Новы горад (Слуцк)
Новы горад, або Новае места[1] — паўднёвая частка горада Слуцка на левым беразе Случы. Са Старым горадам злучаўся мостам цераз Случ, на якім размяшчаліся млыны. Новы горад пачаў забудоўвацца пазней за Стары горад. У XVI ст. тут склалася прамавугольная сетка вуліц з адносна буйнымі кварталамі, забудаванымі драўлянымі дамамі[2].
У 1579 г. Слуцк быў падзелены паміж трыма братамі Алелькавічамі на Стары горад, Новы горад і Востраў[2]. Новы горад атрымаў Ян Сямён Юр'евіч[3]. У 1592 г. усе часткі горада і Слуцкае княства былі зноў аб'яднаны і перайшлі да апошняй князёўны з роду Алелькавічаў — Соф'і Юр'еўны, а праз яе — да Радзівілаў. Пры Радзівілах пабудаваныя новыя абарончыя ўмацаванні, цытадэль, распрацаваны рэгулярны план Новага горада[2].
У 1617 г. Януш Радзівіл пабудаваў у Новым горадзе драўляную кальвінісцкую царквую. Як паведамляюць крыніцы, кальвіністы часам мелі два зборы[2].
У 1630—1640-я гады ператвораны ў горад-крэпасць, умацаваны землянымі валамі і ровам, бастыёнамі і равелінамі. Вал Новага горада меў пяць бастыёнаў і адзін равелін. З усходу, абкружаная валам і ровам, знаходзілася квадратная ў плане з чатырма бастыёнамі па вуглах цытадэль, якая злучалася з гарадской крэпасцю. Уваход у Новы горад меўся толькі праз драўляную Навамейскую браму[2].
У 1710—1720-я гады ў Новым горадзе на месцы былой сядзібы шляхціца І. Клакоцкага, якую ён у 1706 г. падараваў езуітам, пабудаваны драўляныя касцёл і калегіум.
У 1804 г. увесь комплекс езуіцкага калегіума, акрамя скарбніцы, згарэў[2]. У 1852 г. на месцы драўлянага кальвінскага збора ўзведзены мураваны[2].
Зноскі
- ↑ Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, [1984—1988].
- ↑ а б в г д е ё Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік / Беларус. Энцыкл.; Рэкал.: А. А. Воінаў і інш. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-078-5.
- ↑ Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 688 с. — ISBN 985-11-0314-4 (т. 1), ISBN 985-11-0315-2.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік / Беларус. Энцыкл.; Рэкал.: А. А. Воінаў і інш. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-078-5.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх