Перайсці да зместу

На шляхах волі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

«На шляхах волі» — вершаваны раман Якуба Коласа. Апісвае драматычны лёс герояў на фоне падзей Першай сусветнай вайны і рэвалюцыі. Гэта адзіны з большых Коласавых твораў, у якім усё дзеецца па-за межамі Беларусі — ва Украіне, Румыніі, Расіі — і галоўныя героі не беларусы.

Апісаны вайна, тылавое і франтавое жыццё, баі, адступленні, пакуты вымушаных уцекачоў-«бежанцаў».

Гісторыя твора

[правіць | правіць зыходнік]

Раман ствараўся з вялікім перапынкам: у 1926—1935 і 1955—1956 гадах. Складаецца з уступу і 28 частак. Ёсць устаўныя вершы-санеты, якія друкаваліся асобна. Урыўкі з’яўляліся ў часопісах з 1929 года, але асобнага выдання не было. У адной кніжцы ўвесь твор выданы ў Зборах твораў (у 12, 14, 20 тамах). Асобнае выданне толькі ў 2014 годзе.

Якуб Колас назваў твор паэмай, але пазней казаў: «Пачала шмат тачыць здрадная думка: памыліўся ў жанры. Было пісаць у прозе, малы разгон у вершаваным радку». Міхась Мушынскі мяркуе, што гэта сацыяльна-псіхалагічны раман у вершах. У ім ёсць толькі асобныя элементы паэмнай формы. Падзеі і героі не ўслаўляюцца, не паэтызуюцца. Асноўная ўвага надаецца асабістым дачыненням герояў, прыватнаму жыццю, побыту.

У «Шляхах…» некалькі сюжэтных ліній. Адна — галоўны герой, прапаршчык Барыс Дзяжа. Другая — Насця Галута, у якую Барыс закаханы, яна засталася на хутары Засценне ля горада Луцка, што ва Украіне. Трэці год з Засцення няма вестак, і малады прапаршчык перажывае, турбуецца за лёс каханай, лёс сваіх і ейных бацькоў. Часамі ў душы Барыса ўзнікаюць сумненні наконт Насці, ці не забылася на яго яна, ці не пакахала другога. Яшчэ адна лінія — салдацкія мітынгі-выступленні, звязаныя з Лютаўскай рэвалюцыяй 1917 года.

Дэтальна апісана быццё Дзяжы ў далёкім тылавым горадзе на рэчцы Кама, тамтэйшыя ўмовы жыцця, дачыненні з аднапалчанамі, перажыванні ў сувязі з хуткім ад’ездам на фронт, успаміны пра знаёмства з Насцяй і пра іх кароткія сустрэчы, спатканні, асабістыя стасункі ў даваенныя гады, таксама ўзноўлены ўнутраны стан героя, думкі, ацэнкі падзей. Блізкі сябра Барыса — паручнік Далін, данскі казак. На станцыйным прыпынку Барыс знаёміцца з харошай дзяўчынай Галяй з-пад Чарнігава, якая спяшаецца ў Кіеў к хвораму знаёмаму артылерысту. Барыс, сумняючыся, заляцаецца да спадарожніцы, як раіў Далін.

А са старым Галутам засталіся на хутары жонка, дачка Насця і тры нявесткі з малымі дзецьмі. Сыны ў войску. Ён мяркуе, ці ехаць у далёкі свет, ці сцерагчы роднае котлішча. Кабеты не слухаюць яго прапановы паехаць з уцекачамі на Усход. Расійскія казакі загадваюць ім ехаць, паляць гаспадарову клуню. Расійскую армію выганяюць аўстрыякі. Аўстрыйскі афіцэр чэх Ян Крочак асталёўваецца ў Галутаў, Насця пакахала яго.

У 1930-я гады Якуб Колас змясціў у творы палемічныя радкі, звернутыя крытыкам, пашырыў агляд гістарычных падзей і ўвёў новых персанажаў. Гэта палкоўнік Грун, капітан Кунашын, ротны камандзір Гланда, прапаршчыкі Грынчар, Дунец, узводны Талалай, дэлегат Сафонаў, безыменнныя салдаты. Розныя палітычныя погляды (манархісты, кадэты, эсэры, меншавікі) аўтар пераказаў, не высмейваючы іх. Мусіць, каб нейтралізаваць небяспеку для сябе, ён дадаў і некаторыя процілеглыя элементы. З’явіўся яшчэ адзін новы персанаж — бальшавіцкі агітатар латыш Шкунда. Ён займае месца ў позніх частках, але ягоны характар не развіваецца, дзейнасць не выходзіць за межы гучных прамоў і заклікаў.

Барыс Дзяжа, Насця Галута, Ян Крочак сустрэліся. Незнаёмы паручнік Чухлоў дапамог Насці ўладкавацца сястрой у бальніцу, там апынуўся і кантужаны Барыс. Ён не даруе дзеўцы ейнае часовае захапленне. Мо яму не ставала дабрыні, спагадлівасці, высакародства. Развітаўшыся з Насцяй, Дзяжа едзе на Румынскі фронт, куды трэба даставіць дэзерціраў. Усе разбегліся і ён сам становіцца дэзерцірам. Барыс затрыманы, яго ратуе Далін. Зараз Барысава мэта:

Дабрацца да Валыні,
У двор Галуты зазірнуць:
Быць можа ўдасца што-нібудзь
Пачуць аб страчанай дзяўчыне.

  • Міхась Мушынскі. «На шляхах волі» — вершаваны раман Якуба Коласа // Полымя № 8 — 2007
  • Максім Лужанін. Колас расказвае пра сябе