Нарачана-Вілейская нізіна

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Нарачана-Вілейская нізіна

Нарачана-Вілейская нізіна знаходзіцца на паўночным захадзе Беларусі.

Займае часткова Вілейскі, Лагойскі, Маладзечанскі раёны Мінскай вобласці, Астравецкі і Смаргонскі раёны Гродзенскай вобласці. Мяжуе на поўначы са Свянцянскімі градамі, на ўсходзе з Верхнебярэзінскай нізінай, на паўднёвым усходзе з Мінскім узвышшам, на паўднёвым захадзе з Ашмянскім узвышшам, на паўночным захадзе з Нярыска-Жэймянскай нізінай (у Літве). Працягнулася з захаду на ўсход ад 115 да 145 км, з поўначы на поўдзень ад 35 да 75 км, нлошча 8,7 тыс. км².

Пераважаюць вышыні 155—190 м, на Канстанцінаўскай градзе, што знаходзіцца на нізіне — найвышэйшы пункт 232 м над узроўнем мора. Будова нізіны складаная. Сучасная яе паверхня ўтворана пераважна сожскім і паазерскім ледавікамі і іх расталымі водамі. Яна спадзістахвалістая і плоская, месцамі хвалістая і градава-хвалістая (Свірская града, Куранецкае ўзвышша і іншыя). Адносныя перавышэнні 3—7 м, каля ледавіковых град 30—50 м. Характэрны замкнёныя забалочаныя ўчасткі з ледавіковымі азёрамі, пясчанымі ўзгоркамі-дзюнамі. Карысныя выкапні: гліны, жвір, пяскі, торф, сапрапель, мінеральныя воды (Нарачанская крыніца).

Над возерам Нарач

Рэкі належаць да басейна Нёмана, найбольшыя Вілія з прытокамі Ашмянка, Уша, Ілія, Дзвінаса, Сэрвач, Нарач з Вузлянкай, Страча. Шмат азёр, найбольшыя Нарач, Мястра, Баторына, Свір, Вішнеўскае, Вялікія Швакшты, Малыя Швакшты, Сарачанскія азёры. У межах нізіны Вілейскае вадасховішча і частка канала Вілейска-Мінскай воднай сістэмы. Разарана 30 %, пад лесам 36 % тэрыторыі. Тут размешчаны Нарачанскі нацыянальны парк. Вакол возера Нарач курортная і водаахоўная зоны.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Геаграфія Беларусі: Энцыкл. даведнік. — Мн.: БелЭн, 1992. — С. 63—64.