Націск (мовазнаўства)
На́ціск, або акцэ́нт у мовазнаўстве — выдзяленне пэўных адзінак у маўленні з дапамогай фанетычных сродкаў. Звычайна пры дапамозе націску вылучаюць склады, а таксама словы і словазлучэнні[1].
Націск вывучае фанетыка і акцэнталогія.
Фанетычная рэалізацыя
[правіць | правіць зыходнік]Паводле асноўных сродкаў выдзялення націск бывае[1]:
- дынамічны (сілавы, экспіраторны),
- колькасны (квантытатыўны),
- музычны (танічны).
Пры дынамічным націску элемент выдзяляецца памацненнем і павелічэннем напружанасці вымаўлення. Дынамічны націск уласцівы чэшскай, польскай, французскай, іспанскай, італьянскай, башкірскай, татарскай і іншым мовам[1]
Пры колькасным націску элемент вылучаецца падаўжэннем выдзеленага элемента. Колькасны націск у чыстым выглядзе практычна не існуе і пераважае толькі ў інданезійскай мове[1].
Пры музычным націску адбываецца павышэнне або паніжэнне тону голасу на выдзеленым элеменце. Музычны націск характэрны для карэйскай, японскай, некаторых афрыканскіх і іншых моў[1].
Часцей за ўсё ў мовах ужываецца змешаны тып націску: дынамічна-колькасны (беларуская, руская і іншыя мовы), дынамічна-музычны (нямецкая мова) або музычна-дынамічны (латышская, нарвежская і іншыя мовы)[1].
Элементы націску
[правіць | правіць зыходнік]Паводле элемента, які выдзяляецца, націск бывае[1]:
- слоўны — выдзяляе адзін склад у слове;
- тактавы, або сінтагматычны, — аб’ядноўвае словы сказа ў сінтагмы;
- фразавы — выдзяляе адно са слоў у фразе.
Існуе таксама і своеасаблівы від націску — лагічны (сэнсавы), які заключаецца ў вылучэнні пэўнай часткі сказа (звычайна слова). Лагічны націск выкарыстоўваецца ў тых выпадках, калі змест маўлення патрабуе звярнуць увагу суразмоўцы на пэўныя часткі выказвання. Звычайна з яго дапамогай у сказе выдзяляецца тое або іншае слова, істотнае з сэнсавага боку, на якім павінна канцэнтравацца ўся ўвага. Лагічны націск утвараецца шляхам пераносу сінтагматычнага (тактавага) націску з апошняга слова ў сінтагме на іншае слова[1].
Слоўны націск
[правіць | правіць зыходнік]Слоўны націск бывае[1]:
- фіксаваны (сталы, аднамесцавы),
- свабодны (нефіксаваны, разнамесцавы).
Фіксаваны націск заўсёды знаходзіцца на адным складзе ад пачатку або ад канца слова. Так, у чэшскай, славацкай, эстонскай, латышскай, фінскай, венгерскай, мангольскай, чачэнскай мовах націск ставіцца на першым складзе слова; у лезгінскай — на другім; у польскай, грузінскай, большасці інданезійскіх моў — на перадапошнім; у французскай, армянскай — на апошнім складзе[1].
Свабодны націск прыпадае на розныя склады ў словах. Такі націск уласцівы беларускай, рускай, украінскай, балгарскай, сербскай, харвацкай, нямецкай, англійскай, іспанскай і іншым мовам[1].
Фіксаваны і свабодны націск бывае[2]:
- рухомы — у розных формах аднаго слова або ў розных словах, утвораных ад аднаго кораня, пераходзіць з аднаго склада на другі;
- нерухомы — заўсёды на адным складзе.
Адной з найважнейшых функцый рухомага націску з’яўляецца дыферэнцыяльная. Ён служыць для адрознення слоў (му́зыка — музы́ка, пры́клад — прыкла́д, пры́мус — прыму́с), словаформаў (ру́кі — рукі́, но́гі — нагі́, выкліка́ць — вы́клікаць), а таксама стылістычных варыянтаў слова (ва́дзіць «шкодзіць», разм. — вадзі́ць; па́ліва — палі́ва «шклопадобнае пакрыццё ў кераміцы», спец.)[1].
Апрача асноўнага, у некаторых мовах бывае пабочны націск (у беларускай мове толькі ў складаных словах: лѐсанарыхто́ўка)[2].
Слоўны націск адыгрывае значную ролю ў рытмічнай структуры вершаванай мовы[2].
У беларускай мове
[правіць | правіць зыходнік]У беларускай мове націск дынамічна-колькасны, свабодны, можа быць на першым складзе (ве́сніцы, жы́тнішча), другім (крапі́ўніца, ціка́віцца), трэцім (палаўча́нка, хвалява́нне), чацвёртым (маладзіко́вы, словазлучэ́нне), пятым (неаднаразо́вы, перасцерага́льны), шостым (заводакіраўні́цтва, характарызава́цца)[1].
Беларускай лексіцы ўласцівыя рухомы (капа́ць — вы́капаць) і нерухомы (тво́р — тво́раў) націск[2].
Службовыя словы самастойнага націску не маюць і ў якасці ненаціскных складоў прымыкаюць да наступнага ці папярэдняга слова. У першым выпадку яны называюцца праклітыкамі (за⁀морам, без⁀грошай), а ў другім — энклітыкамі (знайшоў⁀жа, прачытаць⁀бы)[2].
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 Націск // Культура Беларусі: энцыклапедыя / рэдкал.: У. У. Андрыевіч (гал. рэд.) [і інш.]. — Мн.: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2015. — Т. 6. — С. 56. — 486 с. — 3 000 экз. — ISBN 978-985-11-0889-9.
- 1 2 3 4 5 Націск // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 11: Мугір — Паліклініка / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 11. — С. 220. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0188-5 (т. 11).
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Галіна Андарала, Віктар Бекіш, Сяргей Берднік. Беларуская мова. Вучэбны дапаможнік для пед. ВНУ / Пад рэд. Ларысы Грыгор’евай. — Мінск: Вышэйшая школа, 1994. — 366 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-339-00950-5.