Натуна
Натуна | |
---|---|
індан. Natuna | |
Характарыстыкі | |
Колькасць астравоў | 272 |
Найбуйнейшы востраў | востраў Натуна-Бесар |
Агульная плошча | 1 993 км² |
Найвышэйшы пункт | 1 035 м |
Насельніцтва | 69 319 чал. (2010) |
Шчыльнасць насельніцтва | 34,78 чал./км² |
Размяшчэнне | |
4°00′ пн. ш. 108°15′ у. д.HGЯO | |
Акваторыя | Паўднёва-Кітайскае мора |
Краіна | |
Астравы Натуна (індан.: Kepulauan Natuna) — архіпелаг у Паўднёва-Кітайскім моры. Уваходзіць у склад інданезійскай правінцыі Рыау. Агульная плошча — 1993 км². Насельніцтва (2010 г.) — 69 319 чал.
Геаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Ланцуг з 272 астравоў Натуна размешчаны на поўдні Паўднёва-Кітайскага мора. Ён знаходзіцца ўсяго за 67 км ад паўночнага ўзбярэжжа вострава Калімантан, за 532 км ад паўднёвага ўзбярэжжа В’етнама, за 138 км на ўсход ад астравоў Анамбас, за 1030 км на поўнач ад Джакарты, за 8968 км на паўднёвы ўсход ад Мінска.
Большасць астравоў з’яўляюцца часткай кантынентальнага шэльфа. Утвораны каля 8 тысячагоддзя да н. э. у выніку павышэння ўзроўню акіяна. Берагі атачаюць каралавыя рыфы. На многіх астравах заўважны выхады граніту, якія месцамі фарміруюць горы і ўзгоркі. Найвышэйшы пункт — гара Ранаі (1035 м) на востраве Натуна-Бесар. Не далёка ад яе знаходзіцца прыродны парк Аліф, дзе на плошчы 3 га можна бачыць скалы самых незвычайных форм. На шэльфе каля астравоў знойдзены значныя запасы прыроднага газу.
Клімат трапічны мусонны. Сярэдняя тэмпература +27,1 °C. Найбольш сухая пара году — з сакавіка да ліпеня.
Прырода
[правіць | правіць зыходнік]Прыродны свет астравоў Натуна адрозніваецца пэўнай разнастайнасцю. На многіх астравах захаваліся лясы. Тут знойдзены 71 від птушак, у тым ліку рэдкія папугаі, галубы і арлы. На астравах Натуна таксама жывуць прыматы (Presbytis natunae), марскія чарапахі, яшчаркі і г. д. Не меншую цікавасць ўяўляе жывёльны свет мясцовых каралавых рыфаў. Навуковая экспедыцыя 2002 г. выявіла сярод насельнікаў рыфаў вялікую колькасць эндэмікаў.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Астравы Натуна здаўна былі вядомы рыбакам і гандлярам з Паўднёвага Кітая і Паўднёва-Усходняй Азіі. У XVI—XVII ст. яны былі захоплены малайцамі з поўдня паўвострава Малака, якія стварылі на ім некалькі дробных дзяржаўных аб’яднанняў, залежных ад султанаў Джохара. У 1824 г. Натуна фармальна былі падпарадкаваны Галандыі. У 1940—1944 гадах акупаваны Японіяй. У 1949 г. абвешчаны часткай Інданезіі.
Цікавасць да астравоў Натуна з боку цэнтральнага ўрада Інданезіі ўзнікла толькі з 1970 г. у сувязі з адкрыццём значных запасаў газу на шэльфе каля астравоў (каля 40 % ад усіх запасаў газу краіны). Свае прэтэнзіі на гэтыя землі таксама выказаў Кітай. У 1995 г. кітайскае кіраўніцтва адмовілася ад саміх астравоў, але не ад марскіх тэрыторый. Прамысловая здабыча газу вядзецца інданезійскімі і іншаземнымі кампаніямі з 1999 г. У асноўным, ён паступае на перапрацоўку ў Малайзію і Сінгапур. Мясцовыя ўлады імкнуцца развіваць транзітны гандаль і турызм.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Natuna Beautiful overseas island Архівавана 5 сакавіка 2016.
- Wonderful Indonesia
- globalsecurity.org
- About Natuna Island Архівавана 10 жніўня 2013.
- Natuna Gas Field, Indonesia
- Natuna Coral Reef Архівавана 27 жніўня 2013.
- Sekatung Island Архівавана 9 студзеня 2014.
- Rare Animals Kekah Natuna Архівавана 18 снежня 2013.