар уступнага тэксту Н. Высоцкая. Мн., 1992. № 17-19

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]