Нелюбоў (фільм, 2017)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
НелюбоўM:
руск.: Нелюбовь
Постар фільма
Жанр драматычны фільм
Рэжысёр
Прадзюсар
Сцэнарыст
У галоўных
ролях
Аператар
Кампазітар
Кінакампанія Non-Stop Production[d], Arte France Cinéma[d][6], Les Films du Fleuve[d][6], Why Not Productions[d][6] і Senator Film Produktion[d][6]
Працягласць 128 хв.
Краіна
Мова руская
Год май 2017, 2017, 2018, 15 сакавіка 2018 і 11 студзеня 2018[1]
IMDb ID 6304162
Афіцыйны сайт (англ.)

«Нелюбо́ў» — драматычны фільм рэжысёра Андрэя Звягінцава. Сусветная прэм’ера адбылася ў асноўнай конкурснай праграме 70-га Канскага кінафестывалю[9], дзе фільм атрымаў Прыз журы[10].

Каманда, якая складаецца з рэжысёра Андрэя Звягінцава, прадзюсараў Аляксандра Раднянскага і Сяргея Мелькумава, сцэнарыста Алега Негіна і аператара Міхаіла Крычмана, раней працавала над фільмамі «Алена» (2011) і «Левіяфан» (2014), якія таксама мелі поспех на Канскім кінафестывалі.

Фільм апавядае гісторыю пра сучасную маскоўскую сям’ю, у якой сужэнцы (Мар’яна Співак і Аляксей Розін) збіраюцца развесціся, але не могуць вырашыць, з кім пакінуць сына Алёшу (Мацвей Новікаў). У шэрагу канфліктаў і бясконцых узаемных прэтэнзій яны адкрыта грэбуюць ім, і Алёша, адчуваючы сваю абсалютную непатрэбнасць, пасля іх чарговай сваркі раптоўна знікае.

У Беларусі прэм’ера фільма адбылася 1 чэрвеня 2017 года.

Сюжэт[правіць | правіць зыходнік]

Падзеі фільма адбываюцца ў кастрычніку 2012 года. У стасунках адміністратара салона прыгажосці Жэні (Мар’яна Співак) і менеджара па продажы Барыса (Аляксей Розін) даўно наступіў разлад, і яны наважваюць падаць на развод. Застаючыся пакуль што афіцыйна жанатымі, яны абое ўжо маюць стасункі на баку: Барыс жыве з цяжарнаю ад яго дзяўчынай Машай (Марына Васільева), а ў Жэні ёсць забяспечаны палюбоўнік Антон (Андрыс Кейш). Застаецца толькі прадаць агульную кватэру і вырашыць, з кім будзе жыць іх 12-гадовы сын Алёша (Мацвей Новікаў).

Алёша вяртаецца са школы і сядае рабіць урокі, назіраючы праз акно за асеннім дажджом. Чуецца званок — маці кажа яму, што прыйшлі патэнцыяльныя пакупнікі, каб паглядзець кватэру, і што ён мусіць прыбрацца ў сваім пакоі. Заходзяць пакупнікі: мужчына (Максім Стаянаў) са сваёй цяжарнай дзяўчынай (Любоў Сакалінская). Алёша не рады ні іх прыходу, ні таму, што бацькі прадаюць кватэру, і зачыняе дзверы ў свой пакой. У канцы агляду пакупнікі заходзяць у дзіцячы пакой. Маці ўшчувае хлопчыка, бо той не павітаўся з людзьмі, і дае яму кухталя. У адказ Алёша вітаецца скрозь зубы, а пасля, пакрыўджаны на маці, выбягае з пакоя.

Той жа ноччу Алёша падслухоўвае зваду бацькоў і разумее, што ні тата, ні мама не маюць ніякага жадання гадаваць яго (лічачы, што ён стане перашкодай іх новым раманам) і стараюцца спіхнуць сына адно на аднаго. Тата лічыць, што для дзіцяці важней жыць з маткай, аднак матка не мае намеру саступаць і кажа, што таксама хоча пажыць сваім жыццём. Яго наступную прапанову — аддаць дзіця бабулі (Наталля Патапава), жанчына таксама адкідае, бо яе маці зусім не любіць унука. У запале сваркі яны нават згадваюць варыянт аддаць сына ў дзетдом, але разумеюць, што дзіцячая ювенальная юстыцыя не дазволіць ім гэтага зрабіць. На наступны дзень пасля снедання, падчас чаго маці называе сына «кволым», Алёша выбягае з дому быццам бы ў школу і больш не вяртаецца.

Жэня пра гэта не ведае, бо начуе ў Антона. Яна прызнаецца, што ён — яе першае каханне і што яна ніколі нікога не любіла, акрамя маці — і тое ў дзяцінстве. Маці, паводле слоў Жэні, паводзілася з ёй як «злая, самотная сцерва». Яна таксама гаворыць, што да мужа ў яе нікога не было і «заляцела» яна па дурасці, таму ёй і прыйшлося пабрацца шлюбам з нялюбым Барысам. Раніцай Жэня вяртаецца дадому і кладзецца спаць, не ведаючы, што сын дома не начаваў.

Праз колькі часу ёй тэлефануюць са школы і паведамляюць, што Алёшы не было на ўроках ні ўчора, ні сёння. Не зважаючы на пярэчанні Барыса, што хлопчык хутка сам вернецца, Жэня звяртаецца ў паліцыю. Оперупаўнаважаны (Сяргей Барысаў) у размове з Жэняй выказвае меркаванне, што хлопчык пайшоў гуляць з сябрамі або бадзяецца па гандлёвым цэнтры, гаворачы, што пераважная большасць «бегункоў» вяртаецца дамоў праз 7—10 дзён. Адзінае, што ён можа параіць, гэта звярнуцца да валанцёраў з недзяржаўнай пошукавай арганізацыі, а не спадзявацца на праваахоўныя органы, якія патопяць справу ў бюракратычных працэдурах.

Сходненскі коўш, дзе адбываліся пошукі Алёшы.

Жэня прыслухоўваецца да парады і тэлефануе валанцёрам. Каардынатар пошукава-выратавальнага атрада (Аляксей Фацееў), апісваючы Жэні і Барысу план пошуку, выказвае думку, што хлопчык можа знаходзіцца ў бабулі, якая жыве на лецішчы за тры гадзіны язды ад Масквы. Жэня сумняецца, бо Алёша не ведае туды дарогі, і вельмі неахвотна згаджаецца паехаць з Барысам да маці, бо ў яе з ёй вельмі напружаныя стасункі. Жэніна маці прынцыпова не выходзіць на сувязь з дачкой, а калі сужэнцы прыязджаюць у суправаджэнні валанцёра, не адразу пускае іх у дом. Яна не дае веры, што хлопчык прапаў, і лічыць, што яе дачка з мужам ўсё выдумалі, каб разжаліць яе і, у выніку, «павесіць» на яе хлопчыка. Пасля эмацыянальнага скандалу з маці Жэня і Барыс едуць назад у Маскву. Па дарозе дадому Жэня прызнаецца Барысу, што выйшла за яго замуж і нарадзіла Алёшу толькі таму, што больш не магла жыць з маці, але гэта было памылкай, і ёй трэба было зрабіць аборт. Сужэнцы зноў лаюцца і Барыс высаджвае Жэню з машыны сярод дарогі.

Вярнуўшыся ў Маскву, яны даведваюцца, што пошукі не далі выніку. Каардынатар валанцёрскага атрада накіроўваецца ў школу і праводзіць гутарку з аднакласнікам і адзіным сябрам Алёшы (Арцём Жыгулін). Ён угаворвае хлопчыка раскрыць месцазнаходжанне так называнай «базы» — закінутага ў лясным гушчары будынка, дзе збіраюцца хлапчукі са школы. Валанцёры і Алёшаў бацька выпраўляюцца туды, але знаходзяць толькі Алёшаву куртку. У адну з лякарань дастаўляюць хлопчыка, знойдзенага на вуліцы і падобнага з апісання; да яго прыходзіць Жэня, але гэта аказваецца не Алёша.

Праз колькі часу Барыс, Жэня, Антон і каардынатар валанцёраў едуць у морг для апазнавання трупа невядомага хлопчыка. Пасля таго, як патолагаанатам падымае покрыўку са знявечанага трупа, у Жэні пачынаецца істэрыка, яна сцвярджае, што гэта не Алёша, бо на яго целе мае быць радзімка. Барыс згаджаецца з жонкай, аднак каардынатар рэкамендуе ім правесці параўнальны аналіз ДНК, мяркуючы, што бацькі могуць знаходзіцца ў стане адмаўлення. Жэніна істэрыка працягваецца, яна накідваецца на вонкава спакойнага Барыса з крыкам, што ніколі б не аддала хлопчыка ў дзіцячы дом. Яна выходзіць у калідор, дзе яе супакайвае Антон. Пасля яе cыходу Барыс сядае на падлогу і больш не можа стрымаць слёз. Такім чынам, пытанне пра лёс хлопчыка застаецца адкрытым.

Праз два годы Алёша лічыцца зніклым без вестак, сужэнцы жывуць раздзельна, а ў іх прададзенай кватэры цяпер ідзе рамонт. Барыс жыве ў Машынай кватэры разам з цешчай, у іх нарадзіўся сын, да якога Барыс гэтаксама нічога не адчувае. Жэня жыве ў раскошных апартаментах Антона, але і яна не пачуваецца шчаслівай. У апошніх сцэнах фільма дэманструюцца пейзажы Сходненскага каўша, а таксама загараджальная стужка, якую Алёша аднойчы закінуў на дрэва па дарозе са школы.

Акцёрскі склад[правіць | правіць зыходнік]

Акцёр Роля
Мар’яна Співак Жэня Жэня жонка Барыса
Аляксей Розін Барыс Барыс муж Жэні
Мацвей Новікаў Алёша Алёша сын Барыса і Жэні
Андрыс Кейш Антон Антон палюбоўнік Жэні
Марына Васільева Маша Маша палюбоўніца Барыса
Аляксей Фацееў Іван Іван каардынатар пошукава-выратавальнага атрада
Сяргей Барысаў оперупаўнаважаны оперупаўнаважаны
Наталля Патапава мама Жэні мама Жэні
Ганна Гулярэнка мама Машы мама Машы
Сяргей Бадзічкін Сяргей Сяргей калега Барыса
Яўгенія Дзмітрыева парыкмахер парыкмахер
Арцём Жыгулін Кузняцоў Кузняцоў аднакласнік Алёшы
Максім Салопаў бацька Кузняцова бацька Кузняцова
Таццяна Рабаконь рыелтар рыелтар
Максім Стаянаў пакупнік пакупнік
Любоў Сакалінская дзяўчына пакупніка дзяўчына пакупніка
Варвара Шмыкава Лена Лена пашукавік
Наталі Старынкевіч касметолаг касметолаг
Ірына Крыванос медсястра медсястра

Стваральнікі фільма[правіць | правіць зыходнік]

Стварэнне[правіць | правіць зыходнік]

Задума і напісанне сцэнарыя[правіць | правіць зыходнік]

Задума кінафільма ўзнікла летам 2015 года, і спрыяла таму даўняя прыхільнасць Андрэя Звягінцава да фільма Інгмара Бергмана «Сцэны з сямейнага жыцця». Ён са сваім пастаянным сцэнарыстам Алегам Негіным разглядалі магчымасць зазірнуць у крызіс сямейнага жыцця, калі мінула 10-12 гадоў шлюбу і жыць разам далей немагчыма.[11] У інтэрв’ю РІА Навіны прадзюсар Аляксандр Раднянскі паведаміў, што працэс пошуку і абмеркавання з рэжысёрам матэрыялу для новага фільма цягнуўся некалькі гадоў.[12]

Праект быў запушчаны ў працу на фундаменце кароткага трытмента, выкладзенага на некалькіх старонках. Далей рэжысёр дадаў сваё бачанне развіцця сюжэта. У лістападзе 2015 года Алег Негін скончыў літаратурны сцэнарый. Да гэтага часу частка аб’ектаў для здымкаў была ўжо знойдзена. У прыватнасці, прагулка Алёшы ў яры (Сходненскі коўш) з’явілася ў рэжысёрскім сцэнарыі менавіта дзякуючы таму, што ўжо восенню 2015 года быў зацверджаны галоўны натурны аб’ект: месца пражывання сям’і Сляпцовых. Да гэтага часу ўжо былі гатовы першыя эскізы галоўных інтэр’ераў фільма: кватэра Сляпцовых, кватэра Машы і апартаменты Антона.

Падбор акцёраў[правіць | правіць зыходнік]

Кастынг акцёраў пачаўся ў снежні 2015 года. Аляксей Розін ужо здымаўся ў фільмах «Алена» (2011) і «Левіяфан» (2014), але для Мар’яны Співак гэта была першая роля ў праектах Звягінцава і Раднянскага.[13] Яна была першай актрысай, якая прыйшла на кінапробы, і хадзіла на іх на працягу паўгода.[14]

Падрыхтоўчая праца і здымкі[правіць | правіць зыходнік]

12 лістапада 2015 года Андрэй Звягінцаў абвясціў пра пачатак працы над новым фільмам. «Гэта гісторыя мужа і жонкі, якія расстаюцца. Гісторыя вельмі сумная, пранізлівая», — сказал ён, дадаўшы, што гледачам «прыйдзецца праліць слёзы». Рэжысёр адзначыў, што назва карціны ўжо прыдумана, аднак пакуль яна будзе трымацца ў сакрэце.

У маі 2016 года была абвешчана назва фільма — «Нелюбоў», а таксама некаторыя дэталі сюжэта.[15]

Здымкі пачаліся 5 верасня 2016 года і павінны былі скончыцца ў канцы лістапада — пачатку снежня. Але так як дзеянне фільма адбываецца ў цёплы час года, а ў сярэдзіне кастрычніка выпаў снег, які так і не растаў, здымкі ў лістападзе былі прыпынены.[16]

Даздымкі адбываліся ўвесну, у перыяд з 25 сакавіка па 9 красавіка 2017 года. У агульнай складанасці аб’ём вясенняга блока склаў 12 здымачных дзён, 15 хвілін карыснага хранаметражу і крыху больш за 50 планаў.

Месцы здымкаў[правіць | правіць зыходнік]

У шэрагу момантаў фільма можна ўбачыць раку Сходню (на фотаздымку мы бачым яе на дне Сходненскага каўша) і прылеглую мясцовасць.

Месцам дзеяння кінакарціны быў абраны раён Паўднёвае Тушына на паўночным усходзе Масквы. Там здымаліся: школа (экстэр’ер і інтэр’ер), дом Сляпцовых, паркоўка перад домам, прылеглыя да яе вуліцы, прадуктовая крама, аўтобусны прыпынак, а таксама помнік прыроды — Сходненскі коўш, той самы яр, у нізоўі якога хлопчык пасля заканчэння ўрокаў прагульваецца уздоўж берагоў ракі. Рака завецца Сходня[17].

Усе тры жылыя памяшканні — кватэра Сляпцовых, Машы і Антона — былі выбудаваны ў павільёне па праекце мастака-пастаноўшчыка карціны Андрэя Панкратава. У дэкарацыі «кватэра Сляпцовых» акрамя жылых памяшканняў была пабудавана лесвічная пляцоўка і кабіна ліфта. Усе дэкарацыі кватэр знаходзіліся на вышыні 2,5 — 3 метраў адносна падлогі павільёна, што дазваляла камеры, аказаўшыся дастаткова блізка ад вокнаў, «не бачыць» падлогі. За вокнамі дэкарацыі былі ўсталяваны ствалы і галіны дрэў. У час здымак галіны прыводзіліся ў рух пры дапамозе спецыяльнай сістэмы тросаў супрацоўнікамі мастацкага дэпартамента. Дзякуючы гэтаму, дрэвы «калышуцца ад ветру», што прыдае дэкарацыі рэалістычнасці.[18]

Дэкарацыяй, пабудаванай у павільёне, з’яўляецца і ліфт, у якім Барыс, разам з іншымі офіснымі супрацоўнікамі, падымаецца з падземнай паркоўкі. Закрыццё дзвярэй у ліфце імітавалася спецыяльнымі «сцягамі» з чорнай тканіны, якія перакрывалі святло ад асвятляльных прыбораў. Эфект руху ствараўся пры дапамозе кручэння асвятляльных прыбораў за сценамі ліфта.

Эпізод у моргу здымаўся ў пабудаванай дэкарацыі на тэрыторыі завода «Крышталь».

Мантаж[правіць | правіць зыходнік]

Мантаж пачаўся ў снежні 2016 года, а завяршыўся ў красавіку 2017 года. Гэта першая карціна, якую Андрэй Звягінцаў і мантажор Ганна Мас былі вымушаны пачаць манціраваць яшчэ да заканчэння здымачнага перыяду, у час прыпынення здымак, і не ў храналагічнай паслядоўнасці. У працэсе мантажу ў карціне ўтвараліся лакуны ці пустоты, якія нельга было запоўніць матэрыялам. З-за гэтага рытм апавядання перарываўся, што было дастаткова некамфортным момантам творчага працэсу. Пра гэта казаў сам рэжысёр ужо ўвесну, у час даздымак карціны.

Рэліз[правіць | правіць зыходнік]

У маі 2016 года на кінарынку Marché du Film у Канах кампанія Pyramide Distribution набыла правы на фільм для дыстрыбуцыі ў Францыі, а Wild Bunch — на ўсіх тэрыторыях за межамі Францыі і СНД.

У сакавіку 2017 года стала вядома, што правы на фільм набылі ўсе еўрапейскія краіны і чакаецца некалькі пагадненняў з кампаніямі з Азіі і Лацінскай Амерыкі.[19]

10 красавіка 2017 года ў Парыжы працоўная версія фільма была прадэманстравана сябрам адборачнай камісіі Канскага кінафестывалю.[20]

13 красавіка 2017 года было абвешчана, што «Нелюбоў» увайшла ў асноўную конкурсную праграму 70-га Канскага кінафестывалю, а стваральнікі фільма паведамілі, што спадзяваліся на выдзвіжэнне на Канскім кінафестывалі, але ўсур’ёз не разлічвалі.[21]

31 мая 2017 года ў маскоўскім кінатэатры «Кастрычнік» адбыўся прэм’ерны паказ, а 1 чэрвеня 2017 года стужка выйшла ў расійскі кінапракат.[22][23]

Прэм’ерныя паказы[правіць | правіць зыходнік]

Сцяг Францыі Францыя — 18 мая 2017 (70-ы Канскі кінафестываль)
Сцяг Расіі Расія — 31 мая 2017 (Кінатэатр «Кастрычнік»)[22]
Сцяг Германіі Германія — 23 чэрвеня 2017 (35-ы міжнародны Мюнхенскі кінафестываль)[24]

Шырокі пракат[правіць | правіць зыходнік]

Сцяг Расіі Расія — 1 чэрвеня 2017[23]
Сцяг Арменіі Арменія — 1 чэрвеня 2017[24]
Сцяг Беларусі Беларусь — 1 чэрвеня 2017[24]
Сцяг Казахстана Казахстан — 1 чэрвеня 2017[24]
Сцяг Францыі Францыя — 20 верасня 2017[25]
Сцяг Вялікабрытаніі Вялікабрытанія — 10 лістапада 2017[24]

Водгукі[правіць | правіць зыходнік]

Друк, крытыкі[правіць | правіць зыходнік]

Кінакрытык Пітэр Брэдшоў у брытанскай газеце «The Guardian» даў фільму максімальную адзнаку. Паводле яго меркавання новы фільм Андрэя Звягінцава — «гэта суровая, таямнічая і вусцішная гісторыя духоўнай катастрофы: драма, асаджаная на шкілет працэдурнага дэтэктыўнага трылера». «Фільм валодае гіпнатычнай сілай і невыноснай неадназначнасцю, якая захоўваецца да самага фіналу. Гэта гісторыя сучаснай Расіі, жыхары якой знаходзяцца ва ўладзе няўмольных сіл, свету без любові, падобнага да непрыдатнай для чалавека планеты, месца, дзе звычайнае выжыванне муціравала ў бясконцую прагу грошай, паляпшэння грамадскага становішча, у жаданне другога шлюбу, які прынясе добрую кватэру, секс і раскошу, у сацыяльныя медыя з іх сталаю зацыкленасцю на сабе і ўласным статусе. Але ўсё гэта прыкрываецца або кантралюецца кансерватыўнымі сацыяльнымі нормамі хрысціянства, канфармізму і нацыяналізму», — рэзюмуе кінакрытык.[26]

Кінакрытык Джэсіка Кіенг у сваёй рэцэнзіі для «The Playlist» напісала — «ёсць, вядома, нешта „сталкераўскае“, амаль фантастычнае ў недаказанасці спустошаных пейзажаў, але „Нелюбоў“ гаворыць не пра бліжэйшую будучыню, а пра нядаўняе мінулае. Радыё ў машыне бурчыць пра прадказанні апакаліпсісу, сробленыя майя, а па тэлевізары абмяркоўваюць сітуацыю ва Украіне (тут больш-менш нічога не змянілася). Для фільма, зробленага з такой дбайнасцю, гэты навінны шум гучыць не вельмі выразна, але і гэта таксама мае свой сэнс. Як і многія фільмы жахаў, „Нелюбоў“ выгадавана лютасцю, і гэтыя смутныя моманты патрэбныя Звягінцаву для таго, каб маска фармальнай дакладнасці магла саслізнуць уніз, прыадчыняючы грымасу праведнага гневу».[27]

Фільм атрымаў станоўчую ацэнку ад кінакрытыка вядучага амерыканскага штотыднёвіка «Variety» Оўэна Глейбермана. Ён лічыць, што — «пры дапамозе другарадных дэталяў Звягінцаў апісвае рамантычны неўроз, які ахоплівае ўсё грамадства. <…> Карумпіраванае грамадства аказваецца чашкай Петры для шлюбу без кахання, у якім з’яўляецца нялюбае дзіцё. Драматургія — выразная, але ў той самы час няспешная ў сваіх назіраннях, рэалістычная, але і метафарычная… Гэта адначасова фільм-роздум і драма пра стасункі. Практычна кожны ведае пра хваробу, дыягназ якой ён ставіць. І эпідэмія не абмяжоўваецца Расіяй».[28]

Рускі кінакрытык Антон Долін адзначае, што сюжэт фільма развіваецца на фоне выразнага сацыяльна-палітычнага кантэксту Расіі 2012—2014 гадоў. У фанаграме фільма прысутнічаюць згадкі і пра выбары каардынацыйнай рады апазіцыі (маскоўскія пратэсты 2011—2012 гадоў), і пра вайну ва Украіне, але героі ніяк не каментуюць гэтыя падзеі, гэта толькі фон іх жыцця.[29]

Афіцыйныя асобы[правіць | правіць зыходнік]

30 мая 2017 года стала вядома, што прэм’ер-міністр РФ Дзмітрый Мядзведзеў павіншаваў рэжысёра Андрэя Звягінцава і прадзюсара Аляксандра Раднянскага з прызам журы 70-га Канскага міжнароднага кінафестывалю за фільм «Нелюбоў», адзначыўшы, што гэта годная ацэнка іх таленту. «Шчыра рады павіншаваць вас з прызам журы юбілейнага, 70-га Канскага фестывалю… Вы стварылі кінастужку, якая пранізліва і праўдзіва расказала пра жыццё сям’і, няпростыя адносіны бацькоў і дзяцей, пра пачуцці і перажыванні, пра тое, што хвалюе кожнага чалавека. І ўзнагарода Канаў — гэта годная ацэнка вашага таленту і асаблівага погляду», — гаварылася ў віншавальнай тэлеграме.[30]

Узнагароды і намінацыі[правіць | правіць зыходнік]

Узнагароды і намінацыі
Год Фестываль / Кінапрэмія Катэгорыя Намінант Вынік
2017 70-ы Канскі кінафестываль «Залатая пальмавая галіна» «Нелюбоў» Намінацыя
Прыз журы Перамога[10]
2017 35-ы міжнародны Мюнхенскі кінафестываль Гран-пры «Нелюбоў» Перамога[31]
2017 10-ы Усерасійскі кінафестываль «Залаты Фенікс» Гран-пры «Нелюбоў» Перамога[32]
2017 24-ы Міжнародны конкурс мастацкіх фільмаў «Залаты кокан» Гран-пры «Нелюбоў» Перамога[33]
2017 61-ы Лонданскі міжнародны кінафестываль Гран-пры «Нелюбоў» Перамога[34]
2017 30-я Еўрапейская кінапрэмія Найлепшы еўрапейскі фільм «Нелюбоў» Намінацыя
Найлепшы еўрапейскі рэжысёр Намінацыя
Найлепшы еўрапейскі сцэнарыст Намінацыя[35]
Найлепшы еўрапейскі аператар Перамога
Найлепшы еўрапейскі кампазітар Перамога[36]
2018 «Залаты глобус» Найлепшы фільм на замежнай мове «Нелюбоў» Намінацыя[37]
2018 «Сезар» Найлепшы замежны фільм «Нелюбоў» Перамога[38]

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. http://nmhh.hu/dokumentum/198182/terjesztett_filmalkotasok_art_filmek_nyilvantartasa.xlsx
  2. https://www.imdb.com/name/nm1168657/?ref_=tt_ov_dr
  3. а б Internet Movie Database — 1990. Праверана 21 лютага 2020.
  4. https://www.imdb.com/name/nm2697466/?ref_=tt_ov_wr
  5. а б Česko-Slovenská filmová databáze — 2001.
  6. а б в г Internet Movie Database — 1990.
  7. Blanc J. AlloCiné — 1993.
  8. а б http://www.kinoglaz.fr/u_fiche_film.php?lang=fr&num=9415
  9. "Фильм Звягинцева «Нелюбовь» вошел в основной конкурс Каннского фестиваля". Масква: РИА Новости. 2017-04-13. Праверана 2017-06-05.
  10. а б "«Нелюбовь» Звягинцева получила приз жюри Каннского кинофестиваля". Кан: Meduza. 2017-05-28. Праверана 2017-06-05.
  11. Нечаев, Александр (2017-03-14). "«Не признаю национальных рамок кинематографа»: Звягинцев рассказал о своём новом фильме". RT. Праверана 2017-06-05.
  12. "Продюсер: новый фильм Звягинцева это эмоционально многослойная история". Москва: РИА Новости. 2015-11-12. Праверана 2017-06-05.
  13. "Режиссер «Левиафана» объявил о начале работы над новым фильмом". Москва: Lenta.ru. 2015-11-12. Праверана 2017-06-05.
  14. Катаев, Денис. «Мир пылает в огне, люди не могут договориться»: что о фильме Звягинцева «Нелюбовь» говорят исполнители главных ролей. Телеканал «Дождь» (20 мая 2017). Праверана 5 чэрвеня 2017.
  15. Roxborough, Scott. Cannes: 'Leviathan' Director Returns With 'Loveless' (Exclusive) (англ.). The Hollywood Reporter. Prometheus Global Media (5 лістапада 2016). — «Wild Bunch is handling sales in all territories outside France and the CIS»  Праверана 5 чэрвеня 2017.
  16. Баринова, Наталья (2016-11-16). "Звягинцев делает паузу в съемках нового фильма из-за снежной погоды". Москва: ТАСС. Праверана 2017-06-05. Андрей Звягинцев приостановит съемочный процесс новой картины под рабочим названием "Нелюбовь" из-за снежной погоды
  17. "«Нелюбовь» Андрея Звягинцева (о создании картины)".
  18. "«Нелюбовь». Факты".
  19. "Права на фильм Звягинцева «Нелюбовь» приобрели все европейские страны". Интерфакс. 2017-03-06. Праверана 2017-06-05. В Берлине были заключены сделки с компаниями из Великобритании, Испании, Дании и Финляндии. Таким образом, права на все европейские территории проданы и осталось лишь закрыть несколько сделок с компаниями из Азии и Латинской Америки
  20. Александр Роднянский (руск.) ў сацыяльнай сетцы «Instagram»(рус.) на сайте Instagram
  21. "Фильм Звягинцева «Нелюбовь» вошел в основную программу в Каннах". РБК. 2017-04-13. Праверана 2017-06-05. Создатели фильма «Нелюбовь» надеялись на выдвижение на Каннском кинофестивале, но всерьез не рассчитывали, рассказал РБК продюсер Александр Роднянский
  22. а б "В Москве прошла премьера фильма Андрея Звягинцева «Нелюбовь»". РИА Новости. 2017-06-01. Праверана 2017-06-05. Премьера фильма Андрея Звягинцева «Нелюбовь», получившего на Каннском фестивале приз жюри, прошла в среду в московском кинотеатре «Октябрь»
  23. а б "Фильм Андрея Звягинцева «Нелюбовь» выходит в российский прокат". ТАСС. 2017-06-01. Праверана 2017-06-05. Фильм «Нелюбовь» Андрея Звягинцева, получивший приз жюри на 70-м Каннском кинофестивале, выходит в четверг в российский прокат
  24. а б в г д Нелюбовь (2017). Release Info (англ.). IMDB. Amazon.com. — График мировых премьер. Праверана 5 чэрвеня 2017.
  25. Горохов, Дмитрий (2017-05-30). "Фильм «Нелюбовь» выйдет на экраны Франции в сентябре". Канн: ТАСС. Праверана 2017-06-05. Во Франции лента появится на экранах кинотеатров 20 сентября, в середине октября ее можно будет увидеть в Великобритании {{cite news}}: Невядомы параметр |coauthors= ігнараваны (прапануецца |author=) (даведка)
  26. "«Loveless» review - eerie thriller of hypnotic, mysterious intensity from «Leviathan» director".
  27. "Andrey Zvyagintsev's Purgatorial, Punishing, Pristine 'Loveless' [Cannes Review]".
  28. "Film Review: 'Loveless'. Alexey Zvyagintsev's stark tale of a divorcing couple is a missing-child procedural that meditates on the corruption of Russia".
  29. Антон Долин. Формула нелюбви. // Новое время/The New Times 2017. № 19-20. c. 80-83.
  30. "Медведев назвал «пронзительным и честным» новый фильм Звягинцева «Нелюбовь»". Москва: РИА Новости. 2017-05-30.
  31. "Фильм Звягинцева «Нелюбовь» получил Гран-при на кинофестивале в Мюнхене". Москва: РИА Новости. 2017-07-01. Праверана 2017-07-04.
  32. "«Нелюбовь» Звягинцева получила Гран-при фестиваля «Золотой феникс»". Москва: РИА Новости. 2017-09-07.
  33. "«Нелюбовь» Звягинцева получила Гран-при фестиваля «Золотой кокон»". Архівавана з арыгінала 6 кастрычніка 2017. Праверана 17 лістапада 2017. {{cite news}}: Невядомы параметр |deadurl= ігнараваны (прапануецца |url-status=) (даведка) Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 6 кастрычніка 2017. Праверана 17 лістапада 2017.Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 6 кастрычніка 2017. Праверана 17 лістапада 2017.
  34. ""Нелюбовь" Звягинцева признана лучшим фильмом Лондонского международного кинофестиваля".
  35. ""Нелюбовь" получила три номинации Европейской киноакадемии".
  36. "Фильм "Нелюбовь" завоевал призы Европейской киноакадемии".
  37. "Golden Globe Awards, Winners & Nominees: Loveless". Праверана 2018-01-15.
  38. "Cesar Awards: 'BPM ' Wins Best Film as France Promotes #NowWeAct". 2017-09-07. Праверана 2018-03-03.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]