Нубійскія рукапісы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Рукапіс на старажытнанубійскай мове з перакладам тэксту з Liber Institutionis Michaelis Archangeli, рубеж IX—X стагоддзяў. Знойдзены ў Каср Ібрым.

Нубійскія рукапісы  — тэксты па біблейскай і цырыманіяльнай тэматыцы, запісаныя на літургічных мовах нубійскага хрысціянства.

Рукапісы напісаны грэчаскім алфавітам на старажытнагрэчаскай і нубійскай мовах, а ў больш познія перыяды таксама на копцкай мове. Асноўным матэрыялам, на якім запісвалі тэксты, быў папірус. Пергамент, нягледзячы на тое, што быў больш распаўсюджаным у рэлігійнай практыцы таго перыяду, ужываўся значна радзей, а папера зусім не выкарыстоўвалася на гэтых тэрыторыях да XII стагоддзя ўключна[1]. Рукапісы з Нубіі з'яўляюцца адною з асноўных крыніц для даследавання еўхарыстычнай літургіі ў нубійскім хрысціянстве[2].

Сярод важных знаходак рукапісных крыніц варта адзначыць калекцыю з сабора ў Каср Ібрым ў паўночнай Нубіі, дзе ў 1964—1965 гадах было знойдзена больш за 100 фрагментаў падраных і абгарэлых кніг. Як сцвярджаюць даследчыкі, разбурэнне сабора і маёмасці ў ім здзейснілі мусульмане ў час заняцця горада ў 1171—1173 гадах[3]. Сярод уцалелых фрагментаў, якія захаваліся галоўным чынам у выглядзе асобных старонак, пераважаюць тэксты на нубійскай і грэчаскай мовах. Па змесце — гэта богаслужэбныя кнігі, зборнікі пропаведзей або гімнаў, а таксама агіяграфічныя тэксты. На аснове палеаграфічных даследаванняў устаноўлена, што кнігі былі створаны на мяжы X—XI стагоддзяў.

Іншым важным літургічным тэкстам з'яўляецца фрагмент лекцыянарыя на нубійскай мове, які змяшчае чытанні на перыяд з 20 па 26 снежня. Рукапіс мае выгляд сшытка з 16 старонак, моцна пашкоджаных механічна. Кожная перыкопа змяшчае вытрымку з Евангелля і Апостальскіх пасланняў. Рукапіс быў набыты ў Каіры ў 1906 годзе. Верагодна, паходзіць з аднаго з манастыроў у Верхнім Егіпце, а яго папярэдняе даследаванне дазваляе выказаць здагадку, што рукапіс быў створаны ў X—XI стагоддзях.

Падобны характар маюць моцна пацярпелыя рукапісы, знойдзеныя нямецкай археалагічнай экспедыцыяй у царкве на востраве Сунарці. У асноўным гэта фрагменты напісанага па-грэчаску літургічнага тэксту і знішчанага нубійскага лекцыянарыя, датаванага XI стагоддзем[2].

Роля рукапісаў у рэканструкцыі ходу літургіі ў нубійскім хрысціянстве[правіць | правіць зыходнік]

Калі літургічныя функцыі асобных частак храма і храмавага начыння аднавіць адносна проста, то ход цырыманіяльнай літургіі зрэканструяваць складана з-за невялікай колькасці захаваных крыніц. Знойдзеныя ў час археалагічных работ рукапісы захаваліся толькі фрагментарна. Акрамя таго, як адзначае Тадэвуш Галгоўскі (польск.: Tadeusz Gołgowski), толькі вельмі невялікая частка знойдзеных літургічных тэкстаў нубійскага хрысціянства дачакалася публікацыі[2]. Таму гэтае пытанне ўсё яшчэ патрабуе далейшага вывучэння.

На падставе захаваных пісьмовых крыніц можна з высокай ступенню ўпэўненасці меркаваць, што асноўнай і храналагічна першай мовай літургіі была грэчаская мова, на якой запісаныя былі ініцыялы кніг. Выкарыстанне гэтай мовы ў якасці мовы духавенства і слаёў улады пацвярджаецца ў паведамленнях летапісаў хрысціянскіх і мусульманскіх аўтараў[4]. Разам з грэчаскай у літургіі таксама значнае месца займала нубійская мова, якая мела функцыю дапаможнай мовы. Такую ролю пацвярджаюць фрагменты кніг, у якіх знаходзяцца шматлікія пераклады грэчаскіх тэкстаў на нубійскую мову. Гэта дазваляе выказаць здагадку, што з часам грэчаская, як мова эліты, была паступова выцеснена нубійскай мовай, больш папулярнай сярод народу, і пісьменнасцю, якая хутка развівалася[2]. Хоць першыя нубійскія тэксты датуюцца VIII стагоддзем, можна зрабіць дапушчэнне, што гісторыя нубійскай пісьменнасці хутчэй за ўсё значна даўжэйшая[5].

Надпісы ў храмах і нешматлікія нубійскія рукапісы паказваюць на тое, што царкоўныя бібліятэкі ў культурных і палітычных цэнтрах, такіх як Каср Ібрым, Фарас або Дангола, валодалі не толькі шырока распаўсюджанымі богаслужэбнымі тэкстамі і біблейскімі рукапісамі, але і творамі, якія тычацца кананічнага права, жыцій святых і царкоўнай рыторыкі[2]. На аснове гэтых рукапісаў можна зрабіць вывад, што нубійцы не толькі не капіравалі існуючыя літургічныя тэксты іншых абрадаў усходняга хрысціянства, але і ўводзілі характэрныя для свайго абраду мадыфікацыі, як скарачэнні і спрашчэнні тэкстаў на патрэбы ўласнай літургіі і даданні асаблівасцей, якія нідзе больш не сустракаюцца[6]. Джэфры Камінг (англ. Geoffrey F. Cuming), аўтар дысертацыі па грэчаскай літургіі апостала Марка, лічыць нават, што ў Нубіі мог існаваць зусім іншы варыянт правядзення гэтага абраду[7]. Найбольш старыя богаслужэбныя рукапісы паказваюць, напрыклад, што літургія абвешчаных пасля ўрачыстага ўваходу духавенства і вернікаў у царкву была засяроджаная вакол літургічных чытанняў, якія чаргаваліся са спевамі і малітвамі. Аднак пазней уводзіць у месца ўрачыстага ўваходу шэраг іншых падрыхтоўчых дзеянняў, аб чым сведчаць запісы ў кнігах[2].

Зноскі

  1. W.Y. Adams, Qasr Ibrim. The earlier medieval period.
  2. а б в г д е T. Gołgowski, Liturgia w Nubii i problem jej rekonstrukcji, «Saeculum Christianum. Pismo historyczno-społeczne», 14 (2007) Nr 1, c. 43-51.
  3. W.H.C. Frend, Some Greek Liturgical Fragments from Qasr Ibrim, «Studia Patristica», 15 (1984), c. 545—553.
  4. T. Hägg, Some remarks on the use of Greek in Nubia, у: Plumley J.M., International Society for Nubian Studies, Nubian studies. Proceedings of the Symposium for Nubian Studies, Selwyn College, Cambridge, c. 103—107.
  5. F.L. Griffith, The Nubian texts of the Christian period.
  6. A.S. Atiya, Historia kościołow wschodnich.
  7. G.J. Cuming, Coptic Church, The liturgy of St. Mark, c. 81-82.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Adams W.Y., Qasr Ibrim. The earlier medieval period, London 1996. ISBN 0856981346, ISBN 9780856981340.
  • Atiya A.S., Historia kościołow wschodnich, Warszawa 1978.
  • Cuming G.J., Coptic Church, The liturgy of St. Mark, Rome 1990.
  • Frend W.H.C., Some Greek Liturgical Fragments from Qasr Ibrim, «Studia Patristica», 15 (1984), c. 545—553.
  • Gołgowski T., Liturgia w Nubii i problem jej rekonstrukcji, «Saeculum Christianum. Pismo historyczno-społeczne», 14 (2007) Nr 1, c. 43-51.
  • Griffith F.L., The Nubian texts of the Christian period, Berlin 1913.
  • Plumley J.M., International Society for Nubian Studies, Nubian studies. Proceedings of the Symposium for Nubian Studies, Selwyn College, Cambridge, Cambridge 1982. ISBN 0856681989.