Першымі ад агульнага народна-лацінскага арэала Рымскай імперыі адшчапіліся носьбіты так званай балканскай латыні, якія працягвалі засяляць Рымскую Дакію (цяпер Трансільванія), якую рымская адміністрацыя афіцыйна пакінула ў 271 годзе, і Балканы. Так пачаўся працэс станаўлення сучаснай румынскай мовы.
Гутарковая лацінская мова з'яўлялася адной з італійскіх моў і ў VIII ст. да н.э. (дата меркаванага заснавання горада Рыма) мела даволі вузкае выкарыстанне ў якасці роднай мовы індаеўрапейскага племя лацінаў у даліне ракі Тыбр на тэрыторыі Лацыума (суч. Лацыа). Па меры пашырэння ўлады рымскай дзяржавы на Апенінскім паўвостраве, лацінская мова атрымлівае ўсё большае распаўсюджванне ў якасці асноўнага сродку міжнацыянальнай камунікацыі і гандлю (лінгва франка) як паміж роднаснымі італійскімі (оскі, умбры, лаціны), так і паміж няроднаснымі (міжземнаморскімі) народамі (этрускі), якія засвойваюць латынь у вусновым варыянце і аказваюць на яе субстратны ўплыў. Па меры пашырэння Рымскай імперыі, у выніку міжэтнічных кантактаў і раманізацыі, лацінская мова засвойвалася ўсё большай колькасцю разнастайных народаў на ўсё большай тэрыторыі, што прывяло да ўзнікнення рэгіянальнай дыферэнцыяцыі яе вусновых варыянтаў, у той час як пісьмовая і афіцыйная мова захоўвалася практычна без змен з I стагоддзя нашай эры і па-ранейшаму выкарыстоўвалася ў дзяржаўных справах.