Нарыльскае паўстанне

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Нарыльскае паўстанне вязняў
Дата 26 мая4 жніўня 1953
Месца Горлаг, Таймырская (Даўгана-Ненецкая) аўтаномная акруга, Краснаярскі край, РСФСР, СССР
Вынік падаўленне паўстання
Праціўнікі
Вязні [1] МУС СССР
Камандуючыя
Старшыні камітэтаў:

1 л/а П. А. Фрэнкель
3 л/а Б. А. Шамаеў
4 л/а Я. С. Грыцак
5 л/а П. М. Фільнеў
6 л/а А. М. Зяленская

Старшыня камісіі МУС:

М. В. Кузняцоў

Сілы бакоў
16 378 чалавек няма дадзеных
Страты
Афіцыйныя дадзеныя:

150 чалавек забіта[2]
226 чалавек ранена.
Ацэнка вязняў:
1000 чалавек забіта і паранена

Урадавая ацэнка:

Няма дадзеных

Нарыльскае паўстанне — паўстанне палітычных вязняў Нарыльскага канцлагера, якое доўжылася з 26 мая па 4 жніўня 1953 года. Адным з лідараў паўстання быў беларус Рыгор Клімовіч, які напісаў гімн паўстання «Не страшны нам тыранствы бальшавізму». Па ацэнках Рыгора Клімовіча Нарыльскае паўстанне — мажліва самая значная падзея ў гісторыі беларускага антысавецкага супраціву, па яго падліках у ім брала ўдзел больш за пяць тысячаў беларусаў, чацвёра з якіх узначалілі паўстанцкія камітэты.[3]

Сітуацыя ў лагерах пасля смерці Сталіна[правіць | правіць зыходнік]

Пасля смерці Сталіна ў сакавіку 1953 г. у палітвязняў з’явілася надзея на змякчэнне надзвычай жорсткіх лагерных умоў, але палітычныя зняволеныя пад амністыю не патрапілі. Большасць палітвязняў былі ўкраінцамі, рэжым утрымання якіх быў жорсткім, таксама было шмат беларусаў. Многіх маскоўская ўлада асудзіла на так званы «бандэраўскі стандарт» — 25 гадоў зняволення. Пасля страты дарэмных надзей на перагляд спраў, канспіратыўныя цэнтры ўкраінскіх палітвязняў, якія з канца 1947 года з’явіліся ў кожным савецкім канцлагеры, пачалі падымаць палітвязняў на бунты, некаторыя з якіх перараслі ў сапраўдныя паўстанні.

Гісторыя ГУЛАГу ведае тры найбуйнейшыя з іх — Нарыльскае, Варкуцінскае 1953-га і Кенгірскае 1954 года. Менавіта яны ў корані змянілі сістэму ГУЛАГа, прымусіўшы маскоўскае кіраўніцтва рэфармаваць яе.

Горлаг — Нарыльская група канцлагераў[правіць | правіць зыходнік]

Нарыльская група канцэнтрацыйных лагераў СССР размяшчалася ў Таймырскай (цяпер Даўгана-Ненецкай) акрузе Краснаярскага краю Расіі. Усе прамысловыя прадпрыемствы гэтай акругі падпарадкоўваліся Нарыльскаму ўпраўленню лагераў, якіх было каля 40. Толькі ў раёне горада Нарыльск агульная колькасць зняволеных складала не менш за 50 000 чалавек. Зняволеныя працавалі на рудніку, вугальных шахтах, цагляным і медным заводах, хлора-кабальтавым заводзе № 25, дрэваапрацоўчым камбінаце (ДАК), а таксама ўзводзілі горад Нарыльск.

Пачатак Нарыльскага паўстання[правіць | правіць зыходнік]

Перадумовамі да паўстання стала прыбыццё ў Горлаг этапаў са зняволенымі, якія ўжо мелі вопыт удзелу ў лагерных бунтах у 1952 годзе, а таксама смерць Сталіна (5 сакавіка 1953 г.) і той факт, што амністыя распаўсюдзілася толькі на крымінальных вязняў і зняволеных з малымі тэрмінамі, адсотак якіх у Горлага быў невялікі. Многія зняволеныя былі палітычнымі. Пры гэтым крыніцы адзначаюць, што само выступленне было справакавана лагернай адміністрацыяй (стральба па жылых зонах, забойства аховай зняволеных), верагодна наўмысна — з мэтай выяўлення і ізаляцыі актыўных вязняў.

25 мая таго ж 1953 г. былі забітыя лагернай аховай вязні Жыгайлаў і Сафронік, а таксама быў паранены Дзюбук. На наступны дзень сяржант Дзятлаў аўтаматнай чаргой забіў траіх і параніў семярых вязняў 4-га і 5-га лагерных аддзяленняў. Менавіта там і пачалося паўстанне, якое ахапіла ўсе іншыя аддзяленні Нарыльскага канцлагера. Паводле Рыгора Клімовіча гэта выглядала так:

" Калі памёр Сталін, мы «адсвяткавалі» гэтую падзею. Але, па шчырасці, ані я, ані мае сябры ня верылі ў амністыю, аб якой хадзілі чуткі. Мы пераканаліся ў гэтым, калі ахова пачала страляць людзей. 25 мая надвячоркам чатыры хлапцы сядзелі пасля працы каля свайго бараку і спявалі пад гармонік. Міма ішла калона зняволеных кабетаў. Яны нас радасна прывіталі. Следам раздаліся аўтаматныя чэргі аховы. Усе чацвёра загінулі на месцы. Праз пяць хвілінаў пачалі спыняцца будоўлі.

Кіраўнікі нацыянальных грамадаў Горлагу раіліся ўсю ноч. Былі такія, што казалі, быццам без сэнсу пратэставаць. Але на раніцу мы пачалі каваць шаблі, рабіць гранаты, абкладаць грузавікі бетоннымі плітамі дзеля прарыву.

"

У адказ у 4-й зоне «Горлага» вязні спынілі працу на будплацоўцы, а на адным з дамоў, так, каб добра было відаць у іншых зонах, напісалі: «Нас забіваюць і мардуюць голадам». Кіраўніком паўстання 4-й зоны быў украінец Яўген Сцяпанавіч Грыцак, які тады застаўся жывы і да 2017 года пражываў на Івана-Франкоўшчыне ва Украіне. Вязні сабралі мітынг, на якім выступіў Грыцак з заклікам да страйку, адмовіліся вяртацца ў жылую зону.

Ход паўстання[правіць | правіць зыходнік]

На наступны дзень паўстанцаў падтрымалі вязні 5-й зоны, а затым і 6-й (жаночай), дзе ўкраінкі вывесілі лозунг «Свабода народам і чалавеку!». 1 чэрвеня да паўстанцаў далучыліся 1400 зняволеных лагернага аддзялення № 1.

5 чэрвеня 1953 г. шэсць лагерных аддзяленняў «Горлага» спынілі працу і выказалі масавае непадпарадкаванне лагернай адміністрацыі ў пяці лагерных аддзяленнях, дзе змяшчалася 16 378 зняволеных.

Агульнапрызнаным лозунгам вязняў 3-й зоны, якія абвясцілі аб паўстанні 4 чэрвеня, стала «Свабода або смерць». Яны вывесілі чорны сцяг з чырвонай палоскай, што сімвалізавала пралітую кроў у барацьбе. Члены камітэтаў паўстаўшых зон размеркавалі паміж сабой абавязкі: былі асобныя адказныя за інфармацыю, агітацыю і прапаганду, працу на кухні, у лазні і пральні, за гаспадарчыя справы, медчастку, культурна-выхаваўчую працу. У дні паўстання ў лагерных клубах праводзілі рэпетыцыі гурткоў, хораў, працавалі бібліятэкі, праходзілі канцэрты, вязні арганізоўвалі спартыўныя спаборніцтвы. Камітэты паўстанцаў лагерных аддзяленняў Нарыльска сталі адначасова заканадаўчымі і выканаўчымі, ахоўнымі і карнымі органамі. Асабліва выразна падчас паўстання яны наладзілі работу па ахове парадку. Такой дысцыпліне дзівілася нават турэмная адміністрацыя.

Кіраўнікамі паўстання ў 3-й зоне былі лідары двух украінскіх падпольных груп: вядомы дысідэнт і праваабаронца Данііл Шумук (арганізатар Украінскай самодапаможнай арганізацыі, створанай у 1948 годзе) і Сцяпан Семянюк (кіраўнік нацыяналістычнага цэнтра, да заключэння — правадыр Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў Луцкай акругі на Валыні, грамадска-палітычны рэферэнт абласнога кіраўніцтва і груп «Тураў» і «Цюцюннік» Ваеннай Акругі УПА-Поўнач, правадыр грамадска-палітычнай рэферэнтуры АУН Паўночна-заходніх украінскіх земляў).

Адным з удзельнікаў паўстання быў Мікола Конан — сябра Саюза беларускіх патрыётаў (беларуская падпольная моладзевая культурна-асветніцкая арганізацыя), які ўспамінаў пра паўстанне так: «Увесь наш лагер № 5 на працу не выйшаў. Забастовачны камітэт выставіў патрабаванні выклікаць для перамоваў прадстаўніка з Масквы. Усё ж прыбыў да нас пасланец з Масквы. У выніку перамоваў нашыя патрабаванні як быццам былі прынятыя да ўвагі. Тады мы выйшлі на працу. Аднак на тым не скончылася. Пасля стала вядома, што было забіта каля 20 чалавек з ліку паўстанцаў».

Былі створаны забастовачныя камітэты. На высокія трубы кацельняў былі паднятыя чорныя сцягі смерці і непадпарадкавання. Кругласутачна галасілі сірэны. З паветраных змеяў над Нарыльскім рассыпаліся тысячы ўлётак з заклікам падтрымаць вязняў маральна: паведаміць кіраўніцтву СССР пра гвалт над зняволенымі ў Нарыльскім лагерах. На дахах і іншых высокіх месцах былыя маракі азбукай Морзэ з дапамогай каляровых сцяжкоў ўзгаднялі і каардынавалі дзеянні паўстанцаў, а таксама паведамлялі аб падзеях з зоны ў зону. Пачала рэгулярна выпускацца насценгазета «Шыла».

Падаўленне паўстання[правіць | правіць зыходнік]

4 ліпеня ў 4-й зоне адміністрацыя паставіла ўльтыматум: выхад за зону ці расстрэл. Каб пазбегнуць кровапраліцця і захаваць людзей, Яўген Грыцак вывеў ўсіх за зону.

Пра падаўленне Рыгор Клімовіч узгадваў так: «Мы адчулі не страх, а пякучую нянавісць да катаў. Мы не кінуліся ўцякаць, а рашуча ставалі на месца забітых».

Даўжэй пратрымалася 3-я зона, якая у асноўным складалася з украінскіх і прыбалтыйскіх нацыяналістаў, асуджаных на катаржныя работы. Апошні чорны сцяг жалобы па забітых сябрах, які вязні вывесілі на пачатку паўстання, сарвалі 4 жніўня 1953 г., калі на тэрыторыю зоны ўехала сем грузавікоў з узброенымі жаўнерамі. На штурм лагера мабілізавалі і грамадзянскіх камуністаў і камсамольцаў Нарыльску, кіраўнікоў прадпрыемстваў і цэхаў заводаў і фабрык. Па афіцыйных звестках агульная колькасць загінулых склала да 150 чалавек. Іх пахавалі на могілках пад гарой імя Шміта каля горада. З усіх паўстанцаў турэмная адміністрацыя выдзеліла 2920 актывістаў — 45 з іх арыштавалі як арганізатараў, 365 — пасадзілі ў турму, 1500 — перавялі ў Магадан. Рэшту ізалявалі ў новых лагерных пунктах.

Гэта было першае і самае масавае паўстанне пасля смерці Сталіна. Важную ролю ў Нарыльскім паўстанні, якое доўжылася 61 дзень, згулялі украінцы, у тым ліку былыя байцы УПА.

Наступствы і значэнне паўстання[правіць | правіць зыходнік]

Менавіта з Нарыльскага паўстання пачаўся дэмантаж чалавеканенавісніцкай сістэмы Леніна-Сталіна. Амаль праз два месяцы пасля Нарыльскага паўстання, у Варкуцінскам лагеры «Речлаг» таксама пачаліся беспарадкі. Пасля паўстання ў Горным лагеры ў 1953 г пачынаецца вызваленне зняволеных. Загадам міністра МУС СССР ад 22 жніўня 1956 г. Нарыльскі лагер быў ліквідаваны.

Гімн паўстання[правіць | правіць зыходнік]

Аўтарам гімна з’яўялецца беларус Рыгор Клімовіч, які напісаў гімн пасля падаўлення паўстання: «Нас везлі на баржы па Енісеі ў бок Краснаярскай перасылкі. Мы ня ведалі планаў адміністрацыі. Большасць была схільная лічыць, што нас вязуць на знішчэнне. ізноў сабралася нарада кіраўнікоў нацыянальных грамадаў. Мы вырашылі, што памяць аб паўстанні не мусіць знікнуць без слядоў, а таму трэба скласці песню — гімн. Доўга раіліся, і вырашылі, што песню трэба напісаць па-расейску, бо гэта адзіная мова, зразумелая ўсім вязням. Але аўтарства даверылі мне, беларусу. Я мусіў напісаць тэкст на матыў якой-небудзь украінскай песні. Я ўзяў мелодыю адной з песняў Украінскай Паўстанцкай Арміі. Аўтарства гімну „Не страшны нам тыранствы бальшавізму“ трымалася ў вялікім сакрэце. Я ведаю, што аўтара спецслужбы шукалі доўга, ужо калі не існавала сістэму ГУЛАГу. Добра, што захаваліся сведкі, якія ў 1991 годзе на сусветным Кангрэсе ўкраінскіх палітзняволеных засведчылі маё імя як аўтара.»

Тэкст гімну:

Арыгінал на рускай Пераклад на беларускую (тарашкевіцай)
Не страшны нам тиранства большевизма,
Мы знали горе свыше всяких мер.
Известны нам все ужасы чекизма
И плач людей на землях СССР.
Познали мы застенки заключенья
И лагеря, где каждый жертвой был.
Расстрел безвинных в зоне оцепленья
Ответным воплем тундру разбудил.
Мы заявили всей орде кремлевской
Святой протест насилию и злу.
И черный флаг с кровавою полоской
Псов на цепь взять приказывал Кремлю.
Мы встали рядом брат около брата
За право жить без тюрем и цепей.
Напрасно смерть дышала с автоматов
И псы рычали в ярости своей.
Нас не сломить рукой раба-солдата
Свободы клич сгибает сталь штыков
И не сдержать кровавым водопадом
Растущий гнев антибольшевиков.
В крови зэка омылась наша слава
В режимных зонах Горных лагерей.
Из тьмы встает свободная держава.
Огни Норильска не погаснут в ней.
Дыханье жертв Комиссии московской
Мы воздадим, напомним о себе,
И черный флаг с кровавою полоской
Нам путь осветит в праведной борьбе.
Не страшныя нам тыранствы бальшавізму,
Адведалі мы гора звыш усялякіх мер.
Вядомыя нам усе ўжасы чэкізму
Ды плач людзей на землях СССР.
Пазналі мы засьценкі затачэньня
І лягеры, дзе ахвярай кожны быў.
Расстрэл бязьвінных у зоне ачапленьня
Зваротным крыкам тундру абудзіў.
Мы заявілі ўсёй ардзе крамлёўскай
Сьвяты пратэст гвалтоўнасьці і злу.
І чорны сьцяг з крываваю палоскай
Псоў на ланцуг узяць наказываў Крамлю.
Мы ўсталі побач брат ля брата
За права жыць бяз турмаў, ланцугоў.
Дарма сьмерць дыхала нам з аўтаматаў
І чутнае было гырканьне злых псоў.
Нас не зламіць рукой раба-салдата
Свабоды кліч згінае сталь штыкоў
І не стрымаць крывавым вадаспадам
Растучы гнеў антыбальшавікоў.
Абмылася ў крыві зэка нашая слава
У рэжымных зонах Горных лягероў.
І зь цемры ўстане вольная дзяржава.
Не загасіць у ёй Нарыльскіх тых агнёў.
Подых ахвяр Камісіі маскоўскай
Мы ўшануем, нагадаем пра сябе,
І чорны сьцяг з крываваю палоскай
Нам шлях асьвеціць у справядлівай барацьбе.

[4][5]

Упершыню гімн быў афіцыйна выкананы ў 1991 г. у Кіеве на першым міжнародным кангрэсе вязняў ГУЛАГа, а потым у 1992 г. у Маскве на першай міжнароднай канферэнцыі «Супраціў у ГУЛАГу». Мелодыяй гімна з’яўляецца мелодыя песні УПА «Мов той олень, що загнаний в болото». Гімн перакладзены на беларускую, украінскую, польскую, нямецкую і літоўскую мовы.

Вядомыя беларускія ўдзельнікі паўстання[правіць | правіць зыходнік]

Паводле Рыгора Клімовіча, беларуская грамада ў Горлагу налічвала больш за 5000 чалавек, з яе кіраўнікоў падчас Нарыльскага паўстання ён праз вялікі час памятае толькі 25 чалавек. Дзякуючы гэтым людзям, на думку Клімовіча, была найбольш арганізаванай і стойкай.

  • Бабіч Янка — Глыбокае; член Саюза беларускіх патрыётаў, навучэнец педвучылішча; падчас паўстання целаахоўнік Клімовіча.
  • Багод’я Уладзімір — Глускі раён; селянін.
  • Байда Уладзімір[ru] — Магілёў; пілот; уваходзіў у склад паўстанцкага камітэта 5-га аддзялення Горлага (Клімовіч памылкова называе яго першым беларусам — Героем Савецкага Саюза).
  • Барысенка Міхась — Гомель; мастак.
  • Бічэль Станіслаў — Брэсцкая вобласць; інжынер-будаўнік; у Горлагу начальнік будаўніцтва шыхтавага корпуса Меднаплавільнага завода.
  • Забэйда Уладзімір — Ляхавічы; загінуў падчас паўстання.
  • Ермаловіч Bіктap — Віцебская вобл.; студэнт.
  • Каваленка Леў — Мінск; юрыст; уваходзіў у склад паўстанцкага камітэта.
  • Казак Кастусь — Маладзечна; тэхнолаг.
  • Каўтуноў Іван — Гомель; настаўнік.
  • Конан Мікола — Паставы; член Саюза беларускіх патрыётаў, навучэнец педвучылішча.
  • Консшаў Іван — Мінская вобл.; слесар.
  • Крот Сямён — Глуск; вучань 9 кл., здольны шахматыст; падчас паўстання і пазней трымаў касу ўзаемадапамогі беларуская лагернай грамады.
  • Aіc Мікола — Брэст; электрык.
  • Miлeвіч Алесь — Браслаў; эканаміст.
  • Мінец Віктар — Мінск; друкар.
  • Навумовіч Іван — Мінск; інжынер-будаўнік; у Горлагу начальнік будаўніцтва канвертарнага цэху Меднаплавільнага завода.
  • Раманчук Іван — Гродзенская вобл.; настаўнік.
  • Сафрановіч Юля — Мінская вобл.; настаўніца; уваходзіла ў склад паўстанцкага камітэта 6-га жаночага аддзялення.
  • Стэльмах Уладзімір — Віцебск; тэхнік.
  • Хромчанка Мікола — Касцюковічы; нарміроўшчык.
  • Шавейка Алесь — Віцебская вобл.; геадэзіст; загінуў падчас паўстання.
  • Шэйбак Анатоль — Пінск; навучэнец.
  • Шчэрбач Васіль, — Касцюковічы; інжынер.
  • Ягоўдзік Мікола — Глыбокае; інжынер.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Копія малюнку Вольгі Барысенка на вокладцы кнігі ўспамінаў Яўгена Грыцяка «Нарыльскае паўстанне» (Львоў, 2004) малюнак аўтарызаваны Е. Г.
  2. Макарова Алла Норильское восстание. // Воля. 1/1993. http://www.memorial.krsk.ru/Articles/Makarova/0.htm
  3. http://www.slounik.org/154824.html Біяграфія Рыгора Клімовіча
  4. http://pmem.ru/index.php?id=6503 Восстание в Горном лагере. Григорий Климович (руск.)
  5. http://www.memorial.krsk.ru/Articles/Golgofa/07.htm Архівавана 28 студзеня 2017. Норильская Голгофа (руск.)

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]