Нясвіжская Біблія

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Нясвіжская Біблія
Тытульная старонка Нясвіжскай Бібліі
Поўная назва польск.: Biblia, To iest Księgi Starego i Nowego Przymierza znowu z ięzyka Ebrayskiego, Greckiego y Łacińskiego na Polski przełożone
Скарачэнне НБ
Мова польская
Поўная Біблія апублікавана 1572
Аўтар(ы) Сымон Будны
Мова крыніцы іўрыт, грэчаская і лацінская
Тып перакладу даслоўны
Канон пратэстанцкі
Вэб-старонка у фармаце DjVu

Нясві́ская Бі́блія або Бі́блія Сымо́на Бу́днага — пераклад на польскую мову ўсяе Бібліі, выкананы біблеістам і вучоным Сымонам Будным для выкарыстання ў набажэнствах Польскімі братамі. Перакладзеная ў Нясвіжы і надрукаваная ў Заслаўі або Уздзе ў 1572 годзе Мацеем Кавячынскім. Пераклад здзейснены з арыгінальных моў[1].

Сымон Будны, якога называюць «найвыдатнейшым гебраістам XVI стагоддзя»[2], быў прыхільнікам даслоўнага перакладу Святога Пісання, таму меў шмат заўвагаў да выдадзенай у 1563 годзе польскімі кальвіністамі Берасцейскае Бібліі. Лічыў, што ў яе ўведзеныя перайначаныя фармулёўкі, якія датычаць Ісуса (на думку арыяніна Буднага, Хрыстос быў усяго толькі дасканалым чалавекам, а не Богам) і тое, што іхняя Біблія і так была перакладам з французскім і лацінскіх перакладаў, а не з арыгінальных тэкстаў.

Аркуш Нясвіжскай Бібліі 1572 года (фрагмент Кнігі Выхаду, 20 раздзел — Дзесяць запаведзяў) з вылучаным імем Іегова.
Аркуш Новага Запавету Сымона Буднага 1574 года (фрагмент Евангелля паводле Мацвея, 4 раздзел — спакушэнне Ісуса) з вылучаным імем Бога Іегова.

Польскія браты, якія ўсё далей аддаляліся ад кальвіністаў, замовілі Буднаму і яго супрацоўнікам «выпраўленне» тэксту Брэсцкае Бібліі і прыняцце яго заўвагаў. Аднак Будны заняўся ўласным перакладам яўрэйскага і грэчаскага арыгіналаў і апокрыфаў. Асноўную частку перакладу здзейсніў ён сам, нягледзячы на саслабелы зрок і процістаянне з боку нясвіжскіх Радзівілаў (якія вярнуліся ў каталіцтва). Каб захаваць даслоўнасць і ў той жа час дайсці да польскага чытача, Будны ўвёў некалькі гебраізмаў (напрыклад, транскрыпцыю імёнаў замест традыцыйных адпаведнікаў) і неалагізмаў (напрыклад, упершыню выкарыстаў такія словы, як «раздзел», «намёт» і да т. п., якія цвёрда замацаваліся ў польскай мове). Ва ўсім Старым Запавеце Будны перад іменем Бога ўвёў тэтраграму ў форме «Іегова». Дадаткова прыбраў усе згадкі пра боскую сутнасць Ісуса, палічыўшы іх пазнейшымі дадаткамі (у некаторых месцах пазней вярнуў). Даслоўнасць перакладу і агульная антыпатыя да «арыянаў» сталі вынікам таго, што Нясвіжская Біблія выкарыстоўвалася амаль выключна толькі Польскімі братамі.

Аднак выдаўцы Нясвіжскай Бібліі без згоды Сымона Буднага правялі ў тэксце Новага Запавету пэўныя змяненні. Таму Будны, які не ўхваліў гэтых змен, выдаў новы пераклад Новага Запавету пад сваім імем у Лоску ў 1574 годзе. У ім ён 11 разоў змясціў Божае імя «Іегова»[3] і прыбраў усе згадкі пра боскасць Ісуса.

Польскія браты ўсведамлялі, што пераклад Новага Запавету ў іхняй Бібліі недасканалы. Таму ў 1577 выдалі Новы Запавет у перакладзе Марціна Чаховіча, а ў 1606 у Ракаўскай акадэміі яшчэ і Новы Запавет у перакладзе Валентыя Шмальца.

Большасць асобнікаў Бібліі Сымона Буднага загінулі падчас Контррэфармацыі.

Зноскі

  1. Rajmund Pietkiewicz. Pismo Święte w języku polskim w latach 1518—1638 (доктарская дысертацыя).
  2. Norman Davies. Boże igrzysko Historia Polski. — Kraków: Wyd. Znak, 2010. — С. 191.
  3. Мц. 1,20; 1,22; 1,23; 2,13; 2,15; 2,19; 4,7; 4,10; 5,35; 22,37; 44

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]