Насельніцтва Нігерыі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Нігерыя з насельніцтвам амаль 200 млн чалавек з'яўляецца сёмай паводле колькасці насельніцтва краінай у свеце, і нават кансерватыўныя ацэнкі колькасці насельніцтва Афрыкі прыводзяць да высновы, што больш за 20 % чорнага насельніцтва свету пражывае ў Нігерыі. Нізерыя з'яўляецца самай населенай краінай у Афрыцы, у наступнай краіне — Эфіопіі — пражывае некалькі болей за 100 млн чал.. Нацыянальныя вынікі перапісу ў апошнія некалькі дзесяцігоддзяў былі даволі спрэчнымі. Вынікі апошняга перапісу насельніцтва былі выпушчаныя ў снежні 2006 года, паводле якіх насельніцтва краіны складала 140 003 542 чалавек. Сённяшняя лічба колькасці насельніцтва атрымана метадам ацэнкі.

Асноўныя дэмаграфічныя паказчыкі[правіць | правіць зыходнік]

Насельніцтва Нігерыі[1]
Год Мільёнаў
1971 55.1
1980 71.1
1990 94.5
2000 124.8
2004 138.0
2008 151.3
2017 190.3

Пачынаючы з другой паловы ХХ ст, насельніцтва Нігерыі расло вельмі хуткімі тэмпамі. У 1950 годзе у Нігерыі пражывала толькі 33 мільёны чалавек[2]. Да 1990 яно вырасла ўтрая. Павелічэнне насельніцтва ў Нігерыі з 1990 па 2017 годы склала 95 млн чалавек, г.зн., яго колькасць вырасла яшчэ ўдвая[1]. Сёння (2017) прырост застаецца вельмі высокім — 2,4 %. Сумарны каэфіцыент нараджальнасці у 2017 годзе склаў 5,07[3]. Амаль палову насельніцтва складаюць дзеці і падлеткі да 15 гадоў, што робіць Нігерыю адной з наймаладзейшых краін свету. Паводле прагнозаў ААН Нігерыя з'яўляецца адной з васьмі краін, на якія, як чакаецца, прыйдзецца палова агульнасусветнага прыросту насельніцтва з 2005 па 2050 гады[4]. Да 2100 года, паводле ацэнак ААН, нігерыйскае насельніцтва будзе складаць не менш чым 730 мільёнаў чалавек[5].

Этна-лінгвістычныя групы[правіць | правіць зыходнік]

Этнічная карта Нігерыі

У Нігерыі пражывае больш чым 250 этнічных груп з рознымі мовамі і звычаямі. Найбуйнейшымі этнічнымі групамі з'яўляюцца хаўса, ёруба, ігба, на якія прыходзіцца 62% насельніцтва, у той час як на народнасці эда, іджа, кануры, ібібіа, эбіра, нупэ, гвары, ітсекіры, джукун, уроба, ігала, адома прыходзіцца 33% насельніцтва, іншыя меншасці складаюць 5% насельніцтва[6]. Сярэдняя паласа Нігерыя вядомая сваёй разнастайнасцю этнічных груп. Афіцыйныя дадзеныя насельніцтва па кожнай з нацыянальнасцей Нігерыі заўсёды заставаліся супярэчлівымі і спрэчнымі[7][8][9].

У Нігерыі маюцца невялікія меншасці англійскіх, амерыканскіх, індыйскіх, кітайскіх (каля 50 000 чалавек)[10], белых зімбабвійскіх[11], японскіх, грэчаскіх, сірыйскіх і ліванскіх імігрантаў. Імігранты таксама ўключаюць перасяленцаў з суседніх заходнеафрыканскім ці ўсходнеафрыканскіх краін. Гэтыя меншасці пражываюць галоўным чынам у буйных гарадах, як Лагас і Абуджа, а таксама ў рэгіёне дэльты ракі Нігер, дзе працуюць у якасці наёмных працаўнікоў буйных нафтавых кампаній. Таксама ў Нігерыі маюцца кубінцы, якія перасяліліся сюды пасля кубінскай рэвалюцыі.

Рэлігія ў Нігерыі[правіць | правіць зыходнік]

Нацыянальная царква ў Абуджы
Нацыянальная мячэць у Абуджы

У Нігерыі ёсць дзве галоўныя рэлігіі. Іслам дамінуе на поўначы краіны, таксама распаўсюджаны ў паўднёва-заходняй яе частцы, сярод народа ёруба. У 12 штатах Нігерыі дзейнічаюць законы шарыяту. Пратэстантызм і мясцовае сінкрэтычнае хрысціянства таксама распаўсюджаны сярод ёруба, у той час як каталіцызм пераважае ў народа ігба. Пратэстантызм і каталіцызм вызнаюць народы: ібібіа, ананг  (англ.) і эфік.

Рэлігія Год перапісу Колькасць вернікаў[12] Працэнт ад агульнага ліку насельніцтва
Іслам 2009 78 056 000 50.4 %[12]
Хрысціянства 2009 76 281 000 48.2 %[13]
Іншыя 2009 невядома 1.4 %[13]

Рэлігійныя сутыкненні ў Нігерыі[правіць | правіць зыходнік]

Рэлігійныя сутыкненні адбываюцца паміж прадстаўнікамі розных рэлігійных груп, такімі як мусульмане і хрысціяне. Урад Нігерыі таксама ўдзельнічае ў гэтым канфлікце, рэгулярна пасылаючы войскі і паліцыю для таго каб спыніць масавыя забойствы. Паўночная частка Нігерыі (дзе большасць складаюць мусульмане) з 1999 года жыве па законах шарыяту.

Размяшчэнне і рассяленне[правіць | правіць зыходнік]

Размеркаванне насельніцтва Нігерыі

Нігерыя адрозніваецца высокай шчыльнасцю насельніцтва — амаль 200 чалавек на кв.км. Гэта адзін з найвышэйшых паказчыкаў у Афрыцы, па шчыльнасці насельніцтва Нігерыю пераўзыходзяць толькі Руанда і невялікія астраўныя дзяржавы. Па тэрыторыі краіны насельніцва размеркавана раўнамерна, гусцей заселена паўднёва-заходняя частка. Каля паловы нігерыйцаў у 2017 годзе пражывала ў гарадах. У Нігерыі па меншай меры дзевяць гарадоў (2018), якія маюць насельніцтва больш за 1 мільён чалавек: Лагас (13,5 млн), Кано (3,8 млн), Ібадан (3,4 млн), Абуджа (2,9 млн), Порт-Харкорт (2,3 млн) і Бенін-Сіці, Кадуна, Анітша і Аба)[14]. У Лагасе пражывае больш за 13 мільёнаў чалавек, гэта адзін з найбуйнейшых гарадоў Афрыкі і свету. Іншыя гарады: Ашогба, Джос, Ілеша, Ілорын.

Зноскі

  1. а б CO2 Emissions from Fuel Combustion Архівавана 21 кастрычніка 2011. Population 1971-2008 IEA
  2. Kent, Mary Mederios; Carl Haub (December 2005). «The Demographic Divide: What It Is and Why It Matters» Архівавана 26 красавіка 2011.. Population Reference Bureau.
  3. https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/ni.html Архівавана 24 кастрычніка 2020.
  4. «World population to increase by 2.6 billion over next 45 years, with all growth occurring in less developed regions». UN.
  5. «Population Division of the Department of Economic and Social Affairs of the United Nations Secretariat». UN. 2010.
  6. Geographica: The complete Atlas of the world, «Nigeria», (Random House, 2002).
  7. Onuah, Felix (29 December 2006). «Nigeria gives census result, avoids risky details» Архівавана 26 студзеня 2009.. Reuters
  8. Lewis, Peter (2007). «Growing Apart: Oil, Politics, and Economic Change in Indonesia and Nigeria». University of Michigan Press. p. 132. ISBN 0-472-06980-2.
  9. Suberu, Rotimi T. (2001). «Federalism and Ethnic Conflict in Nigeria». US Institute of Peace Press. p. 154. ISBN 1-929223-28-5.
  10. Politzer, Malia (August 2008). «China and Africa: Stronger Economic Ties Mean More Migration». Migration Information Source.
  11. Simpson, Sarah (August 2008). «Why white Zimbabwean farmers plan to stay in Nigeria». The Christian Science Monitor.
  12. а б http://pewforum.org/newassets/images/reports/Muslimpopulation/Muslimpopulation.pdf Архівавана 25 ліпеня 2013.
  13. а б "Nigeria: Facts and figures". BBC News. April 17, 2007.
  14. https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/ni.html Архівавана 24 кастрычніка 2020.