Ніжняя царква (Гродна)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Славутасць
Ніжняя царква
Рэшткі Ніжняй царквы
Рэшткі Ніжняй царквы
53°40′38,75″ пн. ш. 23°49′21,39″ у. д.HGЯO
Краіна Беларусь
Горад Гродна, Стары замак
Канфесія Праваслаўе
Архітэктурны стыль візантыйскі стыль
Аўтар праекта Пётр Міланег?
Будаўніцтва 12 ст.—???
Дата скасавання 1183
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 411Г000003шыфр 411Г000003
Стан закансерваваны, рэшткі знаходзяцца ў асобным павільёне

Ніжняя царква — помнік архітэктуры Сярэднявечча. Існавала ў 12 ст. на тэрыторыі Старога замка У Гродне. Знаходзіцца на поўнач ад палаца ў цэнтры дзядзінца. З'яўляецца помнікам самабытнай Гродзенскай школы дойлідства. Для свайго часу гэта быў выключна прыгожы будынак, у прыватнасці, у храме захаваўся ўнікальны дывановы набор у цэнтральным нефе. У другой палове XIII ст. на яе месцы была ўзведзена замкавая капліца, сёння вядомая як Верхняя царква.

Выказваецца меркаванне, што гродзенскую Ніжнюю царкву, гэтак жа як і астатнія помнікі Гродзенскай школы дойлідства, пабудаваў будучы знакаміты дойлід Пётр Міланег.

Археалагічныя раскопкі царквы[правіць | правіць зыходнік]

Раскопкі Ніжняй царквы. Канец 1930-ых гг.

Рэшткі царквы знойдзены падчас земляных прац 19321933, якімі кіраваў Ю. Ядкоўскі, які выявіў заходнюю і паўднёвую сцены храма. Ю. Ядкоўскі праводзіў даследаванні непрафесійна, не звяртаў увагі на стратыграфію і таму быў адхілены ад кіраўніцтва раскопкамі. На змену яму прыйшоў З. Дурчэўскі, які працягваў раскопкі царквы ў 19371939. Ён лічыў, што Ніжняя царква загінула падчас пажару 1183 года і потым не аднаўлялася. Над выяўленымі помнікамі архітэктуры быў зроблены драўляны павільён. У 1949 на раскопках Ніжняй царквы працаваў М. Варонін.

Час існавання царквы[правіць | правіць зыходнік]

План Ніжняй царквы

Найбольш раннімі датамі пабудовы лічыцца гады каля 1116 ці ў 11281141. Археолаг М. М. Варонін вызначыў час будаўніцтва храма другой чвэрцю XII ст., яго калега П. А. Рапапорт, які праводзіў раскопкі пазней і зыходзячы з характару плінфы, адносіў будаўніцтва да трэцяй чвэрці XII ст. Паводле Алега Трусава і Міхася Ткачова, Ніжнюю царкву пабудавалі ў сярэдзіне XII ст. пры Мсціславе Усеваладавічы, калі ў Гродне пачаў працаваць дойлід Пётр Міланег.

Наконт года разбурэння храма спрэчак няма, згодна Іпацьеўскаму летапісу ў лета 1183 «Городен погоре весь и церквы каменная от блистания молнии и шибения грома». Дата гібелі храма відавочна — 1183 год. Разбурыўся храм імгненна: пад час раскопак удалося расчысціць у сярэдзіне храма адзін са слупоў, які пры катастрофе ўпаў і накрыў сабой дзіўны «дыван» маёлікавых плітак. Храм загінуў у час пажару і больш не аднаўляўся. У XIII — XIV стст. зруйнаваныя сцены храма служылі агароджай невялікіх могілак.

Экстэр'ер храма. Асаблівасці помніка[правіць | правіць зыходнік]

Прарысоўка сцен заходняга фасада

Храм быў шасцістаўповы, трохнефавы з трыма апсідамі; меў даўжыню 18,4 м, шырыню 11,7 м. Вуглы будынка зрэзаны. Падмурак храма быў складзены з дробных камянёў «насуха», без вапнавай рошчыны. Сцены царквы ўцалелі на вышыню 2-3,5 м.

Выгляд на апсіду храма

Усходняя частка цэнтральнага нефа мела вялікую паўкруглую апсіду. Дзве другія апсіды схаваны ў тоўшчы сцен бакавых нефаў.

Фасад і інтэр'ер аздабляліся плоскім лапаткамі. Выяўлены паўночна-заходні слуп храма са зрэзанымі вугламі. Будынак узведзены з плінфы, памеры якой у сярэднім раўняюцца 25—26,5 х 15 х 3,5—4 см. На тарцах асобных плінфаў выяўлены выпуклыя знакі ў выглядзе літар, зорачак і інш. Фасады да таго ж аздаблялі керамічныя маёлікавыя пліткі розных колераў і формаў, а таксама паліваныя круглыя глыбокія чашы. Сцены, аздобленыя плоскімі лапаткамі, захоўвалі ружова-белы колер цэглы і вапны.

Сцены храма
Прасценак паміж парнымі вокнамі ўпрыгожаны маёлікай

Найбольш характэрным канструкцыйным элементам сцен храма былі шліфаваныя валуны, уведзеныя ў іх ад надмурка да верхняга краю. Для гэтага камяні расколвалі на дзве часткі і ўмуроўвалі ў сцены плоскім бокам звонку. Валуны падбіралі так, каб яны былі рознымі па велічыні і колеру, большасць з іх шліфавалі. Унізе ўжыты вялікія камяні, у верхняй зоне — меншыя. Сярод паліраваных гранітных і гнейсавых уставак ёсць камяні шаравата-ружовых, чорна-зялёных, чорна-сініх, карычнева-шэрых і чырванавата-фіялетавых тонаў. Верхняя зона сцен упрыгожвалася маёлікавымі ўстаўкамі. На адным з аконных прасценкаў захаваўся маёлікавы квадрат з сіметрычна складзеных карычневых і зялёных плітак.

Абломак звана з надпісам «…рабу…»

Дах Ніжняй царквы быў пакрыты свінцовымі лістамі, кавалкі якіх знойдзены ў час раскопак, і завяршаўся купалам, які размяшчаўся бліжэй да заходняга фасада, аб чым сведчыць размяшчэнне апорных слупоў. Паводле Мікалая Вароніна, царква мела званіцу, аб чым сведчаць кавалкі звона, адзін з якіх важыў 27 кілаграм і меў надпіс, ад якога захавалася толькі частка: «…рабу…».

Ніжняя царква лічыцца адным з самых ранніх гродзенскіх пабудоў і аказалася не вельмі трывалай. У яе муроўцы не заўжды акуратна рабілі перавязку швоў, дэкаратыўныя шліфаваныя камяні былі вельмі вялікія і займалі амаль усю тоўшчу сцяны. У выніку муроўка была не вельмі трывалая. На глыбіні каля 3 м ад дзённай паверхні археолагамі была прасочана праслойка разбурэння Ніжняй царквы. Ёсць падставы сцвярджаць, што яшчэ да вялікага пажару, падчас якога загінулі шматлікія пабудовы старажытнай Гародні і ў тым ліку царква, у Ніжняй царкве перасталі адпраўляць службу ў сувязі з тым, што правая сцяна яе стала абсоўвацца з-за слабасці падмурка, пакладзенага ў сыпкім грунце.

Інтэр'ер храма[правіць | правіць зыходнік]

Зала храма перакрывала цыліндрычнае скляпенне на папружных арках. У паўднёва-заходнім вуглу храма захаваліся рэшткі вітых сходаў, якія вялі на хоры.

Фрэскі ў ходзе раскопак зафіксаваны не былі. Для павелічэння акустычнага эфекту ў сцены былі ўмураваны збаны-галаснікі, іх гарлавіны павернуты да інтэр'ера. Ужыванне галаснікоў рабіла канструкцыю лягчэйшай, рэгулявала вільготнасны рэжым, а яшчэ і паляпшала рэзананс.

Медная пласціна з выявай апостала Паўла

Захаваліся дэталі багата ўпрыгожанай драўлянай алтарнай перагародкі: пазалочаныя медныя лісты з выгравіраванымі выявамі апосталаў Фядота, Паўла і Сімяона ў абрамленні кругоў са складаным раслінным і плеценым арнаментам. Выяўлены кавалкі панікадзіл, лампад, рэшткі звона з рэльефным надпісам.

Падлога[правіць | правіць зыходнік]

Фрагмент падлогі Ніжняй царквы

Вялікую цікавасць уяўляе маёлікавая падлога падкупальнай часткі гродзенскай Ніжняй царквы, адкрытая М. Вароніным і рэканструяваная М. Малеўскай. Як адзначыў М. Варонін, «маёлікавы дыван падкупальнай часткі падлогі па прыгажосці і складанасці пакуль што не мае ведае роўных у помніках іншых абласцей XII ст.». Мазаічная кампазіцыя падлогі складаецца з квадратных і фігурных плітак трох адценняў — жоўтага, зялёнага і карычневага. Цэнтр яе ўтвараюць кругі, выкладзеныя ў выглядзе крыжа і ўпісаныя ў квадраты. Кругі запоўнены складаным арнаментальным малюнкам з разнастайных фігурных плітак. Крыжападобны малюнак і квадрат, у які ён упісаны, акаймаваны пляцёнкай з фігурных жоўта-зялёных плітак. Вуглавыя ўчасткі квадрата і падлога за яго межамі выкладзены квадратнымі пліткамі ў шахматным парадку, які, праўда, часта парушаецца, што надае малюнку нейкую своеасаблівую цеплыню і рукатворнасць[1]. У паўднёвым нефе ўзор падлогі ўзбагачаны перакрыжаванымі палосамі з жоўтых і карычневых плітак у выглядзе хваста ластаўкі. Падлога бабінца была выкладзена плінфай.

Хаця характар цэнтральнай мазаічнай кампазіцыі і яе шахматнай акаймоўкі розны, гэта заўважаецца не адразу. Таксама адрозніваюцца і памеры плітак, усяго для падлогі выкарыстана 17 відаў квадратнай пліткі розных памераў. Выразна чытаюцца толькі арнаментальныя кругі. Адна і тая ж колеравая гама мазаічнага і шахматнага набораў аб'ядноўваюць цэнтральны малюнак з іншымі ўчасткамі падлогі. Характар кампазіцыі падлогі сведчыць пра несумненны ўплыў візантыйскіх традыцый. Аднак нягледзячы на выкарыстанне некаторых візантыйскіх прыёмаў і арнаментальных матываў, падлога Ніжняй царквы ў Гродне даволі арыгінальная. Набор яе зроблены не са смальты і каменю, а з маёлікавых плітак, што паклала пачатак новаму этапу ў дэкоры мазаічных падлог. Іншы падыход назіраецца і ў вырашэнні кампазіцыі дэкору[1].

Зноскі

  1. 1,0 1,1 Гісторыя беларускага мастацтва: У 6 т. Т. 1: Ад старажытных часоў да другой паловы XVI cт. ; [рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал.рэд.) [і інш.] ; рэд. тома С. В. Марцэлеў, Л. М. Дробаў ; АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. — Мінск : Навука і тэхніка, 1987. — 303 с. : iл.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • А. А. Трусаў, В. Е. Собаль, Н. I. Здановіч. Стары замак у Гродне XI—XVIII стст.: Гіст.-археал. нарыс, Мінск: Навука і тэхніка, 1993, 152 с., ISBN 5-343-01429-1
  • Археалогія Беларусі: энцыклапедыя, Рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш. У 2 т., Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009, Т. 1. А-К, 496 с., ISBN 978-985-11-0354-2
  • Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік, Рэдкал.: А. А, Воінаў і інш. Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 1993, 620 с., ISBN 5-85700-078-5
  • Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы. Калектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госцеў, В. Саяпін і інш., Гродна-Вроцлаў: Вроцлаўская навуковая друкарня, 2012, 370 с., ISBN 978-93-61617-77-8
  • Гродназнаўства. Гісторыя еўрапейскага горада, Калектыў аўтараў: Карнялюк В., Швед В. і інш., Гродна-Вроцлаў: Вроцлаўская навуковая друкарня, 2012,(Гарадзенская бібліятэка). ISBN 978-83-61617-85-3
  • В. В. Швед, А. П. Госцеў, А. А. Дабрыян. Горадзен. Аповяды з гісторыі горада (10 ст. — сярэдзіна 16 ст.), Гродна, 1996, 60 с.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]