Насельніцтва Канады

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Насельніцтва Канады пераважна эмігранцкага паходжання. Перасяленцы з усяго свету згуртаваныя тут у стракатую мульцікультурную супольнасць. Пры гэтым Канада — класічная двухмоўная краіна (каля 40 % насельніцва — англаканадцы, 26 % — франкаканадцы) з дзвюма дзяржаўнымі мовамі на ўсіх узроўнях. Найбуйнейшымі гарадамі з'яўляюцца Таронта, Манрэаль і Ванкувер. Для Канады характэрны адзін з самых нізкіх у свеце паказчыкаў шчыльнасці насельніцтва (3,9 чал/кв.км.). Большасць канадцаў жыве ўздоўж мяжы з ЗША.

Дэмаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Полава-ўзроставая піраміда, 2016

Насельніцтва Канады на пачатак 2019 года складае 37,5 мільёнаў чалавек (38 месца ў свеце). Перапіс 2001 зарэгістраваў 30.007.094 канадцаў. Такім чынам, за 18 гадоў жыхароў краіны стала амаль на чвэрць больш. У другой палове 2010-х для Канады характэрныя невысокія, але стабільныя дадатныя тэмпы росту насельніцтва — каля 0,7 % штогод). Натуральны прырост блізкі да нуля (1,4 на 1000 у 2018)[1]. 70 % канадцаў жывуць у сем'ях. Сярэдні памер канадскай сям'і — 2,5 чалавекі. Нараджальнасць змяншаецца, і насельніцтва — як і паўсюль у развітым свеце — старэе. Сярэдняму канадцу ў 2018 было 42,5 гады. Да такой статыстыкі спрычынілася і вялікая працягласць жыцця, якая ў 2018 склала 82 гады.

Іміграцыя[правіць | правіць зыходнік]

У ХХІ стагоддзі прырост адбываецца, як і калісьці, у асноўным за кошт іміграцыі (5,7 чалавек на 1000 у 2018, адзін з найвышэйшых паказчыкаў у свеце).Такім чынам, доля мігрантаў у агульным прыросце складае больш за 75 %. Варта дадаць, што і канадскае грамадства, і канадскі ўрад падтрымліваюць іміграцыю, якая ў апошнія дзесяцігоддзі набыла выразныя азіяцкія вытокі. Перасяленцы аддаюць перавагу буйным гарадам, асабліва Ванкуверу і Таронта. Канада ахвотна дае прытулак і бежанцам — на краіну кляновых лісцяў прыходзіцца 10 % іх сусветнага прыёму.[2]

Этнічны склад[правіць | правіць зыходнік]

Калідор Квебек-Уінсар, найбольш густазаселены і высокаўрбанізавны раён Канады

Паводле перапісу 2016 года ў Канадзе жывуць 43 этнічныя групы, якія складаюцца як мінімум з 100 000 чал. Самая вялікая этнічная група называе сябе канадцамі (32,3%). Далей ідуць англічане (18,3), шатландцы (14), французы (13,6), ірландцы (13,4), немцы (9,6), італьянцы, кітайцы, украінцы, галандцы, палякі, індыйцы, беларусы (10505 чалавек)[3]. Да карэннага насельніцтва адносяцца індзейцы (каля 4 %) і эскімосы — прадстаўнікі мангалоіднай расы. За апошнія паўстагоддзі з 2 да 22 % (паводле перапісу 2016) вырасла доля так званых visible minorities. Так называюць жыхароў краіны, вонкава адрозных ад еўрапейскіх мігрантаў і карэннага насельніцтва. Сярод visible minorities найбольшую ўдзельную вагу маюць кітайцы, паўднёваазіяты (па 5 %) і афраканадцы (3,5 %). Многія жыхары Канады не могуць вызначыцца з этнічнай прыналежнасцю і называюць адразу некалькі групаў, што робіць суму нацый нашмат большую за 100 %.

Мовы[правіць | правіць зыходнік]

Мовы Канады (1 — англійская, 3 — французская, 2 — двухмоўны пояс)

У Канадзе выкарыстоўваецца мноства моваў, але галоўных дзве: англійская, родная для 56 % канадцаў і французская, матчыная для 21 %.[4] Гэтыя мовы з'яўляюцца ў Канадзе афіцыйнымі, на іх вядуцца ўсе дзяржаўныя і прыватныя справы. Тым не менш, кожная правінцыя мае адну "афіцыйную" мову (8 — англійскую, 1 (Квебек) — французскую). Адзінай афіцыйна двухмоўнай правінцыяй з'яўляецца Нью-Брансуік. Больш за 20 % жыхароў Канады назвалі роднай нейкую іншую мову, найбуйнейшыя сярод якіх — кітайская (1,23 млн носьбітаў), пенджабская, іспанская, тагальская, арабская (кожная 0,4-0,5 млн). Нацыяльным меншасцям гарантаваныя школы на родных мовах ва ўсіх правінцыях і на ўсіх тэрыторыях.

Рэлігіі[правіць | правіць зыходнік]

Са стракатага этнічнага складу вынікае выключная рэлігійная разнастайнасць Канады, дэмакратычны лад гарантуе свабоднае веравызнанне і павагу да правоў усіх вернікаў. Царква ў сучаснай Канадзе аддзелена ад дзяржавы і мае ўсё меншую ролю ў паўсядзённым жыцці людзей. Пры гэтым большасць канадцаў верыць у Бога. Згодна з апытаннем 2011, 68 % жыхароў Канады — хрысціяне, з іх большая палова — каталікі, яшчэ дзве пятых — пратэстанты (найбуйнейшая пратэстанцкая дэнамінацыя — Аб'яднаная царква Канады, следам ідуць англікане і баптысты). Колькасць атэістаў і агностыкаў у 2001 - 2011 павялічылася з 16 да 22 %. Разам з іміграцыяй расце кольскасць мусульман, індуістаў, сікхаў (3,2 %, 1,5 %, 1,4 % у 2011 адпаведна).[5]

Размяшчэнне насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]

Размеркаванне насельніцтва па правінцыях і тэрыторыях (ліпень 2013)

Канада вылучаецца вельмі нізкай шчыльнасцю насельніцтва (каля 4 чал на кв. км.) і даволі нераўнамерным яго размяшчэннем. Нягледзячы на вялікую плошчу, прыблізна ¾ насельніцтва Канады пражывае ў межах 160 км ад мяжы з ЗША, а 95 % — на поўдзень ад 55° пн.ш. [6]. Найбольш населеныя правінцыі — Антарыа і Квебек. Ва ўсіх тэрыторыях узятых разам налічваецца 120 тысяч чалавек. Палова канадцаў жыве ў калідоры Квебек-Уінсар ўздоўж Вялікіх азёр і ракі Святога Лаўрэнція. Вялізныя абшары поўначы Канады маюць рэдкае тубыльскае (эскімосы) насельніцтва, дзе-нідзе сустракаюцца пасёлкі гарнякоў, метэастанцыі.

Гарады[правіць | правіць зыходнік]

Панарама Манрэаля, Канада

Канада адносіцца да высокаўрбанізаваных краін свету. Гарадское насельніцтва, якое складае 81 %, сканцэнтравана ў калідоры Квебек-Уінсар (у прыватнасці гарадскія агламерацыі Таронта-Гамільтан, Манрэаль і Атава-Гатына), на кантынентальных раўнінах Брытанскай Калумбіі (ад ваколіц Ванкувера да канца даліны ракі Фрэйзер) і ў калідоры Калгары-Эдмантан ў Альберце[7]. каля 40 % гаражан жывуць у трох найбуйнейшых агламерацыях: Таронта (ў агламерацыі жыве 5,9 млн), Манрэалі (4,1), Ванкуверы (2,5). Усяго мільённых агламерацый 6: ад 1,3 да 1,5 млн. жыхароў перапіс 2016 адзначыў таксама ў Калгары, Атава-Гатына, Эдмантане.

Зноскі

  1. https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/ca.html Архівавана 11 красавіка 2020.
  2. https://books.google.by/books?id=K0YwAJ7MpswC&pg=PA92&redir_esc=y#v=onepage&q&f=false
  3. Ethnic origins, 2006 counts, for Canada, provinces and territories — 20 % sample data Архівавана 11 снежня 2020.
  4. https://www12.statcan.gc.ca/census-recensement/2016/dp-pd/prof/details/page.cfm?Lang=E&Geo1=PR&Code1=01&Geo2=PR&Code2=01&Data=Count&SearchText=canada&SearchType=Begins&SearchPR=01&B1=All&TABID=1
  5. http://www.pewforum.org/2013/06/27/canadas-changing-religious-landscape/
  6. Custred, Glynn (2008). "Security Threats on America's Borders". In Alexander Moens (рэд.). Immigration policy and the terrorist threat in Canada and the United States. Fraser Institute. p. 96. ISBN 0889752354.
  7. Urban-rural population as a proportion of total population, Canada, provinces, territories and health regions. Statistics Canada (2001). Архівавана з першакрыніцы 21 жніўня 2011. Праверана 23 красавіка 2009.