Нараўска-Ясельдзінская раўніна

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Нараўска-Ясельдзінская раўніна
Каардынаты: 52°44′ пн. ш. 24°20′ у. д.HGЯO
Размяшчэнне Беларусь, Польшча
physical
Нараўска-Ясельдзінская раўніна
Нараўска-Ясельдзінская раўніна

На́раўска-Я́сельдзінская раўніна знаходзіцца на паўднёвым захадзе Гродзенскай і паўночным захадзе Брэсцкай абласцей Беларусі, у вярхоўях рэк Нараў і Ясельда. Займае большую частку Пружанскага раёна, частку Бярозаўскага раёна, заходзіць у межы Польшчы на захадзе.

Геаграфічнае становішча[правіць | правіць зыходнік]

Мяжуе з Ваўкавыскім узвышшам на поўначы, Баранавіцкай раўнінай на ўсходзе, Пружанскай раўнінай на поўдні. Вышыня 155—185 м, плошча каля 1500 км², працягласць з захаду на ўсход 70 км, з поўначы на поўдзень 15—25 км. Раўніну перасякае Балтыйска-Чарнаморскі водападзел. Паводле В. А. Дзяменцьева, Нараўска-Ясельдзінская раўніна знаходзіцца ў межах Заходне-Беларускай правінцыі і вылучаецца як фізіка-геаграфічны падраён Прыбугскай раўніны; іншыя даследчыкі адносяць яе да Палесся.

Геалогія[правіць | правіць зыходнік]

Нараўска-Ясельдзінская раўніна ў асноўным прымеркавана да паўночнай часткі Брэсцкай упадзіны (Падляска-Брэсцкая ўпадзіна). Платформавы чахол складзены з тоўшчы вендскага комплексу верхняга пратэразою (сярэднія і кіслыя эфузівы і туфы), адкладаў ніжняга кембрыю (гліны, алеўрыты, пясчанікі), ардовіку (вапнякі), месцамі сілуру (гліны і мергелі), верхняй юры (гліны, пясок, вапнякі), мелу (пяскі, мел, мергель), а таксама пяскоў і глін палеагену і неагену. У антрапагенавай тоўшчы (магутнасць 80—90 м) вылучаны 4 ледавіковыя гарызонты (нараўскі, бярэзінскі, дняпроўскі, сожскі) марэнных суглінкаў, падзеленыя водна-ледавіковымі і міжледавіковымі адкладамі. У моцна расчлянёным рэльефе ложа антрапагену вылучаецца Нараўская лагчына ледавіковага выворвання і размыву, урэзаная да юрскіх парод.

Рэльеф[правіць | правіць зыходнік]

Фарміраванне рэльефу адбывалася пад сумесным уздзеяннем ледавікоў ранняга і сярэдняга антрапагену, асноўныя рысы канчаткова аформлены ў час сожскага зледзянення. У пасляледавіковы час рэльеф значна пераўтвораны і зменены эразійна-дэнудацыйнымі працэсамі. Паверхня хвалістая, з участкамі асноўнай марэны вышынёй да 5 м, ускладнена дзюнамі (даўжыня некалькі дзясяткаў метраў, вышыня да 6 м), лагчынамі (глыбіня 2—2,5 м) і западзінамі (дыяметрам 20—30 м). У поймах рэк трапляюцца берагавыя валы (вышыня 1—2 м).

Гідраграфія[правіць | правіць зыходнік]

Галоўныя рэкі: Нараў з прытокамі Нараўка і Рудаўка; Ясельда з Цемрай.

Раўніна моцна забалочаная. Больш за 20 тыс. га асушана.

Глебы і расліннасць[правіць | правіць зыходнік]

Глебы дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, тарфяна-глеевыя і тарфяна-балотныя.

Пад лесам каля 40 % тэрыторыі. Пераважаюць хваёвыя, у паўночнай частцы — яловыя лясы, трапляюцца шыракалістыя дубовыя, грабавыя, ясянёвыя лясы; невялікія ўчасткі з дубровамі.

На тэрыторыі раўніны частка нацыянальнага парку Белавежская пушча, гідралагічны заказнік Дзікае.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]