Нацыянальны інстытут адукацыі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Нацыянальны інстытут адукацыі
Тып навукова-метадычная ўстанова
Год заснавання кастрычнік 1929 г.
Размяшчэнне вуліца Караля , д. 16, 220004, г. Мінск
Ключавыя фігуры Валянціна Васільеўна Гінчук, дырэктар
Сфера дзейнасці адукацыя
Вэб-сайт www.adu.by/be

Нацыянальны інстытут адукацыі — навукова-метадычная ўстанова Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У 1928 годзе была прынятая рэзалюцыя па дакладзе аб навукова-даследчай дзейнасці ў БССР, дзе зацвярджаўся шэраг мер па развіцці гэтай сферы, сярод якіх было стварэнне Інстытута педагогікі і педалогіі[1]. У кастрычніку 1929 года быў створаны Навукова-даследчы інстытут педагогікі і педалогіі. Яго дырэктарам быў прызначаны П. Я. Панкевіч, старшыня навуковага савета Галоўнавукі пры Народным камісарыяце асветы БССР.

Асноўнымі напрамкамі дзейнасці ў 1930-я гады былі: тэарэтычнае асэнсаванне праблем навучання і выхавання, палітэхнізацыя школы, распрацоўка навучальных планаў і праграм, абагульненне і распаўсюджванне перадавога педагагічнага вопыту. У перадваенны перыяд вялікая ўвага стала надавацца павышэнню навукова-метадычнага ўзроўню супрацоўнікаў інстытута: праводзіліся навуковыя семінары, канферэнцыі. Да ўдзелу ў навукова-даследчай рабоце запрашаліся вядомыя навукоўцы Масквы, Ленінграда. Актывізавалася супрацоўніцтва інстытута з адпаведнымі кафедрамі педагогікі ВНУ, інстытутамі ўдасканалення настаўнікаў.

У сакавіку 1941 года інстытутам разам з Наркамасветы была праведзена Першая Усебеларуская навукова-педагагічная канферэнцыя, на якой абмяркоўваліся дзве праблемы: пытанні выхавання свядомай дысцыпліны і пытанні павышэння пісьменнасці[2].

Вялікая Айчынная вайна амаль на 4 гады прыпыніла дзейнасць інстытута. Ужо ў пачатку 1945 года ў адпаведнасці з пастановай Урада БССР «Аб аднаўленні дзейнасці Навукова-даследчага інстытута школ Наркамасветы БССР» інстытут зноў пачаў працаваць. У першыя пасляваенныя гады асноўныя сілы навуковых супрацоўнікаў былі накіраваны на аказанне дапамогі кіраўнікам, настаўнікам, выхавацелям у наладжванні адукацыйна-выхаваўчага працэсу ў адноўленых ўстановах адукацыі.

У 1950-я гады на інстытут ўскладаліся функцыі: ўкаранення вынікаў дзейнасці яго супрацоўнікаў у педагагічную практыку; аказання метадычнай дапамогі школам, дзіцячым дамам і дашкольным установам у справе выхавання і навучання дзяцей; ажыццяўлення каардынацыйнай дзейнасці пры распрацоўцы актуальных праблем педагагічнай навукі і стварэння шырокай навукова-карэспандэнцкай сеткі творчых педагогаў.

Значнай падзеяй у гісторыі інстытута і ўсёй нацыянальнай сістэмы адукацыі была арганізацыя ў 1962 годзе ў Жэневе (Швейцарыя) выставы «Народная адукацыя ў БССР». Тэматыка-экспазіцыйны план выставы, распрацаваны інстытутам, уключаў 12 стэндаў. Матэрыялы экспазіцыі дэманстравалі дасягненні сістэмы адукацыі ва ўсіх абласцях (дашкольнае выхаванне, школьнае навучанне, пазашкольная праца, піянерскія арганізацыі, вышэйшыя навучальныя ўстановы) і сталі яркім сведчаннем прагрэса народнай адукацыі ў БССР.

У 1960-1970-я гады паспяховае вырашэнне новых адказных задач, звязаных з удасканаленнем сістэмы адукацыі (пераход ад 11- да 10-гадовай школы), запатрабавала далейшага павышэння тэарэтычнага і метадычнага узроўняў даследаванняў, умацавання сувязі педагагічнай навукі з практыкай.

У 1980-я гады інстытут займаўся пытаннямі актывізацыі самастойнай дзейнасці вучняў пры вывучэнні школьных прадметаў; ўдасканалення методыкі вывучэння беларускай і рускай мовы і літаратуры; правядзення эксперыменту па навучанні дзяцей 6-гадовага ўзросту з 5-дзённай тыднем; вызначэння зместу і форм працы ў школах і групах падоўжанага дня; працоўнага навучання і выхавання (падрыхтоўка вучняў да выбару прафесіі). Інстытут падрыхтаваў шэраг калектыўных работ фундаментальнага характару: «Асвета і педагагічная думка Беларусі: са старажытных часоў да 1917 года» (1985), «Анталогія педагагічнай думкі Беларускай ССР» (1986).

У 1990-я гады ў новых сацыякультурных умовах на інстытут была ўскладзена адказнасць за распрацоўку сацыяльна-эканамічных і навукова-педагагічных прагнозаў і перспектыў развіцця адукацыі, даследаванне тэарэтычных асноў станаўлення нацыянальнай сістэмы бесперапыннай адукацыі, навукова-метадычнае забеспячэнне бесперапыннай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь.

З мэтай падрыхтоўкі педагагічных кадраў вышэйшай кваліфікацыі для нацыянальнай сістэмы адукацыі ў інстытуце была створана аспірантура, затым — дактарантура, пачаў функцыянаваць спецыялізаваны Савет па абароне дысертацый на атрыманне вучонай ступені кандыдата, а з пачатку 1993 года — доктара педагагічных і псіхалагічных навук. У 1995 годзе адкрылася магістратура.

З 1992 года пачаў выдавацца заснаваны інстытутам часопіс «Адукацыя і выхаванне». Пазней, у 1995 годзе, рэдакцыя гэтага часопіса выступіла заснавальнікам серыі прадметных навукова-метадычных часопісаў «У дапамогу педагогу». З 2003 года выдаецца навукова-практычны і інфармацыйна-метадычны часопіс «Веснік адукацыі».

У 2002 годзе адбылася самая значная рэарганізацыя інстытута. У выніку зліцця Нацыянальнага інстытута адукацыі з Навукова-метадычным цэнтрам вучэбнай кнігі і сродкаў навучання і Беларускім навукова-метадычным цэнтрам гульні і цацкі створаны Нацыянальны інстытут адукацыі.

Дырэктары[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь, фонд 42, вопіс 1, адз. зах. 1932, арк. 3
  2. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь, фонд 42, вопіс 1, адз. зах. 2186, арк. 2-3

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]