Нубія
Ну́бія (араб. نوبة) — гістарычная вобласць у даліне Ніла, паміж першым і шостым парогамі, на поўнач ад суданскай сталіцы Хартума і на поўдзень ад Асуана ў Егіпце.
Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]
Нубіяй звычайна называюць частку даліны ракі Ніл паміж першым і шостым парогамі. Яна падзяляецца на два рэгіёны — Ніжнюю Нубію паміж першым і другім парогамі і Верхнюю Нубію паміж другім і шостым парогамі. У нашы дні Ніжняя Нубія падзелена паміж Егіптам і Суданам.
Этымалогія[правіць | правіць зыходнік]
Існуюць 2 асноўныя версіі паходжання назвы Нубія. Першая сцвярджае, што гэта назва паходзіць ад старажытнаегіпецкага:
— нуб — золата
Прыхільнікі другой версіі мяркуюць, што назва паходзіць ад афрыканскага племені жывёлагадоўцаў ноба, якія пасяліліся на месцы Мероэ пасля яго захопу Аксумам.
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]
Тэрыторыя Нубіі — адно з найстаражытных месцаў, дзе пачала развівацца чалавечая цывілізацыя. Ужо ў 6 - 5 тысячагоддзях да н. э. тут узніклі земляробства і жывёлагадоўля. У сярэдзіне 4 тысячагоддзя да н. э. на беразе Ніла ўзнік горад Керма, які да 2600 г. да н. э. ператварыўся ў цэнтр значнай дзяржавы. У 1786 г. да н. э., калі ў Егіпет уварваліся гіксосы, Керма распаўсюдзіла сваю ўладу на верхнеегіпецкія землі.
У 1580 – 1559 гг. да н. э. фараон Яхмас I выгнаў гіксосаў і заваяваў Нубію да пятага парога Ніла. Егіпцяне ператварылі Нубію ў частку сваёй дзяржавы, адкуль прывозілі чарнаскурых рабоў і золата. Тут быў пабудаваны новы адміністрацыйны цэнтр Напата. У егіпецкіх дакументах таксама ўзгадваюцца дзяржавы на поўдзень ад пятага парога — Вават, Тэмех, Ірджэт, Сэтджу і Ям.
У 1070 г. да н. э. нубійцы вызваліліся з-пад улады егіпцян і стварылі дзяржаву Куш. Першапачаткова яе цэнтрам з'яўлялася Напата, але да 280 г. да н. э. ён быў перанесены ў Мероэ. Каля 760 г. да н. э. Куш падпарадкаваў Егіпет. Да 656 г. да н. э. Егіптам кіравала дынастыя фараонаў кушыцкага паходжання. У 591 г. да н. э. егіпцяне арганізавалі ваенную экспедыцыю супраць кушытаў, спалілі і разрабавалі Напату. Відавочна, у другой палове 1 тысячагоддзя да н. э. адносіны Куша з егіпецкімі землямі мелі дваісты характар. Гандаль паміж Егіптам і Нубіяй меў вялікую важнасць для абедзьвюх краін, але часам разгортваліся ваенныя падзеі. У канцы 1 тысячагоддзя да н. э. — пачатку 1 тысячагоддзя н. э. адбылося саслабленне Мероэ. У 23 г. да н. э. рымляне захапілі паўночную частку Нубіі. Каля 330 г. н. э. Мероэ быў захоплены Аксумам.
У перыяд сярэднявечча на тэрыторыі Нубіі існаваў шэраг хрысціянскіх дзяржаў (Набадыя, Алодыя, Макурыя). Толькі ў XIV ст. пачаўся працэс ісламізацыі і арабізацыі Нубіі з боку Мамлюкскага султаната. У 1953 - 1956 гг. адбыўся канчатковы падзел гістарычнай вобласці паміж незалежнымі Егіптам і Суданам.
Мовы[правіць | правіць зыходнік]
Сучасныя нубійцы гавораць на дзвюх роднасных мовах нубійскай галіны ўсходнесуданскай надсям'і — нобін (нашчадак старанубійскай) і кенузі-дангола, а частка — толькі на арабскай.
Археалагічныя помнікі Нубіі[правіць | правіць зыходнік]
- Абу-Сімбел
- Аль-Мусаўварат ас-Суфра
- Джэбель-Баркал
- Каср Ібрым
- Керма
- Набта-Плая
- Нака
- Нуры
- Мероэ
- Старая Дангола
- Эль-Куру
- Элефанціна