Насельніцтва Бурундзі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Дзеткі ў Бужумбуры

Насельніцтва Бурундзі характарызуецца агульнымі для краін Трапічнай Афрыкі працэсамі і асаблівасцямі: неверагодна высокімі нараджальнасцю і натуральным прыростам, перавагай маладога насельніцтва, высокай дзіцячай смяротнасцю, нізкім узроўнем урбанізацыі, занятасцю большай паловы насельніцтва ў сельскай гаспадарцы.

Этнічны склад насельніцтва амаль аднародны. Большасць складае народ рундзі. Аднак ён падзяляецца на 3 галіны, якія маюць рознае паходжанне. Колькасна пераважаюць хуту (85 %), другая значная група — тутсі, дзе-нідзе жывуць старажытныя тва. Дзяржаўныя мовы — французская і кірундзі. Станам на 2019 год у гарадах жыве ўсяго 13,4 % насельніцтва, прычым дзевяць дзясятых гараджан прыпадае на сталічную агламерацыю. Адметная рыса Бурундзі — незвычайна высокая шчыльнасць насельніцтва.

Дэмаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Полава-ўзроставая піраміда Бурундзі, 2015

У 1950-м у Бурундзі жылі 2,5 млн чалавек, у 2020 — амаль 12 млн. Гэта азначае, што натуральны прырост насельніцтва Бурундзі такі ж высокі (2,85 % у 2020), як і паўсюль у Трапічнай Афрыцы.[1] На адну бурундзійку прыходзіцца ў сярэднім 5,3 дзяцей. Не дзіва, што асобы да 15 гадоў складаюць 44 % насельніцтва — гэта ўтрая-ўчацвёра вышэй за еўрапейскія паказчыкі, а сярэднестатыстычнаму жыхару краіны няма і 18 гадоў. Сярэдняя працягласць жыцця апошнім часам узрасла да амаль 67 гадоў, таму каэфіцыент смяротнасці ў Бурундзі адзін з самых нізкіх у свеце (усяго 6 ‰).

Народы і мовы[правіць | правіць зыходнік]

У этнічным складзе насельніцтва пераважаюць хуту (85 %), другі значны народ — тутсі, распаўсюджаны таксама тва. Дзяржаўныя мовы — французская і кірундзі (або проста рундзі, мова групы нігер-конга). У 2014 трэцяй дзяржаўнай мовай стала англійская.[2]

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Больш за 80 % насельніцтва вызнаюць хрысціянства (у асноўным каталіцтва, 15-25 % — пратэстанты розных дэнамінацый), ад 2 да 5 % — мусульмане-суніты (пражываюць пераважна ў гарадах), астатнія бурундзійцы трымаюцца мясцовых традыцыйных вераванняў.

Размяшчэнне і рассяленне[правіць | правіць зыходнік]

Цэнтральная вуліца Бужумбуры

Край адрозніваецца незвычайна высокай шчыльнасцю насельніцтва (больш за 400 чалакек на км²), у Афрыцы паказчык вышэй толькі ў суседняй Руандзе і на некаторых астравах. Жыхары размеркаваны па краіне даволі раўнамерна, але найбольш густа заселеныя поўнач і ўзбярэжжа возера Танганьіка. Узровень урбанізацыі вельмі нізкі — станам на 2019 у гарадах жыве ўсяго 13,4 % насельніцтва. Прычым, як гэта часта бывае ў краінах, што развіваюцца, роля сталічнай агламерацыі гіпертрафавана: у Бужумбуры і ваколіцах жыве больш за мільён чалавек — ледзьве не ўсё гарадское насельніцтва Бурундзі. Наданне сталічных функцый гораду Гітэга — старая сталіца і другі па велічыні (41 тыс.жыхароў) населены пункт краіны — мусіць прывесці да яго паскоранага росту.

Узровень пісьменнасці[правіць | правіць зыходнік]

Каля 32 % насельніцтва Бурундзі непісьменныя, і гэта пры тым што за пачатковы адрэзак ХХІ стагоддзя непісьменнасць значна скарацілася. Меней за 60 % дзяцей наведваюць пачатковую школу.

Зноскі