Нарымонт Гедзімінавіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Нарымант
Партрэтная фантазія польскага мастака XVIII ст.
Партрэтная фантазія польскага мастака XVIII ст.
Князь полацкі
1335 — 1345
Папярэднік Воін
Пераемнік Андрэй Альгердавіч
Князь пінскі
 — 1348
Папярэднік Гедзімін
Пераемнік Васіль Нарымонтавіч

Нараджэнне 1294
Смерць 2 лютага 1348
Род Гедзімінавічы
Бацька Гедзімін
Маці Еўна
Дзеці Патрыкей Нарымонтавіч[d], Юрый Нарымонтавіч[d], Васіль Нарымонтавіч і Аляксандр Нарымонтавіч[d]
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Нарымонт-Глеб Гедзімінавіч (Нарымунт, Нарымант; ~1295 — 2 лютага 1348) — князь полацкі (1333/1334—1345).

Другі сын вял.кн. Гедзіміна. Упершыню згадваецца пад 1331 года, калі Гедзімін затрымаў на Валыні наўгародскага архіепіскапа Васіля і адпусціў толькі з умовай абрання Нарымонта князем у Ноўгарадзе.

Імя[правіць | правіць зыходнік]

Імя Нарымант (Нормант) — з шэрагу старабалцкіх (старалітоўскіх) двухасноўных імёнаў. Такія імёны дайшлі з індаеўрапейскай эпохі і ўласцівыя іменнікам народаў індаеўрапейскага паходжання[1].

Адпаведныя імёны фіксуюцца ў сучасным літоўскім іменніку і ў старапрускім іменніку: літ. Nor-mantas, Nor-i-mant'as, Nar-mant'as, Nar-i-mant'as[2], пруск. Noremunt (спаланізаваная форма)[3].

Першая аснова імені Nor- надзвычай папулярная ў літоўскай антрапаніміі, вядома пад сотню двухасноўных антрапонімаў з яе удзелам і столькі ж — аднаасноўных. Звязана з літоўскім norėti "хацець, прагнуць"[4].

Другая аснова Mant- звязаная з літоўскім manta "перасоўная маёмасць; (ваенная) здабыча". Яно, у сваю чаргу, звязана з manyti, адно са значэнняў якога (апроч асноўнага "думаць, меркаваць") — "займець, здабыць"[5].

Імя мела значыць "прагны да здабычы" і ўяўляла сабой імя-пажаданне.

Вядомы звесткі[правіць | правіць зыходнік]

Прыбыў у Ноўгарад кастрычнікам 1333 года, атрымаў у кармленне Ладагу, Арэшак, Карэлу і палову Капор’я. Каля 1335 паехаў з Ноўгарада, хутчэй за ўсё, каб заняць полацкі сталец пасля смерці князя Воіна. Пакінуў у Ноўгарадзе намеснікам свайго сына Аляксандра.

У 1338 годзе адмовіўся прыехаць на дапамогу наўгародцам для адбіцця шведскай агрэсіі і нават адклікаў Аляксандра з Арэшка. Намеснікі Нарымонта, аднак, заставаліся ў Арэшку да 1348 года. Каля 1338 года разам з полацкім епіскапам Рыгорам падпісаў дагавор з Рыгай[6]. Ускосна згадваецца як полацкі кароль у дагаворы Смаленска з Рыгай (каля 1340).

Паводле Летапісца вялікіх князёў літоўскіх па Гедзіміне атрымаў Пінскае княства «зо всеми околичностями над Припетю рекою аж до Днепра», якое заставалася і за яго нашчадкамі — Нарымонтавічамі да канца XIV ст. У 1341—1345 гадах быў буйнейшым землеўладальнікам і, відаць, найуплывовейшым князем ВКЛ. Супраць яго і вял.кн. Яўнута выступілі браты Альгерд і Кейстут. Пасля заняцця Альгердам вялікакняскага стальца (1345) Нарымонт уцёк да залатаардынскага хана Джанібека, а Альгерд перадаў Полацкае княства свайму сыну Андрэю. Нарымонт вярнуўся ў ВКЛ каля 1346 года, у 1347 годзе браў удзел у паходзе супраць Тэўтонскага ордэна, загінуў у бітве на рацэ Стрэве (2.2.1348).

Зноскі

  1. T. Milewski. Indoeuropejskie imiona osobowe. Wrocław-Warszawa-Kraków, 1969. С. 11-13.
  2. Z. Zinkevičius. Lietuvių asmenvardžiai. Vilnius, 2008. С. 120, 122-123.
  3. R. Trautmann. Die altpreußischen Personennamen. Göttingen, 1974. С. 72.
  4. Z. Zinkevičius. Lietuvių asmenvardžiai. Vilnius, 2008. С. 123.
  5. Lit. zweistämmige Personennamen mit mant- und mantà "bewegliche Habe" // Pranas Skardžius. Rinktiniai raštai. T. 4. Vilnius, 1998. C. 758-763.
  6. Захаваўся толькі дадатак пра вольны гандаль. Дагавор раней памылкова датаваўся 1330 годам.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]