Новая Ірландыя
Новая Ірландыя | |
---|---|
англ. New Ireland, Niu Ailan | |
![]() | |
Характарыстыкі | |
Плошча | 7 404 км² |
Найвышэйшы пункт | 2 379 м |
Насельніцтва | 118 350 чал. (2002) |
Шчыльнасць насельніцтва | 15,98 чал./км² |
Размяшчэнне | |
3°33′ пд. ш. 152°00′ у. д.HGЯO | |
Архіпелаг | Архіпелаг Бісмарка |
Акваторыя | Ціхі акіян |
Краіна | |
![]() |
Новая Ірландыя (англ.: New Ireland) — востраў архіпелага Бісмарка на паўднёвым захадзе Ціхага акіяна. Уваходзіць у склад аднайменнай правінцыі дзяржавы Папуа — Новая Гвінея. Плошча - 7 404 км². Насельніцтва (2002 г.) - 118 350 чал.
Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]
Востраў Новая Ірландыя месціцца на паўднёвым захадзе Ціхага акіяна за 812 км на паўночны ўсход ад Порт-Морсбі, сталіцы Папуа — Новай Гвінеі. Гэта вузкі кавалак сушы, выцягнуты з паўднёвага ўсходу на паўночны захад на 364 км. Найбольшая шырыня на поўдні — каля 48 км, у цэнтральнай частцы — каля 5,6 км. Востраў быў сфарміраваны ў выніку вулканічнай дзейнасці, якая пачалася ў алігацэнавы перыяд. Найбольшыя вулканічныя масівы знаходзяцца ў паўднёвай частцы, дзе гара Тарон узвышаецца на 2379 м над паверхняй акіяна. Астатняя тэрыторыя складаецца з вапняковых і старажытных вулканічных утварэнняў. Уздоўж усяго вострава цягнецца горны хрыбет.
Клімат экватарыяльны вільготны, вельмі дажджлівы. У гарах і на ўзбярэжжы пераважаюць кіслотныя глебы. На Новай Ірландыі шмат рэк, звычайна вельмі кароткіх. На вапняковых плато глебы кіпрыя, хутка ўсмоктваюць вільгаць, таму нават у сезон мусонаў тут адчуваецца нястача прэснай вады.
Прырода[правіць | правіць зыходнік]
Прырода Новай Ірландыі характаразуецца наяўнасцю дажджавых горных і нізінных трапічных лясоў. Распаўсюджаная флора — араўкарыя, тэрміналія, мангры, у гарах — падуб, кастанопсіс, бук, сізігіум і г. д. Фаўна прадстаўлена разнастайнымі птушкамі, яшчаркамі і казуркамі. Карэнныя віды сысуноў — выключна кажанамі і грызунамі. Дзякуючы дзейнасці чалавека ў дзікую прыроду вострава трапілі і хутка размножыліся такія прадстаўнікі фаўны, як свінні, сабакі, каты, палінезійскія пацукі, жабы.
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]
Археолагі выявілі на востраве Новая Ірландыя рэшткі культуры Лапіта, якая належыла продкам палінезійцаў і, магчыма, мікранезійцаў. Аднак да прыходу еўрапейцаў на востраве дамінавалі ўжо меланезійцы і папуасы, якія размаўлялі на 15 асобных мовах.
У 1615 г. востраў быў адкрыты галандскай экспедыцыяй на чале В. Схаўтэна. У XIX ст. мясцовыя жыхары часцяком станавіліся ахвярамі гандлю рабамі. У канцы 1870-ых гг. востраў няўдала каланізавалі французы. З-за эпідэмій і сутычак з карэннымі жыхарамі загінула болей за 100 каланістаў. У 1885 г. Новая Ірландыя далучана да каланіяльных валоданняў Германіі. У 1914 г. перайшла пад кантроль Аўстраліі.
У 1975 г. востраў увайшоў ў склад дзяржавы Папуа — Новая Гвінея. У нашы дні разам з суседнімі астравамі (Новы Гановер, Табар, Мусау, Ліхір, Джаул і інш.) складае асобную правінцыю.