Насельніцтва Антыгуа і Барбуды

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

На 2018 год ўсё насельніцтва Антыгуа і Барбуды (каля 100 тыс.чал.) пражывае на востраве Антыгуа. Да ўрагана Ірма (верасень 2017) насельніцтва Барбуды складала 1638 чалавек, усе яны напярэдадні катастрофы былі эвакуяваны на Антыгуа.

Дынаміка колькасці насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]

Полава-ўзроставая піраміда, 2016

Пачынаючы з 1990-х насельніцтва Антыгуа паступова расце, у 2017 натуральны прырост склаў каля 1 %, міграцыйны — каля 0,2 %[1]. Эканамічныя поспехі маленечкай дзяржавы дазволелі пераадолець негатыўныя тэндэнцыі 1980-х, калі склаўся пагрозлівы для існавання нацыі ўзровень эміграцыі. З таго часу шмат антыгуанцаў жыве па-за межамі краіны, пераважна ў Вялікабрытаніі, ЗША, Канадзе. Ў 2010-я асноўны прыток імігрантаў прыходзіўся на Дамініканскую рэспубліку, Ямайку, Гаяну, Нігерыю

Расавы і этнічны склад[правіць | правіць зыходнік]

Карнавал на Антыгуа

Большасць антыгуанцаў маюць заходнеафрыканскае, брытанскае, мадэйрыянскае паходжанне. Гэта абумоўлівае перавагу цёмнага спектру ў адценнях скуры: 91 % насельніцтва краіны — негры і мулаты, 4,4 % — метысы і самба, 1,7 % — белыя, астатнія маюць пераважна азіяцкае паходжанне (усходнія індыйцы ды іншыя). На Антыгуа жывуць каля 4,5 тыс. грамадзян ЗША, гэта буйнейшая дыяспара на англамоўных усходніх Карыбах.

Мовы[правіць | правіць зыходнік]

Дзяржаўнай мовай з’яўляецца англійская, гутарковай — яе крэольская форма (з дамешкам афрыканскіх словаў і сінтаксісу), якой цураюцца вышэйшыя класы грамадства. Шмат прыказак, што ўжываюцца на астравах, вы пачуеце ў Заходняй Афрыцы. Антыгуанскі акцэнт адрозніваецца ад барбуданскага. Каля 10 000 чалавек валодаюць іспанскай мовай.

77 % насельніцтва — хрысціяне, пераважна пратэстанцкіх дэнамінацыяў (адвентысты і інш.), каталікоў толькі 8 %. Іншыя веры: растафарыянства, іслам, бахаізм.

Гараджане складаюць усяго чвэрць насельніцтва краіны, амаль усе яны (21 000) жывуць у сталіцы — горадзе Сент-Джонсе. Адзіны горад на Барбудзе — Кодрынгтан — разбураны і па сёння нежылы.

Зноскі