Дробны від рукакрылых, даўжыня цела 3,3—5,2 см, перадплечча 2,8—3,2, хваста 2,6—3,3 см. Маса цела 3—8 г. Поўсць густая, кароткая, на спіне цёмна-карычневая, на брушку больш цьмяная і бледная, маладыя асобіны больш цёмныя. Вушы кароткія з закругленымі кончыкамі. Крылы вузкія. Лятальныя перапонкі шэрыя або цёмна-бурыя.
Пашыраны ў Еўразіі, у Еўропе на поўначы дасягае Эстоніі, Калінінскай і Пензенскай абласцей Расіі, ёсць на Каўказе, у Сярэдняй Азіі. Самы дробны від рукакрылых Беларусі, трапляецца па ўсёй тэрыторыі, больш шматлікі ў заходніх раёнах.
Корміцца вяснянкамі, жукамі, камарамі, молямі і іншымі дробнымі насякомымі адразу пасля заходу сонца і перад золкам на ўзлесках, прасеках, палянах, у алеях паркаў, над вадаёмамі.
У летніх сховішчах (на гарышчах, пад стрэхамі, за абшыўкай сцен, вокнаў, радзей у дуплах дрэў) паяўляюцца у 2-й палове мая. Самкі жывуць калоніямі па 30—50 асобін, часам з іншымі відамі лятучых мышэй (калоніі дарослых самцоў на Беларусі не знойдзены). Двое дзіцянят нараджае ў канцы чэрвеня — пачатку ліпеня. Асеннія міграцыі ў канцы ліпеня — пачатку жніўня. На зімоўку адлятае ў Цэнтральную Еўропу, Закарпацце, Крым, Закаўказзе, Сярэднюю Азію ў жніўні.
Курскоў А. М. Нетапыр-карлік // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 4. Недалька — Стаўраліт/Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.— Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1985.—599 с., іл.— 10 000 экз.
Гричик В. В., Бурко Л. Д. Животный мир Беларуси. Позвоночные: учеб. пособие. — Минск: Изд. центр БГУ, — 399 с. ISBN 978-985-553-128-0