Новасібірскі дзяржаўны архітэктурна-будаўнічы ўніверсітэт
Новасібірскі дзяржаўны архітэктурна-будаўнічы ўніверсітэт (НДАБУ) | |
---|---|
Заснаваны | 1930 |
Рэарганізаваны | 1935, 1993, 1998, 2006 |
Тып | дзяржаўны |
Рэктар | Скалубовіч Юрый Леанідавіч |
Студэнты | 5900 |
Дактары | 87 |
Выкладчыкаў | 500 |
Краіна | |
Размяшчэнне | Новасібірск, Расія |
Юрыдычны адрас | вул. Ленінградская, д. 113 |
Узнагароды | |
Сайт | sibstrin.ru |
Новасібірскі дзяржаўны архітэктурна-будаўнічы ўніверсітэт (руск.: Новосибирский государственный архитектурно-строительный университет (НГАСУ)) — федэральная дзяржаўная бюджэтная адукацыйная ўстанова вышэйшай адукацыі ў Новасібірску.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Сібірскі будаўнічы інстытут (руск.: Сибирский строительный институт, Сибстрин) быў створаны ў адпаведнасці з загадам ВСНГ СССР № 1381 ад 18 мая 1930 года і пастановай ЦВК і Саўнаркама СССР № 40/237 ад 23 чэрвеня 1930 года. Ён адкрыўся на базе інжынерна-будаўнічага факультэта Сібірскага тэхналагічнага інстытута ў г. Томску. Першым дырэктарам новай навучальнай установы быў прызначаны Іван Мікітавіч Арцем’еў. Заняткі пачаліся 1 верасня 1930 года. Інстытут стаў адзінай ад Урала да Далёкага Усходу вышэйшай навучальнай установай, якая рыхтавала спецыялістаў для будаўнічага сектара краіны: архітэктараў, інжынераў па прамысловым і грамадзянскім будаўніцтве, водазабеспячэнні і каналізацыі. Складаўся з сямі кафедраў: вышэйшай матэматыкі, архітэктуры, будаўнічай механікі, інжынерных канструкцый, будаўнічай вытворчасці, будаўнічых матэрыялаў, водазабеспячэння і каналізацыі, меў 15 супрацоўнікаў і 227 студэнтаў.
У 1931 годзе дырэктарам інстытута стаў Афанасій Пракопавіч Страхаў[2], які ўзначальваў яго да красавіка 1936 года.
У 1933 годзе Сібірскі будаўнічы інстытут пераехаў з Томска ў Новасібірск. У інстытуце дзейнічала ўжо 13 кафедраў. Завершана будаўніцтва першай чаргі навучальнага корпуса і прафесарскага карпусоў. Будынкі новых карпусоў былі запраектаваны брыгадай архітэктараў кафедры архітэктуры Сібірскага будаўнічага інстытута пад кіраўніцтвам М. С. Кузьміна . Кансультаваў праект А. Д. Крачкоў. Найбольш актыўнымі ўдзельнікамі будаўніцтва будынкаў інстытута былі яго студэнты.
У 1935 годзе інстытут перайменаваны ў Новасібірскі інжынерна-будаўнічы інстытут (НІБІ) імя В. У. Куйбышава (руск.: Новосибирский инженерно-строительный институт им. В. В. Куйбышева, НИСИ). У 1936—1938 гадах інстытут узначальваў Анатоль Георгіевіч Прысцінскі, а з кастрычніка 1937 года Васіль Фёдаравіч Арцем’еў, які кіраваў інстытутам да кастрычніка 1940 года. Выйшаў першы зборнік навуковых прац інстытута і адбылася першая навуковая канферэнцыя. Пабудаваны студэнцкі інтэрнат № 3 на 515 месцаў.
У 1939 годзе на базе інжынерна-геадэзічнага факультэта НІБІ арганізаваны Новасібірскі інстытут інжынераў геадэзіі, аэрафотаздымкі і картаграфіі (цяпер — Сібірская дзяржаўная геадэзічная акадэмія). Заснавана аспірантура.
У 1940 годзе месца дырэктара заняў Лука Алімпіевіч Маслюкоў, які ўзначальваў інстытут да лютага 1944 года. Усяго з НІБІ ў армію было прызвана 400 чалавек: 245 студэнтаў, 36 выкладчыкаў, 3 аспіранты, 116 іншых супрацоўнікаў і рабочых. Усе яны гераічна абаранялі Радзіму, а 106 з іх загінулі ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, памерлі ад раненняў у шпіталях. Навукоўцы інстытута зрабілі вялікі ўнёсак у развіццё будаўнічай галіны ва ўмовах ваеннага часу. Створаны будаўніча-тэхналагічны факультэт. У 1944 годзе дырэктарам НІБІ прызначаны Рыгор Барысавіч Прончанка, які ўзначальваў яго да красавіка 1949 года.
У 1949 годзе НІБІ ўзначаліў Данііл Азаравіч Куляшоў, які стаяў на чале інстытута амаль 30 гадоў, ператварыўшы яго цэнтр падрыхтоўкі будаўнічых кадраў Сібіры. У 1955—1956 гадах арганізаваны факультэты вячэрняга і завочнага навучання (аб’яднаны ў 1991 годзе). У 1957 годзе здадзены ў эксплуатацыю інтэрнат № 2 на 450 месцаў.
У 1969—1970 гадах арганізаваны факультэт павышэння кваліфікацыі выкладчыкаў вышэйшых навучальных устаноў і адкрыта падрыхтоўчае аддзяленне для абітурыентаў. У інтэрнаце № 2 адкрыты прафілакторый для студэнтаў, выкладчыкаў і супрацоўнікаў.
9 мая 1975 года, у дзень 30-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне адкрыты помнік, на які пералічаны імёны 39 студэнтаў і выкладчыкаў, якія загінулі ў гады ВАВ. Адкрыты музей баявой і працоўнай славы НІБІ. У 1978 годзе распачата падрыхтоўка спецыялістаў для замежных краін. Інстытут узначаліў Ілья Ільіч Кошын.
У 1980 годзе за заслугі ў падрыхтоўцы кваліфікаваных спецыялістаў для народнай гаспадаркі і поспехі ў развіцці навуковых даследаванняў інстытут быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. У 1981 годзе арганізаваны факультэт па працы з замежнымі студэнтамі (цяпер ФПЗС). У 1987—1989 гадах на базе архітэктурнага факультэта НІБІ быў заснаваны Новасібірскі архітэктурны інстытут (цяпер Новасібірская дзяржаўная архітэктурна-мастацкая акадэмія). У НІБІ пачала працу кафедра архітэктуры і горадабудаўніцтва, арганізаваная для архітэктурнай падрыхтоўкі студэнтаў інжынерна-тэхнічных спецыяльнасцей. Пабудавана 9-павярховы інтэрнат № 5 на 537 месцаў. У 1989 годзе інстытут узначаліў Аркадзь Пятровіч Яненка, які заставаўся на гэтай пасадзе да 2007 года.
У 1990 годзе арганізаваны факультэт даўніверсітэцкай падрыхтоўкі, які аб’яднаў падрыхтоўчае аддзяленне і падрыхтоўчыя курсы (цяпер Цэнтр даўніверсітэцкай падрыхтоўкі і прафарыентацыйнай працы), і агульнатэхнічны будаўнічы факультэт. У 1993 годзе загадам камітэта па вышэйшай школе Міннавукі Расіі ад 21 чэрвеня Новасібірскі інжынерна-будаўнічы інстытут перайменаваны ў Новасібірскую дзяржаўную акадэмію будаўніцтва (НДАБ) (руск.: Новосибирскую государственную академию строительства, НГАС).
У 1994 годзе створаны Вылічальны цэнтр. НДАБ стала асацыяваным членам РААБН і з тых часоў увесь час аказвае аддзяленню акадэміі арганізацыйную, кадравую і фінансавую падтрымку.
У 1998 годзе загадам Міністэрства агульнай і прафесійнай адукацыі РФ ад 22 студзеня НДАБ перайменавана ў Новасібірскі дзяржаўны архітэктурна-будаўнічы ўніверсітэт (НДАБУ).
У 2002 годзе ўніверсітэт акрэдытаваны Міжнародным інстытутам будаўнікоў (ICE, г. Лондан) па кірунку «будаўніцтва». Створана ўпраўленне па арганізацыі пазавучэбнай і выхаваўчай працы (цяпер ЦПВР). У 2003 годзе НДАБУ атрымаў новую афіцыйную назву «Новасібірскі дзяржаўны архітэктурна-будаўнічы ўніверсітэт (Сібірскі будаўнічы інстытут)». На базе аддзела практыкі арганізавана Упраўленне працаўладкавання, занятасці і вытворчых практык. Адкрыты цалкам рэканструяваны мемарыяльны Манумент у гонар загінулых на франтах Вялікай Айчыннай вайны.
У 2004 годзе ўніверсітэт адзначаны Амерыканскім залатым сертыфікатам міжнароднага прэстыжу і залатым медалём Асацыяцыі садзейнічання прамысловасці (Францыя) за поспехі ў вобласці падрыхтоўкі спецыялістаў і развіцці сацыяльнай сферы. У 2005 гоазе ганараваны залатым медалём «Гран-пры еўрапейскай якасці» (Швейцарыя).
У сакавіку 2007 года ўніверсітэт узначаліў Станіслаў Віктаравіч Ліноўскі. З сакавіка 2012 года і па цяперашні час універсітэт узначальвае член-карэспандэнт РААБН Юрый Леанідавіч Скалубовіч. Створаны архітэктурна-горадабудаўнічы факультэт. Будаўніча-тэхналагічны факультэт перайменаваны ў факультэт інжынерных і інфармацыйных тэхналогій (ФІІТ). У выніку аб’яднання факультэта гуманітарнай адукацыі і факультэта эканомікі і менеджменту з’явіўся факультэт эканомікі, менеджменту і гуманітарнай адукацыі (ФЭМГА).
У 2014 годзе была прынята «Праграма стратэгічнага развіцця ўніверсітэта», якая прадугледжвае стварэнне Сібірскага цэнтра навукі і адукацыі ў вобласці архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі, які закліканы аб’яднаць вытворчыя прадпрыемствы, ВНУ, навукоўцаў не толькі з Расіі, але і з замежжа.
15 кастрычніка 2015 года ў складзе НДАБУ (Сібірскі будаўнічы інстытут) створана міжнародная кафедра ЮНЕСКА «Экалагічна бяспечныя тэхналогіі прыродаўладкавання і водакарыстання».
Універсітэт сёння
[правіць | правіць зыходнік]Універсітэт уключае 7 факультэтаў, 30 кафедраў і вядзе шматузроўневае навучанне па 10 кірунках і 16 профілях падрыхтоўкі вышэйшай прафесійнай адукацыі — будаўнічых, архітэктурных і гуманітарных.
Ва ўніверсітэце ў наш час навучаецца прыкладна 6000 студэнтаў. Агульная колькасць прафесарска-выкладчыцкага складу складае каля 460 чалавек. Больш за палову з іх маюць навуковыя ступені прафесараў і дактароў навук, дацэнтаў і кандыдатаў навук.
У НДАБУ (Сібірскі будаўнічы інстытут) маюцца дактарантура і аспірантура па 13 навуковых спецыяльнасцях. Ва ўніверсітэце функцыянуе 1 дысертацыйны савет.
НДАБУ (Сібірскі будаўнічы інстытут) уяўляе сабой кампактна размешчаны ў цэнтры Новасібірска развіты ўніверсітэцкі комплекс агульнай плошчай 66,5 тыс. м2. Навучальна-лабараторная база ўключае 4 карпусы, якія забяспечваюць правядзенне ўсіх відаў навучальных заняткаў. Адзіная інфармацыйна-вылічальная сетка ўніверсітэта аб’ядноўвае звыш тысячы камп’ютараў, маецца 28 сучасных камп’ютарных класаў, падключэнне да сеткі Інтэрнэт з хуткасцю да 33 Мбіт/сек, зоны Wi-Fi са свабодным доступам.
Спартыўна-аздараўленчая база ўніверсітэта ўключае з адзін з найлепшых у горадзе спартыўна-аздараўленчых комплексаў плошчай 6,3 тыс. м2, стадыён, лыжную базу, цір, санаторый-прафілакторый, пункт аховы здароўя, базу адпачынку «Сасноўка». Працуюць секцыі па 17 відах спорту.
На тэрыторыі ўніверсітэцкага комплексу размяшчаецца 4 студэнцкія інтэрнаты.
Зноскі
- ↑ GeoNames — 2005. Праверана 6 красавіка 2015.
- ↑ Сталинские списки: Каменец-Подольская область(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 13 красавіка 2015. Праверана 17 снежня 2017.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Афіцыйны сайт універсітэта Архівавана 13 сакавіка 2008.