Нацыянал-дэмакратызм
Нацыяна́л-дэмакраты́зм — кірунак грамадска-палітычнай думкі, які спалучае агульнадэмакратычныя ідэі і мэты з задачамі сацыяльнага і нацыянальнага вызвалення прыгнечаных народаў. Яго ідэйныя вытокі ляжаць ў ідэалогіі Асветніцтва, якая была цесна звязана з рэвалюцыйна-дэмакратычным і нацыянальна-вызваленчым рухам за дасягненне палітычнай самастойнасці, адраджэнне нацыянальнай самасвядомасці і культуры[1].
За ўстанаўленне ў дзяржаве суверэнітэту народаў на аснове грамадскага дагавору, ажыццяўленне гуманістычных ідэалаў сацыяльнай справядлівасці, дэмакратыі і свабоды людзей выступалі Вальтэр, П. Гольбах, Д. Дзідро, Ж. Ж. Русо (Францыя), Дж. Лок, Ф. Бэкан (Англія), Дж. Свіфт (Ірландыя), Г. Лесінг, Ф. Шылер, І. В. Гётэ (Германія), беларускія мысліцелі-асветнікі Б. Дабшэвіч, Г. Каніскі, І. Капіевіч, М. Матушэвіч, К. Нарбут, А. Нарушэвіч, І. Страйноўскі і іншыя. Гэтыя ідэі далей развіты ў эпоху фарміравання нацый і стварэння нацыянальных дзяржаў у Заходняй і Усходняй Еўропе, Паўночнай Амерыцы, пазней у нацыянальна-вызваленчым руху каланіяльных краін[1].
У Беларусі
[правіць | правіць зыходнік]Фарміраванне
[правіць | правіць зыходнік]На Беларусі фарміраванне ідэалогіі нацыянал-дэмакратызму непасрэдна звязана з паспяваннем сацыяльна-эканамічных і дэмакратычных пераўтварэнняў у грамадстве па забеспячэнні суверэнных правоў беларускага народа на самастойнае палітычнае і культурнае развіццё. Перадумовы для яго ўзнікнення складаліся ў працэсе развіцця беларусазнаўства, культурна-асветніцкай і выхаваўчай дзейнасці патрыятычных арганізацый, таварыстваў філаматаў і філарэтаў у Віленскім універсітэце, нелегальнага «Дэмакратычнага таварыства» ў Віленскай медыцынскай акадэміі і інш. Важную ролю ў пашырэнні гэтых ідэй адыгралі К. Каліноўскі і яго «Лісты з-пад шыбеніцы», газеты «Мужыцкая праўда», часопіс «Гомон». Самастойны характар гісторыі, сацыяльныя і нацыянальныя правы беларусаў, у тым ліку права на развіццё беларускай мовы і культуры, стварэнне беларускай дзяржаўнасці, паказвалі і абгрунтавалі ў сваіх творах Ф. Багушэвіч, Я. Лучына (І. Л. Hecлухоўскі), М. В. Доўнар-Запольскі, У. М. Ігнатоўскі, Я. Купала, Я. Колас, М. Багдановіч, А. Г. Гурыновіч, вучоныя-славісты і этнографы М. А. Янчук, У. М. Дабравольскі, Я. Ф. Карскі, М. Я. Нікіфароўскі, Е. Р. Раманаў, І. А. Сербаў, А. К. Сержпутоўскі і іншыя. Тэарэтычнаму абгрунтаванню права беларускага народа на развіццё сваёй дзяржаўнасці, мовы і культуры шмат увагі аддавалі газеты «Наша доля» і «Наша ніва». На платформе нацыянал-дэмакратызму стаялі Беларуская сацыялістычная грамада (1903—1918), беларускія нацыянальныя грамадскія арганізацыі на чале з Беларускім народным камітэтам у Вільні, нацыянальныя арганізацыі, таварыствы, гурткі, суполкі і згуртаванні ў Петраградзе, Маскве, Яраслаўлі і іншых гарадах, дзе было шмат беларусаў-бежанцаў Першай сусветнай вайны, рабочых, салдат, матросаў[1].
Мэта ўтварэння беларускай дзяржаўнасці (ў форме аўтаномнай часткі Расійскай дэмакратычнай рэспублікі, літоўска-беларускай канфедэрацыі або незалежнай дзяржавы) аб’ядноўвала ўсе плыні беларускага нацыянальнага руху, на якія ён пачаў размяжоўвацца пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года і канчаткова раскалоўся пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года, абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі і ўтварэння Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі[1]. Ідэолагі і кіраўнікі БНР (А. І. Луцкевіч, І. І. Луцкевіч, В. Ю. Ластоўскі, Я. Ю. Лёсік, П. А. Крачэўскі, І. М. Серада, А. А. Смоліч і іншыя) лічылі, што толькі беларуская нацыянальная ўлада вырашыць праблему ўпарадкавання палітычнай улады, а федэрацыя магчыма толькі праз незалежнасць Беларусі і іншых састаўных частак Расійскай імперыі[2].
Перыяд БССР
[правіць | правіць зыходнік]Практычным увасабленнем ідэалогіі нацыянал-дэмакратызму была палітыка беларусізацыі, ажыццяўленне якой у 1920-я гады дазволіла сфарміраваць нацыянальную сістэму адукацыі, сродкі масавай інфармацыі, кнігавыдавецкую справу і актывізаваць удзел беларусаў у культурным і гаспадарчым жыцці. У сярэдзіне 1920-х гадоў Камуністычная партыя абвясціла нацыянал-дэмакратызм «контррэвалюцыйнай плынню», «правым ухілам», «варожай антысавецкай ідэалогіяй і практыкай». У рашэннях VII (1923) і IX (1925) з’ездаў КП(б)Б вызначана пазіцыя рашучай барацьбы з любымі адхіленнямі нацыянальнай палітыкі, у тым ліку вялікадзяржаўным шавінізмам і мясцовым нацыяналізмам, супраць ажыццяўлення нацыяналістычных ідэалаў, адраджэння буржуазна-дэмакратычнай дзяржаўнасці. Дэталёвы аналіз сутнасці нацыянал-дэмакратызму і формаў яго праяўлення даў сакавіцкі пленум ЦК КП(б)Б 1926 года. У яго рэзалюцыі «Аб рабоце сярод інтэлігенцыі» адзначалася, што ў радах беларускай інтэлігенцыі па абодва бакі граніцы (БССР і Заходняя Беларусь) адбываецца далейшая крышталізацыя нацыянал-дэмакратычных настрояў і ідэй, якія праяўляюцца ў адмаўленні дыктатуры пралетарыяту, імкненні да палітычнага ўраўнавання сялянства з рабочым класам, да так званай «сялянскай» (кулацкай) улады і ў наступальнай лініі ў адносінах да нацыянальных меншасцей. Сярод інтэлігенцыі выдзялялася група, якая прадстаўляе нацыянал-дэмакратызм і актыўна варожая палітыцы партыі. У дакументах XI з’езда КП(б)Б 1927 года адзначалася, што калі нацыянал-дэмакратызм у Беларусі ў мінулым быў прагрэсіўнай з’явай, змагаўся з самадзяржаўем і даваў адпор прыгнечанню з боку рускага царызму, то ва ўмовах дыктатуры пралетарыяту ён стаў контррэвалюцыйнай з’явай, скіраванай супраць яе. Неабходнасць узмацнення барацьбы супраць нацыянал-дэмакратызму ў нацыянальным пытанні падкрэслівалася ў рашэннях лістападаўскага аб’яднанага пленума ЦК і ЦКК КП(б)Б 1928 года, XII з’езда КП(б)Б 1929 года і іншых партыйных дакументах[2].
У 1930-я гады ў рамках барацьбы супраць нацыянал-дэмакратызму органамі НКУС БССР была ўзбуджана справа аб так званым «Саюзе вызвалення Беларусі» (па ёй былі арыштаваны дзяржаўныя дзеячы Д. Ф. Прышчэпаў, А. В. Баліцкі, Я. Дыла, акадэмікі АН Беларусі В.Ю. Ластоўскі, Я.Ю. Лёсік, С. М. Некрашэвіч, пісьменнікі М. Гарэцкі, П. Галавач, У. Дубоўка, А. Дудар, Я. Пушча і іншыя), а таксама шэраг спраў, па якіх да крымінальнай адказнасці неабгрунтавана прыцягнуты і рэпрэсіраваны многія прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі[2]. У ліку афіцыйных дакументаў, накіраваных на пераадоленне нацыянал-дэмакратызму, была пастанова ЦК КП(б)Б «Аб фактах пранікнення класава-варожых, нацыянал-дэмакратычных уплываў у мастацкай літаратуры» ў 1933 годзе[1]. Ішло таксама скарачэнне беларускамоўных школ, выдання беларускіх кніг і газет, замена беларусаў на кіруючых пасадах. Непрыхільныя адносіны да нацыянал-дэмакратычнай ідэалогіі захоўваліся і ў пасляваенныя гады[2].
Адраджэнне ў канцы XX ст.
[правіць | правіць зыходнік]У 1980—1990-х гадах работу па адраджэнні нацыянальных традыцый і духоўных дэмакратычных каштоўнасцей беларускага народа працягвалі маладзёжныя нефармальныя аб’яднанні «Талака», «Паходня», «Тутэйшыя», грамадскія аб’яднанні і партыі Мартыралог Беларусі, «Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны» і іншыя. Асноўныя палажэнні праграм іх дзейнасці (пра вяршэнства нацыі ў яе самавызначэнні, пра фактычную і юрыдычную прыналежнасць усёй дзяржаўнай улады народу, захаванне нацыянальных традыцый, гісторыка-культурнай спадчыны) знайшлі адлюстраванне ў Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 года. Гарантыяй далейшага развіцця гэтых ідэй з’яўляюцца ўмацаванне дзяржаўнай незалежнасці, развіццё ўсіх сфер жыцця беларускага грамадства з улікам патрэб і нацыянальных інтарэсаў краіны, агульнагуманістычных каштоўнасцей сусветнай цывілізацыі[1].
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- 1 2 3 4 5 6 Нацыянал-дэмакратызм // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 11: Мугір — Паліклініка / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 11. — С. 221—222. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0188-5 (т. 11).
- 1 2 3 4 Нацыянал-дэмакратызм // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1999. — С. 304—305. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0141-9.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Канчар А. Клясавае, нацыянальнае і рэлігійнае змаганьне на Беларусі. — Вільня, 1921.
- Турук Ф. Белорусское движение: Репринт. — Мн., 1994.
- Станкевіч А. Да гісторыі беларускага палітычнага вызваленьня. — Вільня, 1934.
- Крыжовы шлях. — Мн., 1993.
- Мяснікоў А. Нацдэмы: Лёс і трагедыя Фабіяна Шантыра, Усевалада Ігнатоўскага і Язэпа Лёсіка. — Мн., 1993.
- Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1—2. — Мн., 1994—1995.
- Гарэцкі Р.Г. Шляхам адраджэння. — Мн., 1997.