Нейтраль (народ)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Нейтраль
Агульная колькасць 12000 (1641)
Рэгіёны пражывання поўнач штата Нью-Ёрк, поўдзень правінцыі Антарыа
Мова нейтраль
Рэлігія анімізм, шаманізм
Блізкія этнічныя групы іракезы, ваяндот, петунь, эры, венро

Нейтра́ль, або нейтры́ (фр.: Neutres; меркаваная саманазва: Chonnonton, літаральна "кіроўцы аленямі")  — індзейскі народ Паўночнай Амерыкі, што насяляў у XVII ст. паўднёвае ўзбярэжжа Антарыа.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Назва нейтраль была дадзена французскімі каланістамі, якія ўсталявалі кантакты з карэнным насельніцтвам на поўдзень ад Антарыа і ўздоўж Ніягары ў 1610 г. Яе паходжанне тлумачыцца тым, што тутэйшыя жыхары захоўвалі нейтралітэт у войнах паміж іракезамі і гуронамі. Гуроны называлі дадзены народ як Attiwandaronk (літаральна "з сапсаванай мовай"). Некаторыя даследчыкі са спасылкай на ўскосныя дадзеныя сцвярджаюць, што саманазвай нейтраль была Chonnonton (літаральна "кіроўцы аленямі").

Нейтраль уяўлялі сабою канфедэрацыю, што ўключала ў сябе каля 10 тэрытарыяльных груп. Размаўлялі на адной з іракезскіх моў. У 1641 г. французскія езуіты вызначалі іх колькасць у 12 тысяч чалавек. У пачатку XVII ст. нейтраль узначальваў агульны правадыр-шаман Tsouharissen (літаральна "дзіця Сонца"). Ён памёр у 1646 г. Канфедэрацыя вяла шырокі гандаль з навакольнымі народамі. Пасрэднікамі ў гандлі з французамі з'яўляліся гуроны.

У 1649 г. нейтраль прынялі бежанцаў-гуронаў, якія ратаваліся ад вайны з іракезамі. Гэта стала зачэпкай для нападаў з боку сенека і магаўкаў. У 1650 г. нейтраль адпомсцілі апошнім за спаленую вёску і захапілі ў палон 200 іракезаў. Увесну 1651 г. іракезы арганізавалі буйную ваенную экспедыцыю. Езуіты паведамлялі аб вялізарных стратах з боку нейтраль. Сярод выжылых пачаўся голад. Значная частка воінаў-нейтраль трапіла ў палон да іракезаў і была адаптавана імі. У 1653 г. каля 800 нейтраль узгадваліся на тэрыторыі Мічыган, на захад ад свайго былога месца рассялення. Апошняя ўзгадка пра іх датуецца 1672 г. У XVIII ст. землі нейтраль былі заняты гуронамі.

Археалогія[правіць | правіць зыходнік]

Археалагічныя раскопкі паселішчаў нейтраль вядуцца з сярэдзіны XIX ст. У 2004 г. раскопкі паселішча каля Саўтвалд былі абвешчаны нацыянальным гістарычным помнікам Канады.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Асноўнымі заняткамі нейтраль былі земляробства, паляванне і рыбалоўства. Здабывалі крэмень. Гандаль крамянёвымі пласцінамі, што выкарыстоўваўся індзейцамі для навершаў стрэл, доўгі час заставаўся крыніцай дабрабыту і прычынай іх нейтралітэту ў адносінах да іракезаў і гуронаў. Але гэта не спыняла войны з больш слабымі суседзямі. Другім важным прадметам гандлю былі скуры аленяў. Іх абменьвалі ў алганкінаў на ракавіны для вырабу вампумаў. Маюцца апісанні загонных паляванняў нейтраль на аленяў. Археолагамі знойдзены шматлікія прадметы, якія характаразуюць нейтраль як выдатных рамеснікаў і мастакоў.

Запісы езуітаў дазваляюць казаць пра вялікую ролю ў грамадскім жыцці нейтраль абраных правадыроў, якія сумяшчалі ваенную, рэлігійную і палітычную ўладу. У першай палове XVII ст. вылучыўся агульны правадыр, што аб'ядноўваў вакол сябе іншых правадыроў канфедэрацыі.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]