Народная воля (арганізацыя)
| Народная воля | |
|---|---|
| | |
| Дата заснавання | чэрвень 1879 |
| Дата роспуску | сакавік 1887 |
| Штаб-кватэра | |
| Краіна | |
| Ідэалогія | рэвалюцыйны сацыялізм[d] і аграрны сацыялізм[d] |
«Наро́дная во́ля» — рэвалюцыйная арганізацыя ў Расійскай імперыі ў 1879—1886 гадах. Створана ў жніўні 1879 года праз раскол «Зямлі і волі». У выканаўчы камітэт уваходзілі: Аляксандр Міхайлаў, Андрэй Жалябаў, Соф’я Пяроўская, Вера Фігнер, Мікалай Марозаў і іншыя. Яму падпарадкоўвалася сетка мясцовых і «спецыяльных» груп (рабочых, студэнцкіх, ваенны). У 1879—1883 гадах групы «Народнай волі» існавалі ў 50 гарадах Расійскай імперыі. Друкаваныя органы — «Народная воля» (1879—1885), «Вестник «Народной воли» (1883—1886), «Листок «Народной воли» (1880—1886). Сяброў арганізацыі называлі «нарадавольцамі». Нарадавольцы ставілі за мэту ажыццяўленне сацыяльных пераўтварэнняў. Бальшыня з іх лічыла магчымым адначасова ажыццявіць палітычны і сацыялістычны пераварот. Палітычны пераварот меркавалася ажыццявіць шляхам сістэматычнага тэрору, падтрыманага рухам усіх слаёў грамадства[1].
У параўнанні з «Зямлёй і воляй» нарадавольцы пашырылі змест і сферу сацыялістычнай прапаганды. Формамі пратэсту лічыліся сходкі, дэманстрацыі, адмаўленне ад платы падаткаў і г.д. Разам з тэрорам і прапагандай нарадавольцы планавалі арганізацыю тайных таварыстваў і згуртаванне іх вакол аднаго цэнтра. Аднак тэрор, які праграмай выканаўчага камітэта вызначаўся як адзін са сродкаў барацьбы з расійскім самаўладдзем, ператварыўся ў яе галоўны сродак і выцесніў усе іншыя[1].

Нарадавольцы разлічвалі, што забойства імператара стане сігналам для народнага паўстання ў Расійскай імперыі. «Народная воля» падрыхтавала 7 замахаў на Аляксандра II, аднак пакаранне смерцю Аляксандра II 1 сакавіка 1881 года паказала беспадстаўнасць такой тактыкі, забойства не выклікала масавых хваляванняў. Працэсы на удзельнікамі замахаў і забойства, правалы, зрадніцтва і арышты моцна паслабілі «Народную волю»[1].
На Беларусі і Літве («Паўночна-Заходні край») у канцы 1881 — пачатку 1882 года існавала абласная арганізацыя «Народнай волі», але шматлікі правалы хутка паралізавалі яе дзейнасць. У 1885 годзе ў Екацярынаславе адбыўся з’езд паўднёвых нарадавольцаў, удзельнікі якога адзначылі патрэбу пашырэння барацьбы за палітычныя свабоды і шырокую прапаганду ў масах. Праграма «Народнай волі» была папулярнай у рэвалюцыйных колах. Бальшыня сацыялістычных гурткоў у беларускіх гарадах у 1880-я гады вяла прапаганду ў адпаведнасці ў нарадавольскай праграмах. На пазіцыях «Народнай волі» стаяла беларуская група «Гоман». У 1884 годзе ў Вільні выдадзена гектаграфаваная «Праграма рабочых, членаў партыі «Народнай воля» ў Паўночна-Заходнім краі».
Нарадавольскія і блізкія да іх арганізацыі дзейнічалі і ў 1890-х гадах, але яны часцей ужывалі саманазву «сацыялісты-рэвалюцыянеры»[1].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]| Народная воля (арганізацыя) на Вікісховішчы |
- «Народная воля» // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1999. — С. 284. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0141-9.