Невада — Сяміпалацінск

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Невада — Сяміпалацінск (каз.: Невада-Семей) — антыядзерны рух, арганізаваны вядомым грамадскім дзеячам Казахстана Алжасам Сулейменавым 28 лютага 1989 года.

Гісторыя руху[правіць | правіць зыходнік]

За некалькі дзён да фактычнай арганізацыі руху на Сяміпалацінскім ядзерным палігоне адбылася ўцечка радыеактыўных газаў. Алжас Сулейменаў, які лічыцца ў Казахстане духоўным заснавальнікам нацыянал-патрыятычнага руху, у той час з’яўляўся дэпутатам вярхоўнага савета КазССР (да гэтага першым сакратаром Праўлення Саюза пісьменнікаў Казахстана), паставіў пытанне аб прыпыненні дзейнасці палігона. 28 лютага каля будынка Саюза пісьменнікаў Казахстана сабраліся тысячы людзей (многія з іх раней ужо ўдзельнічалі ў снежаньскіх падзеях 1986 года) з пратэстамі. З гэтага моманту пачаўся адлік гісторыі руху «Невада — Сяміпалацінск».

Рух «Невада — Сяміпалацінск» дасягнуў поспеху, упершыню ў свеце ужыўшы новую мадэль — узаемадзеянне народнай і парламенцкай дыпламатыі. У Казахстан прыехала дэлегацыя са ЗША (з штата Невада), яны прайшлі мірным шэсцем, заклікаючы спыніць ядзерныя выпрабаванні ва ўсім свеце. Такім чынам рух стаў міжнародным і набыў сваю назву.

Сяміпалацінскі палігон на карце Казахстана.

Дасягненні і факты[правіць | правіць зыходнік]

  • Рух прымаў удзел у дэманстрацыях, маршах пратэсту, маршах міру ў Казахстане, Расіі, Амерыцы і Японіі.
  • У 1989 годзе дзейнасць руху прывяла да скарачэння колькасці выбухаў на Сяміпалацінскім палігоне да 7 з запланаваных 18. Апошні адбыўся 19 кастрычніка.
  • 130 тысяч шахцёраў Караганды — удзельнікі руху — прынялі рэзалюцыю: у выпадку працягу выпрабаванняў пачаць бестэрміновую забастоўку. Іх падтрымалі рабочыя Сяміпалацінска, Паўладара, Усць-Каменагорска і Джэзказгана. Працоўных падтрымаў і Вярхоўны Савет.
  • Сяміпалацінскі ядзерны палігон быў закрыты 29 жніўня 1991 года рашэннем урада Рэспублікі Казахстан, Указ № 409 Прэзідэнта Казахстана. У снежні 1993 г. згодна з дырэктывай міністра абароны Расійскай Федэрацыі Сяміпалацінскі палігон (або афіцыйна — 2-гі цэнтральны Дзяржаўны выпрабавальны палігон) — быў расфарміраваны.
  • Намаганнямі руху «Невада — Сяміпалацінск» былі праведзены некалькі міжнародных Кангрэсаў Глабальнага Антыядзернага Альянсу.
  • II Кангрэс Глабальнага Антыядзернага Альянсу адбыўся 30 жніўня 1993 года ў Алма-Аце. Разгледжаны тры ключавыя тэмы: вызначэнне няўрадавых шляхоў барацьбы супраць ядзернай зброі, экалагічнае становішча ў раёнах ядзерных палігонаў і іх наваколля, здароўе насельніцтва ў рэгіёнах, дзе праводзіліся выпрабаванні. На антыядзерным кангрэсе прынята рашэнне пра стварэнне міжнароднага фонду пад эгідай ААН для аказання дапамогі насельніцтву раёнаў, якія пацярпелі ад ядзерных выпрабаванняў[1].
  • III Кангрэс Глабальнага Антыядзернага Альянсу, які прайшоў з 17 па 20 мая 2000 года ў сталіцы Рэспублікі Казахстан г. Астане, прыняў свой зварот да Генеральнага сакратара ААН.
  • У Казахстане выйшаў Закон «Аб сацыяльнай абароне грамадзян, якія пацярпелі з прычыны ядзерных выпрабаванняў на Сяміпалацінскім ядзерным палігоне».
  • У верасні 2001 года Міжнародны антыядзерны рух «Невада — Сяміпалацінск» заклікаў дэлегатаў Канферэнцыі па Дагавору аб ўсеагульнай забароне ядзерных выпрабаванняў (ДУЗЯВ) далучыцца да поўнай забароны ядзерных выпрабаванняў.
  • У 2009 годзе адбыўся юбілей руху, штаб-кватэра якога знаходзіцца ў Алматы.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]