Нацыянальны музей Літвы
Нацыянальны музей Літвы | |
---|---|
літ.: Lietuvos nacionalinis muziejus | |
Заснаваны | 1952 |
Месцазнаходжанне | |
Дырэктар | Birutė Kulnytė[d] |
lnm.lt (літ.) lemu.lt (літ.) |
|
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Нацыянальны музей Літвы (літ.: Lietuvos nacionalinis muziejus), да 1992 года Віленскі гісторыка-этнаграфічны музей — дзяржаўны гістарычны музей у Вільнюсе, заснаваны ў 1952 годзе. Музей захоўвае найважнейшыя музейныя прадметы і друкаваныя матэрыялы датычныя гісторыі Літвы. Таксама музей арганізуе археалагічныя раскопкі на тэрыторыі краіны.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Папярэднікам гэтага музея лічыцца Віленскі музей старажытнасцяў, заснаваны Яўстафіем Тышкевічам у 1855 годзе. З самага пачатку музей быў засяроджаны на культуры і гісторыі Вялікага княства Літоўскага. Экспанаты музея паходзілі з прыватных калекцый.
У канцы XIX стагоддзя ў фондах музея было больш за 12 000 экспанатаў, у тым ліку вялікія калекцыі бронзавых вырабаў з розных краін, гербаў гарадоў ВКЛ, графікі, егіпецкіх мумій і статуэтак багоў, зброі, габеленаў, мясцовых археалагічных знаходак, партрэтаў знакамітых родаў (Радзівілаў, Тышкевічаў, Хадкевічаў, Храптовічаў, Сапегаў), рэдкіх выданняў XV—XVIII стагоддзяў, скульптур, слуцкіх паясоў, старажытных рукапісаў, фарфору, этрускіх ваз, японскіх, італьянскіх і кітайскіх тканін. Таксама ў фондах знаходзіліся каменныя ідалы са Слуцку, старажытныя рэчы з Каложскай царквы і інш.
Пасля паўстання 1863 года большая частка музейных прадметаў была перавезена ў Маскву, астатняя частка калекцыі была размешчана ў Віленскай грамадскай бібліятэцы. З 1866 па 1914 год музей і бібліятэка працавалі ў адным будынку. У 1915 годзе, калі Заходні фронт Першай сусветнай вайны наблізіўся да Вільні, большая частка экспанатаў зноў была дастаўлена ў Расію.
Пасля атрымання Літвой незалежнасці ў 1918 годзе на аснове калекцый Музея старажытнасцяў і Літоўскага навуковага таварыства быў створаны Музей гісторыі і этнаграфіі. Яго дырэктарам быў Ёнас Басанавічус, адзін з тых, хто падпісаў Акт аб незалежнасці Літвы. Пасля 1919 года Вільня стала часткай Другой Рэчы Паспалітай, а арганізацыя была ўключана ў Віленскі ўніверсітэт.
У 1941 годзе Акадэмія навук прыняла калекцыі ўсіх музеяў Вільні. Музей зноў становіцца асобнай арганізацыяй толькі ў 1952 годзе пад кіраўніцтвам гісторыка Вінцаса Жыленаса. У 1967 годзе музей размясціўся ў будынку Новага арсенала Віленскага замкавага комплексу. Музей размясціў асноўную экспазіцыю ў 1968 годзе. У 1970-х і 1980-х гадах па ўсёй краіне былі сабраны мноства гістарычных матэрыялаў. У 1992 годзе, калі Літва абвясціла незалежнасць, ён быў перайменаваны ў Нацыянальны музей Літвы. Цяпер належыць Міністэрству культуры.
Структура
[правіць | правіць зыходнік]Музей складаецца з пяці асноўных падраздзяленняў: гісторыі і найноўшай гісторыі, археалогіі, этнаграфіі, нумізматыкі і іканаграфіі, якія змяшчаюць у агульнай складанасці 800 тысяч прадметаў.
Калекцыі размешчаны ў будынках:
- Новы Арсенал Віленскага замкавага комплексу
Экспазіцыя знаёміць з гісторыяй Музея старажытнасцей (1855—1915) у яго аўтэнтычных экспанатах і сапраўдных вітрынах XIX стагоддзя (зала 1), гісторыяй Старажытнай Літвы XIII—XVIII стагоддзяў (зала 2) і Літвы XIX стагоддзя (зала 3), народным мастацтвам — ваўнянымі і ільнянымі даматканымі палотнамі канца XVIII — пачатку XX стагоддзяў, покрывамі, абрусамі, ручнікамі, сялянскай адзеннем (зала 4), побытавай культурай літоўскага сялянства (зала 5), традыцыяй вырабу крыжоў XVII — першай паловы XX стагоддзяў (зала 6).[1]
- Стары Арсенал Віленскага замкавага комплексу
- Вежа Гедыміна ў Вільнюсе
- Бастыён Віленскай абарончай сцяны
- Дом-музей Казіса Варнеліса
- Дом сігнатараў у Вільні
- Музей Вінцаса Кудзіркі ў Шакяйскім раёне
- Месца нараджэння Ёнаса Басанавічуса ў Вілкавішкскім раёне
- Мемарыяльная сядзіба Ёнаса Шлюпаса ў Паланзе
Зноскі
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Нацыянальны музей Літвы
- Афіцыйны сайт музея (літ.) (руск.) (англ.)
- Музеі Літвы (англ.)