Наўклуфт
Наўклуфт | |
---|---|
англ. Naukluft | |
Краіна | |
Перыяд утварэння | кембрыйскі перыяд |
Вышэйшая кропка | 1965 м |
![]() |
На́ўклуфт (англ.: Naukluft, ад ням.: nou kloof «вузкая рашчыліна») — горы ў цэнтральнай Намібіі. Найвышэйшы пункт — 1965 м над ўзроўнем акіяну. Агульная плошча — 850 км².
Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]
Горы Наўклуфт знаходзяцца ў зоне так званага нахілу, які адлучае цэнтральнае плато Намібіі ад пустыні Наміб. Назва паходзіць ад міжгорных рашчылін, якія ў каланіяльныя часы выкарыстоўваліся жывёлагадоўцамі для перагону статкаў.
Дзякуючы высокім вяршыням (найвышэйшая дасягае 1965 м) Наўклуфт затрымоўвае вільготныя сезонныя вятры і з’яўляецца выдатным вадазборнікам. Сярэднегадавая колькасць ападкаў вагаецца ад 50 мм да 300 мм. У гарах Наўклуфт бярэ пачатак рака Фіш, самая доўгая ў межах Намібіі.
Геалогія[правіць | правіць зыходнік]
Горы Наўклуфт сфарміраваліся ў пачатку Кембрыйскага перыяда каля 525—500 млн гадоў таму ў выніку тэктанічных зрухаў зямной кары. Складаюцца пераважна з асадкавых горных парод — вапнякоў і даламітаў. Характэрны карставыя рашчыліны, у тым ліку пячоры і западзіны — рэшткі старажытных саляных азёр.
Прырода[правіць | правіць зыходнік]
Горы Наўклуфт — адна з найбольш прыродна багатых зон Намібіі. Тут сустракаецца болей за 400 відаў раслін. На заходнім засушлівым схіле пераважаюць карлікавыя хмызнякі, на больш вільготным усходнім — лугі, саванна і гаі, дзе растуць акацыі, фікусы, чорнае дрэва, мята, гваздзікакветныя і г. д. Распаўсюджаныя прадстаўнікі фаўны — зебры, антылопы, гіены, рэдкія яшчаркі і інш.
Для аховы прыроды гор Наўклуфт створаны нацыянальныя паркі і запаведнікі — Наміб-Наўклуфт, Наўклуфт-Зебра парк, Гамсберг.