Наразная зброя

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Наразная зброя — агнястрэльная зброя, у якой канал ствала мае нарэзы (вінтавыя барозны), якія надаюць снараду (кулі) вярчэнне вакол падоўжнай восі, часткова ператвараючы ў вярчэнне энергію паступальнага руху снарада (кулі). Вярчэнне снарада (кулі) ў палёце забяспечвае яго ўстойлівасць на траекторыі, павышае дальнасць і кучнасць стральбы.

Нарэзка бывае правая (злева ўверх направа; у пераважнай большасці сістэм узбраення) і левая (справа ўверх налева; у французскіх сістэмах узбраення).

Існаванне нарэзкі прыводзіць да існавання розных спосабаў вымярэння калібру зброі.

У час станаўлення наразной зброі (XIX ст.) існавалі шматлікія віды нарэзкі і спосабы надання вярчэння снараду (кулі) — гл. куля Мінье  (руск.). У наш час наданне вярчэння пераважна здзяйсняецца ў артылерыі — з дапамогай вядучага паяска з матэрыялу, больш мягкага за сталь ствала, у стралковай зброі — праз выкарыстанне абалонкі кулі з такога матэрыялу.

З’яўленне наразной (стралковай) зброі адносяць да XV ст. Масавае выкарыстанне наразной зброі пачалося ў сярэдзіне XIX ст., з развіццём тэхналогій і масавых метадаў вытворчасці.