Перайсці да зместу

Нясвіжская друкарня (XVI стагоддзе)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Нясвіжская друкарня
Тып друкарня і Slavonic typography[d]
Заснаванне 1560-я
Скасавана 1572
Заснавальнікі Сымон Будны, Мацей Кавячынскі, Лаўрэнцій Крышкоўскі і Радзівілы
Краіна
Размяшчэнне

Нясвіжская друкарня — друкарня ў Нясвіжы, якая дзейнічала ў XVI стагоддзі. Адыграла важную ролю ў развіцці беларускай кніжнасці і распаўсюджванні ідэй Рэфармацыі.

Першая друкарня ў Нясвіжы належала нясвіжскаму аканому, выпускніку Вітэнбергскага ўніверсітэта Мацею Кавячынскаму (каля 1520—1572 гг.). Праз яго і нясвіжскага прапаведніка Лаўрэна Крышкоўскага намаганні ў 1562 г. арганізавана кнігадрукаванне. Друкарня заснаваная пры безумоўнай пратэкцыі гаспадара Нясвіжа, пратэстанта, заснавальніка Берасцейскай друкарні Мікалая Радзівіла Чорнага[1].

Ідэйным кіраўніком у першыя гады яе існавання быў клецкі прапаведнік Сымон Будны. Гэта была першая на тэрыторыі Беларусі друкарня, якая выкарыстоўвала кірылаўскія шрыфты. Імя друкара кірылічных выданняў не вядома[2].

Тытульны ліст «Катэхізіса», выдадзенага ў Нясвіжы ў 1562 годзе.

Першай нясвіжскай друкаванай кнігай, выдадзенай у 1562 годзе, быў кірылічны «Катихисис то ест наука стародавная христианъская от светого писма для простых людей языка руского, в пытаниах и отказех събрана» (першая у Беларусі кніга на беларускай мове[2]), напісаны Будным на ўзор «Вялікага Катэхізіса» Марціна Лютэра (1529)[1]. Наступным выданнем друкарні была таксама кірылічная кніга — твор Сымона Буднага «Пра апраўданне грэшнага чалавека перад Богам» (не збярогся[2]), выдадзеная 11 кастрычніка 1562 года[3][1]. Твор быў прысвечаны Астафею Валовічу — земскаму падскарбію літоўскаму, які ўклаў свае сродкі ў Нясвіжскую друкарню: «…початок сее друкарни нашее твоей милости наклады исперва еще, яко некое основание уготовали и укрепили», — пісаў Будны ў прысвячэнні[4][1]. Відавочна і тое, што земскі падскарбі альбо не хацеў, альбо не мог размясціць пратэстанцкую друкарню ў сталічнай Вільні[1].

У канцы 1562 г. у друкарні пачаў працаваць друкар Даніэль Ленчыцкі. Верагодна, новы рамеснік не валодаў ні рускай (старабеларускай), ні царкоўнаславянскай мовамі — пасля яго з’яўлення і да моманту спынення дзейнасці друкарні кірылічныя кнігі тут больш не выходзілі. Праўда, гэтаму можа быць і іншае тлумачэнне. Пачаўшы выданне кірылічных кніг на старабеларускай мове, Сымон Будны хацеў павялічыць колькасць сваіх прыхільнікаў за кошт праваслаўнага насельніцтва ВКЛ. Аднак ён сустрэў рэзкае супраціўленне, у прыватнасці з боку старца Арцемія[uk], які жыў пры двары слуцкага князя Юрыя Алелькавіча. Швейцарскаму тэолагу Генрыху Булінгеру Будны пісаў пра вынікі палемік: «Вашыя… довады разбіваюцца»[5][1].

Цалкам магчыма, што пратэстанты адмовіліся ад друкавання сваіх твораў на кірыліцы не столькі з-за адсутнасці падрыхтаваных друкароў і прапаведнікаў, колькі з-за прычын тактычных — каб не весці «вайну на два франты». Яны засяродзіліся на антыкаталіцкай прапагандзе, што зручней было рабіць на лацінскай і польскай мовах. Гэта паклала пачатак традыцыі супрацоўніцтва праваслаўных і пратэстантаў у ВКЛ[1].

Перыяд найбольшай выдавецкай актыўнасці першай Нясвіжскай друкарні прыпадае на 1563—1564 гг. — восем назваў. У 1563 г. выйшаў, у прыватнасці, «Катэхізіс» Сымона Буднага на польскай мове, у наступным, 1564-м, — «Гутаркі святога Юстына філосафа і пакутніка з іўдзеем Трыфанам» у перакладзе таго ж С. Буднага. Як і Берасцейская друкарня, Нясвіжская выпусціла ў 1564 годзе тры кнігі Паўла з Бжэзін: «Адрозненні ў веры Станкаравых вучняў», «Кароткае апісанне падзей, якія адбыліся ў 1563 г. у Кракаве і Пінчове» і «Супраць артыкулаў новай веры, што выказаў Сарніцкі ў Варшаве»[1].

Тытульны ліст Бібліі ў перакладзе Сымона Буднага. 1570—1572 гг.

Потым быў перапынак да 1568 года, калі перавыдалі Новы Запавет у перакладзе С. Буднага, два выданні выйшлі ў 1570 г. — Апокрыфы і Новы Запавет. У 1572 г. пачалося друкаванне новага перакладу Старога Запавету. У прадмове Сымон Будны пісаў пра мову свайго перакладу: «Знойдзеш тут словы велікапольскія, знойдзеш кракаўскія, мазавецкія, падляшскія, сандамірскія, а за малым і рускія. Бо глупства мовай адной краіны грэбаваць, а словы другой узносіць пад нябёсы»[1].

Аднак на той час гаспадаром Нясвіжа ўжо стаў Мікалай Радзівіл Сіротка, які вызнаваў каталіцызм. Ён актыўна перашкаджаў дзейнасці пратэстантаў; існуе паданне, што Сіротка выкупляў паасобнікі выданняў Брэсцкай друкарні і паліў іх у двары Нясвіжскага замка. Сымону Буднаму працаваць у такіх умовах было немагчыма[1]. Тады друкарню выкупіў магнат-пратэстант Ян Кішка — яна была перанесена ў Лоск[2][1], дзе і закончана друкаванне Старога Запавету[1]. Паводле іншых крыніц, «Біблія» была дадрукавана ў 1572 годзе ў Заслаўі ці ў маёнтку Кавячынскіх ва Уздзе[2].

Мастацкія асаблівасці

[правіць | правіць зыходнік]

Большасць кніг Нясвіжскай друкарні мела простае афармленне без ілюстрацый. Выкарыстоўваліся наборны арнамент, разнастайныя шрыфты і ініцыялы з дэкаратыўна-раслінным фонам. У мастацкім аздабленні кірылічных кніг выразна прасочваюцца сувязі з традыцыямі Францыска Скарыны[2].

  1. а б в г д е ё ж з і к л Гісторыя беларускай кнігі : у 2 т. Т. 1: Кніжная культура Вялікага Княства Літоўскага / М. В. Нікалаеў ; [навуковыя рэдактары тома: В. В. Антонаў, А. І. Мальдзіс; мастак Г. І. Мацур]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2009. — С. 182-183. — 423 с. — 2 500 экз. — ISBN 978-985-11-0481-5.
  2. а б в г д е Нясвіжская друкарня // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
  3. Кніга Беларусі 1517—1917. № 5.
  4. Кніга Беларусі 1517—1917. № 5. С. 56.
  5. Парэцкі Я. І. Сымон Будны. Мн., 1975.