Перайсці да зместу

Народна-вызваленчая армія Югаславіі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Народна-вызваленчая армія Югаславіі
сербск.: Народноослободилачка војска и партизански одреди Југославије
харв.: Narodnooslobodilačka vojska i partizanski odredi Jugoslavije
макед.: Народноослободителна војска и партизански одреди на Југославија
славенск.: Narodnoosvobodilna vojska in partizanski odredi Jugoslavije
Краіна
Уваходзіць у World War II in Yugoslavia[d]
Тып супраціў[d] і партызанскі рух[d]
Складаецца з
Удзел у

Народна-вызваленчая армія Югаславіі (сербахарв.: Narodnooslobodilačka vojska Jugoslavije / Народноослободилачка војска Југославије) — узброеная арганізацыя Руху Супраціўлення, узначаленая Камуністычнай партыяй Югаславіі (КПЮ).

Гісторыя НВАЮ пачалася 27 чэрвеня 1941 года, калі ва ўмовах акупацыі Югаславіі і пачатку ўварвання Германіі ў СССР ЦК КПЮ стварыў Галоўны штаб (у верасні перайменаваны ў Вярхоўны штаб) Народна-вызваленчых партызанскіх атрадаў на чале з Іосіпам Броз Ціта. У ліпені гэты рух ахапіў многія раёны Сербіі, Чарнагорыі, Славеніі, Харватыі, Босніі, у кастрычніку — Македоніі. У ходзе паўстання ў розных раёнах краіны ўзнікалі вызваленыя партызанамі тэрыторыі, дзе ўтвараліся органы ўлады — Народна-вызваленчыя камітэты. На акупаваных тэрыторыях яны дзейнічалі ў падполлі. Да канца года ў Югаславіі налічвалася каля 80 тыс. партызан. У лістападзе 1942 года Вярхоўны штаб прыступіў да фарміравання першых дывізій і карпусоў. Колькасць НВАЮ, партызанскіх атрадаў і груп дасягнула 150 тыс. чал.; умацаваліся Народна-вызваленчыя камітэты. Да канца 1943 года партызанскія раёны ў розных частках краіны складалі каля паловы югаслаўскай тэрыторыі. У 1944—1945 гадах фарміраванні Ціта сумесна з Чырвонай арміяй вызвалялі югаслаўскую тэрыторыю. У гэты час КПЮ пачынае стварэнне новага ўрада краіны.

У складзе НВАЮ дзейнічалі савецкія, чэхаславацкія, венгерскія, балгарскія і італьянскія партызанскія батальёны. Часці партызан змагаліся не толькі з замежнымі акупантамі і калабарантамі, але і з рухам чэтнікаў, які імкнуўся да аднаўлення ў Югаславіі даваеннага манархічнага рэжыму.

Югаслаўскі камуністычны рух карыстаўся дыпламатычнай, а з лютага 1944 года таксама і ваеннай падтрымкай СССР. Заходнія дзяржавы, якія падтрымлівалі югаслаўскі эмігранцкі ўрад і чэтнікаў, вымушана былі лічацца з умацаваннем пазіцый НВАЮ, усталяваўшы кантакты з Вярхоўным штабам арганізацыі.