Нікадзімава (археалагічныя помнікі)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Нікадзі́мава — археалагічныя помнікі, гарадзішча і селішча днепра-дзвінскай культуры[1] каля вёскі Нікадзімава Горацкага раёна Магілёўскай вобласці Беларусі[2].

Гарадзішча[правіць | правіць зыходнік]

Гарадзішча 3-й чвэрці 1-га тысячагоддзя за 0,6 км на паўднёвы ўсход ад вёскі, на левым беразе рацэ Быстрая (правы прыток ракі Проня), на мысе паміж 2 ярамі. Мае складаную сістэму ўмацаванняў і 3 раздзеленыя валамі пляцоўкі памерамі 48 х 36 м (з боку поля), 48 х 48 м (сярэдняя) і 7 х 7 м (мысавая); 2 першыя ўзвышаюцца над поймай на 12—18 м. 3 боку поля ўмацавана валам вышынёй 4,5 м, шыр. да 20 м, з боку мыса — 2 валамі[2].

Вядома з 1903 года. Абследавалі ў 1936 годзе А. Дз. Каваленя, у 1978 годзе В. І. Шадыра, у 1985 годзе А. А. Седзін. Даследаваў у 19861992, 1995, 2003, 2004 гадах А. А. Седзін (плошча 1058 м²). Палеабатанічны матэрыял даследавалі Н. А. Кір’янава і Дз. І. Траццякоў, астэалагічны — В. В. Шчаглова і А. А. Разлуцкая. Культурны пласт ад 1 м, на мысавай пляцоўцы да 3,2 м[2].

На сярэдняй пляцоўцы выяўлены рэшткі замкнёнай пабудовы авальнай формы (43 х 18 м) слупавай канструкцыі, з унутраным дваром, жылым і гаспадарчымі памяшканнямі. Падобныя збудаванні вядомы ў тушамлінскіх старажытнасцях Смаленшчыны (Дзямідаўка, Тушамля, Слабада-Глушыца). Другая пляцоўка магла выкарыстоўвацца ў абарончых і гаспадарчых мэтах. На мысавай пляцоўцы праводзіліся крэмацыя і пахаванне памерлых[2].

Знойдзены жалезныя прадметы ўзбраення, рыштунак каня і вершніка: наканечнікі коп’яў і кідальных дроцікаў утулкавыя (лісце-, ланцэта-, ромба-, полымяпадобныя, двухшыпныя), наканечнікі стрэл тронкавыя (трохлопасцевыя, ромбападобны, бранябойны), фрагмент кальчугі, шпоры, цуглі, збруйныя спражкі, фрагмент двухлязовага мяча (шырыня клінка 5,5 см); жалезныя нажы, шылы, крэсівы, пінцэты, долаты, кнотавыя трубачкі, рыбалоўны кручок, спружынныя нажніцы, сякеры, малаток, дробныя кавальскія інструменты, каса-гарбуша, сярпы, бронзавыя фібулы (пальчатыя, антрапазааморфная, двухпласціністая), бранзалеты, прывескі ў выглядзе званочкаў, пранізкі, кольцы, бляшкі, накладкі, бурштынавыя пацеркі, вырабы са срэбра (бранзалет, кольца, падвеска), шкляныя, з гліны і каменю (біканічныя прасліцы, льячкі, лінейныя формачкі, тачыльныя брускі). Керамічны посуд слабапрафіляваны, таўстасценны, многія пасудзіны глянцаваныя. Знойдзены скарб, у якім быў скураны пояс, упрыгожаны бляшкамі, з прымацаванымі бронзавай спражкай, нажом і крэсівам; зліткі і звыш 1000 дробных бляшак-упрыгажэнняў з алавяніста-свінцовага сплаву. Выяўлены косткі жывёл свойскіх (буйная і дробная рагатая жывёла, свіння, конь, сабака) і дзікіх (лісіца, вадзяная палёўка)[2].

Знаходкі шматлікіх прадметаў узбраення, рыштунку каня i вершніка, упрыгажэнняў, скарбу, вялікай колькасці зерня культурных раслін (ячмень, проса, пшаніца, гарох, боб кармавы, авёс, жыта, каноплі) пры адносна малой колькасці земляробчых прылад дазваляюць меркаваць аб тым, што гарадзішча з’яўлялася адміністрацыйна-тэрытарыяльным цэнтрам значнай акругі. Тут знаходзілася сядзіба правадыра і яго дружыны. Гарадзішча загінула ў выніку пажару, аб чым сведчаць фрагменты абпаленых бярвён, знаходкі чалавечых астанкаў унутры памяшканняў. Анатоль Седзін не выключае, што прычынай знішчэння гэтага гарадзішча і наагул дняпроўска-дзвінскай культуры стаўся прыход у Беларусь на сталае пражыванне славянскіх плямён[3].

Узрост помніка пацвярджаецца датамі паводле радыёвугляроднага аналізу (1390 ± 35; 1495 ± 35; 1495 ±35; 1615 ± 40 гадоў таму назад), атрыманымі ў лабараторыі фірмы «Санарэ» (горад Талін)[2].

У экспазіцыі «Археалогія і старажытная гісторыя Магілёўшчыны» Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея створана і экерпнуецца аб’ёмная рэканструкцыя гарадзішча, а таксама матэрыялы даследавання[2].

Селішча[правіць | правіць зыходнік]

Селішча 3-й чвэрці 1-га тысячагоддзя і эпохі Старажытнай Русі за 0,2 км на захад ад гарадзішча, на процілеглым баку яра. Выявіў і абследаваў у 1936 годзе А. Дз. Каваленя, абследаваў у 1980-1890-я г. і ў 2003 гадах А. А. Седзін. Знойдзены гліняныя біканічныя прасліцы, фрагменты ляпнога і ганчарнага посуду, крамянёвы наканечнік стралы часоў неалітубронзы[2].

Зноскі

  1. Беларусь 1995.
  2. а б в г д е ё ж Нікадзімава // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя. У 2 т. / [склад. Ю. У. Каласоўскі; рэдкалегія: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2011. — Т. 2: Л—Я. — 464 с. — ISBN 978-985-11-0549-2.
  3. Самы старадаўні меч

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Нікадзімава // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя. У 2 т. / [склад. Ю. У. Каласоўскі; рэдкалегія: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2011. — Т. 2: Л—Я. — 464 с. — ISBN 978-985-11-0549-2.
  • Нікадзімава // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 537. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
  • Седин А. А. Работы "Восточной Белоруссии// АО 1986. — М., 1988.
  • Седин А. А. Оружие из городища Никодимово // V абласныя Магілёўскія краязнаўчыя чытанні. 1994.
  • Седин А. А. Древнее земледелие и скотоводство по материалам раскопок городища Никодимово // Археалогія і старажытная гісторыя Магілсўшчыііы і сумежных тэрыторыіі. — Магілёў. 1994.
  • Седин А. А. Никодимовское городище раннего средневековья в Восточной Белоруссии // Этногенез и этнокультурные контакты славян: тр. VI Междунар. Конгресса славян, археологии. — М., 1997. — Т. З.
  • Седин А. А. Никодимово—городище третьей четверти I-го тысячелетия н.э. в Восточной Беларуси // Край. Дыялог на сумежжы культур. Магілёўская даўніна. Магілёў, 2000.