Неўская бітва
| Неўская бітва | |||
|---|---|---|---|
| Асноўны канфлікт: Swedish–Novgorodian Wars[d] | |||
| Неўская бітва ў Ліцавым летапісным зводзе, XVI ст. | |||
| Дата | 15 ліпеня 1240 | ||
| Месца | сутокі Нявы і Іжоры | ||
| Вынік | перамога наўгародскага войска | ||
| Праціўнікі | |||
|
|||
| Камандуючыя | |||
|
|||
Не́ўская бі́тва — бітва паміж наўгародскім і шведскім войскамі, якая адбылася 15 ліпеня 1240 года каля сутокі Нявы і Іжоры і скончылася перамогай войска наўгародскага князя Аляксандра Яраславіча. Паводле пазнейшых крыніц, пасля гэтай перамогі Аляксандр атрымаў мянушку «Неўскі».[1]
Шэраг абставін бітвы вядомы толькі з усходнеславянскіх летапісаў і па-рознаму ацэньваецца даследчыкамі. У прыватнасці, спрэчнымі застаюцца маштаб шведскай экспедыцыі, склад яе ўдзельнікаў і асоба камандзіра.[2]
Перадумовы
[правіць | правіць зыходнік]Неўская бітва адбылася на фоне працяглага суперніцтва Ноўгарада і Швецыі ва ўсходняй частцы Балтыйскага рэгіёна. Абодва бакі змагаліся за ўплыў над фіна-ўгорскімі народамі на поўнач ад Наўгародскай зямлі і за доступ да Фінскага заліва. Паход на Няву ў 1240 годзе — адзін з шэрагу сутыкненняў, выкліканых гэтым суперніцтвам.[3]
Шведскае прасоўванне на ўсход адбывалася адначасова з пашырэннем сферы ўплыву Каталіцкай царквы ва Усходняй Балтыцы. У снежні 1237 года Рыгор IX заклікаў архібіскупа Упсалы і шведскіх біскупаў арганізаваць крыжовы паход супраць тавастаў. У пачатку лета 1240 года шведы рушылі далей на ўсход, але ў ліпені іх прасоўванне было спынена на Няве. Неўзабаве пасля гэтага войскі з Лівоніі і Эстоніі рушылі на ўсход, захапілі Ізборск, а затым Пскоў.[4]
На гэтым фоне адбывалася збліжэнне Полацка і Ноўгарада. Георгій Штыхаў пісаў, што Полацк і Віцебск, сутыкнуўшыся са знешняй небяспекай, умацоўвалі палітычныя сувязі з Ноўгарадам; сведчаннем гэтага ён называў шлюб Аляксандра Яраславіча ў 1239 годзе з дачкой полацкага князя Брачыслава.[5] Яшчэ адной прыкметай такога збліжэння было прысутнасць прынамсі аднаго выхадца з Полацка, Якава Палачаніна, у войску Аляксандра Яраславіча.[6]
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]Найбольш ранні захаваны летапісны аповед пра бітву змяшчаецца ў старэйшай рэдакцыі Першага ноўгарадскага летапісу. У запісе пад 1240 год паведамляецца пра прыход шведаў і іх хаўруснікаў на караблях, стаянку каля вусця Іжоры, бітву 15 ліпеня, страты абодвух бакоў і адыход шведаў пасля сутыкнення.[7]
Штыхаў пры апісанні бітвы звяртаўся да «Аповесці аб жыцці і храбрасці вялікага князя Аляксандра», у якой названы шэсць воінаў, што асабліва вызначыліся ў баі.[5] Гэты твор стаў адной з асноўных крыніц пазнейшых звестак пра Неўскую бітву. Джон Лінд пры параўнанні розных рэдакцый паказваў, што аповед з часам дапаўняўся новымі дэталямі. Першапачатковую версію твора Лінд датаваў прыблізна 1280-мі гадамі; пазней матэрыял «Аповесці» аб'ядноўваўся з тэкстам летапісаў і перапрацоўваўся.[2]
У шведскіх крыніцах паведамлення пра паход на Няву і бітву 1240 года не захавалася. Эрыкава хроніка (Erikskrönikan), створаная ў першай палове XIV стагоддзя і прысвечаная ў значнай ступені гісторыі роду Біргера Магнусана, апісвае шведскую экспедыцыю ў Тавастыю, але Неўскай бітвы не згадвае. Лінд пры гэтым адзначаў беднасць шведскіх пісьмовых крыніц XIII стагоддзя; у выніку звесткі пра сам ход падзей на Няве паходзяць пераважна з наўгародскіх крыніц.[2]
Звесткі пра Неўскую бітву ёсць у беларуска-літоўскіх летапісах. Паведамленне пра яе змяшчае Нікіфараўскі летапіс — помнік апошняй чвэрці XV стагоддзя, спіс другой рэдакцыі Беларуска-літоўскага летапісу 1446 года.[8]
Ход бітвы
[правіць | правіць зыходнік]
Паводле Першага ноўгарадскага летапісу, шведскае войска прыбыло на шматлікіх караблях і спынілася на Няве каля вусця Іжоры. Летапіс называе разам са шведамі мурманаў, сумь і емь, а таксама паведамляе пра прысутнасць у войску князя і біскупаў. У Ноўгарад прыйшла вестка, што шведы рухаюцца да Ладагі, пасля чаго Аляксандр Яраславіч выступіў ім насустрач.[7]
Шведскае войска высадзілася і разбіла лагер каля сутокаў Іжоры і Нявы. Аляксандр Яраславіч рушыў да Нявы на чале невялікага коннага войска з наўгародцаў, іжорцаў і ладажан і 15 ліпеня нечакана атакаваў праціўніка. Шведскае войска пацярпела паражэнне.[1]
Ноўгарадскі першы летапіс называе бой «вялікай сечай». Паводле яго, у бітве быў забіты шведскі ваявода Спірыдон; паведамленне пра гібель біскупа сам летапіс перадае як няпэўнае. Пасля бою шведы пагрузілі целы часткі загінулых на два караблі і адправілі іх у мора, іншых пахавалі на месцы. Паведамляецца таксама пра шматлікіх параненых. Уначы, не дачакаўшыся раніцы панядзелка, шведскае войска адышло.[7]
Паведамляецца пра 20 загінулых з боку наўгародцаў, аднак пасля зроблена агаворка «или мене, Богъ вѣсть» («ці менш — Бог ведае»).[7]
Больш падрабязнае апісанне асобных эпізодаў бою змяшчае «Аповесць аб жыцці і храбрасці вялікага князя Аляксандра». У ёй названы шэсць воінаў Аляксандра, якія асабліва вызначыліся ў бітве: Гаўрыла Алексіч, Збыслаў Якуновіч, Якаў Палачанін, Міша, Сава і Ратмір.[9] Якаў Палачанін, лоўчы князя, адзначыўся тым, што з мячом уварваўся ў шэрагі праціўніка і «мужествовав крепко».[1] У летапісе ягоны чын апісаны так:[9]
| Третий же Яков, родом Полочянин, ловчей бысть у князя. Сей наехав на полк с мечем и мужествовал, и похвали его князь. |
Спрэчныя пытанні і ацэнкі
[правіць | правіць зыходнік]
Колькасць і камандаванне шведскага войска
[правіць | правіць зыходнік]Беларуская энцыклапедыя называе кіраўніком шведскага войска Біргера Магнусана, а сярод удзельнікаў паходу разам са шведамі — нарвежцаў і фінаў.[1] Аднак гэта не пацвярджаецца шведскімі крыніцамі таго часу. Стэн Энгстрэм лічыў звестку пра кіраўніцтва Біргерам паходам 1240 года вельмі сумнеўнай, паколькі яна засведчана толькі ў познім апакрыфічным «Тастаменце караля Магнуса».[10] Джон Лінд таксама ставіў пад сумненне частку звестак пра склад шведскага войска, у тым ліку ўдзел у паходзе нарвежцаў.[2]
Ацэнкі маштабу бітвы таксама адрозніваюцца. Святаслаў Асіноўскі ахарактарызаваў Неўскую бітву ў параўнанні з Грунвальдскай як «бой мясцовага значэння».[11] Лінд, даследуючы развіццё аповеду пра бітву ў пісьмовых крыніцах, таксама прыйшоў да высновы, што яе маштаб у пазнейшых рэдакцыях быў перабольшаны.[2]
Мэты паходу Шведаў
[правіць | правіць зыходнік]Іншае спрэчнае пытанне датычыць матываў шведскай экспедыцыі. У БелЭн сцвярджаецца, што шведы імкнуліся захапіць вусце Нявы і Ладагу, каб атрымаць кантроль над часткай гандлёвага шляху «з варагаў у грэкі», які знаходзіўся пад кантролем Ноўгарада.[1]
У савецкай інтэрпрэтацыі шведска-наўгародскі канфлікт канца 1230—1240-х гадоў трактаваўся як крыжовы паход супраць Русі. Аднак у сучасных даследаваннях, тым ліку ў Генадзя Сагановіча ці Барыса Флоры, такое трактаванне канфлікту было перагледжана.[12]
Шведскія гісторыкі ацэньваюць мэты паходу больш асцярожна. Дзік Харысан адзначаў, што сярэднявечныя шведскія крыніцы не згадваюць кампанію 1240 года, таму яе намеры з шведскага боку невядомыя.[13] Звычайна паход характарызуецца як спроба шведаў замацавацца на Няве, якая скончылася паражэннем.[14]
Заўвагі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ У Беларускай энцыклапедыі кіраўніком шведскага войска названы Біргер Магнусан. Стэн Энгстрэм у артыкуле пра Біргера для Svenskt biografiskt lexikon адзначаў, што сцверджанне пра яго кіраўніцтва шведскім паходам на Няву ў 1240 годзе з'яўляецца вельмі сумнеўным.
Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- 1 2 3 4 5 НЕЎСКАЯ БІТВА 1240 - Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова). verbum.by. Праверана 4 верасня 2026.
- 1 2 3 4 5 Lind J. H. Early Russian-Swedish Rivalry: The Battle on the Neva in 1240 and Birger Magnussons’ Second Crusade to Tavastia(англ.) // Scandinavian Journal of History. — 1991. — Т. 16. — № 4. — С. 269—295. — DOI:10.1080/03468759108579222
- ↑ Martin J. Medieval Russia, 980–1584 (англ.). — Cambridge: Cambridge University Press, 2007. — С. 180. — ISBN 978-0-521-67636-6.
- ↑ Fonnesberg-Schmidt I. The Popes and the Baltic Crusades, 1147–1254 (англ.). — Leiden ; Boston: Brill, 2007. — С. 191, 218—220. — ISBN 978-90-04-15502-2.
- 1 2 Штыхаў Г. В. Археолагі дапаўняюць летапісцаў (бел.). — Мінск: Беларуская навука, 2009. — 147 с. — ISBN 978-985-08-1022-9.
- ↑ Ермаловіч М. І. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды (бел.). — Мінск: Мастацкая літаратура, 1990. — 366 с.
- 1 2 3 4 Новгородская первая летопись старшего и младшего изводов (руск.) / под ред. и с предисл. А. Н. Насонова. — Москва ; Ленинград: Издательство Академии наук СССР, 1950. — С. 77. — 640 с.
- ↑ Чамярыцкі В. А. Нікіфараўскі летапіс / В. А. Чамярыцкі // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 11: Мугір — Паліклініка / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 11. — С. 342. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0188-5 (т. 11).
- 1 2 Мансикка В. П. Житие Александра Невского: разбор редакций и текст (руск.). — Санкт-Петербург: Комитет Императорского Общества Любителей Древней Письменности, 1913. — Т. 180. — С. 4. — (Памятники древней письменности и искусства).
- ↑ Engström S. Birger Magnusson(шведск.) // Svenskt biografiskt lexikon. — 1924. — Т. 4. — С. 418—419.
- ↑ Асіноўскі С. М. Што раньш было... (бел.). — Мінск: Беларусь, 2008. — С. 65. — 207 с. — ISBN 978-985-01-0741-1.
- ↑ Сагановіч Г. Крыжаносцы і русіны: ад дактрыны да практыкі вайны з ВКЛ // Беларускі гістарычны агляд. — 2006. — Т. 13. — № 2 (23). — С. 115—134.
- ↑ Harrison D.. Birger jarl och Aleksandr Nevskij (шведск.). SvD Historiebloggen. Праверана 1 мая 2011.
- ↑ Korståg (шведск.). Uppslagsverket Finland.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Неўская бітва 1240 // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 11: Мугір — Паліклініка / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 11. — С. 303. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0188-5 (т. 11).
- Чамярыцкі В. А. Нікіфараўскі летапіс / В. А. Чамярыцкі // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 11: Мугір — Паліклініка / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 11. — С. 342. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0188-5 (т. 11).
- Асіноўскі С. М. Што раньш было... (бел.). — Мінск: Беларусь, 2008. — 207 с. — ISBN 978-985-01-0741-1.
- Ермаловіч М. І. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды (бел.). — Мінск: Мастацкая літаратура, 1990. — 366 с.
- Сагановіч Г. Крыжаносцы і русіны: ад дактрыны да практыкі вайны з ВКЛ // Беларускі гістарычны агляд. — 2006. — Т. 13. — № 2 (23). — С. 115—134.
- Цемушаў С. М., Бохан Ю. М. Гісторыя Беларусі са старажытных часоў да канца XV ст. (бел.) / пад рэд. І. А. Марзалюка. — Мінск: Выдавецкі цэнтр БДУ, 2023. — 224 с. — ISBN 978-985-553-785-5.
- Штыхаў Г. В. Археолагі дапаўняюць летапісцаў (бел.). — Мінск: Беларуская навука, 2009. — 147 с. — ISBN 978-985-08-1022-9.
- Engström S. Birger Magnusson(шведск.) // Svenskt biografiskt lexikon. — 1924. — Т. 4. — С. 418—419.
- Lind J. H. Early Russian-Swedish Rivalry: The Battle on the Neva in 1240 and Birger Magnussons’ Second Crusade to Tavastia(англ.) // Scandinavian Journal of History. — 1991. — Т. 16. — № 4. — С. 269—295. — DOI:10.1080/03468759108579222
- Fonnesberg-Schmidt I. The Popes and the Baltic Crusades, 1147–1254 (англ.). — Leiden ; Boston: Brill, 2007. — 287 с. — ISBN 978-90-04-15502-2.
- Martin J. Medieval Russia, 980–1584 (англ.). — Cambridge: Cambridge University Press, 2007. — ISBN 978-0-521-67636-6.
- Новгородская первая летопись старшего и младшего изводов (руск.) / под ред. и с предисл. А. Н. Насонова. — Москва ; Ленинград: Издательство Академии наук СССР, 1950. — 640 с.
| Неўская бітва на Вікісховішчы |