Ніуэ (народ)

З пляцоўкі Вікіпедыя
(Пасля перасылкі з Ніуэ, народ)
Jump to navigation Jump to search
Disambig-dark.svg У гэтага паняцця ёсць іншыя значэнні Ніуэ, мова і краіна Ніуэ
Ніуэ
(Niuē)
Classroom in Niue.jpg
Агульная колькасць 25 тыс.
Рэгіёны пражывання Ніуэ
Мова ніуэ
Рэлігія політэізм, культ продкаў, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы знешнія палінезійцы, самоанцы, танганцы

Ніу́э (саманазва Niuē) — палінезійскі народ, карэннае насельніцтва вострава Ніуэ. Размаўляюць на мове ніуэ. У наш час абсалютная большасць ніуэ жыве ў Новай Зеландыі (23 тыс. чал.) і толькі 900 на радзіме. Маецца абшчына ніуэ на астравах Кука. Агульная колькасць - каля 25 тыс. чал.[1]

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Востраў Ніуэ быў населены ў другой палове першага - першай палове другога тысячагоддзя н.э. Мяркуецца, што існавала 2 розныя плыні палінезійскай міграцыі, бо ў мінулым вылучалася 2 часткі астравіцян моту і тафіці, якія размаўлялі на розных дыялектах, адрозніваліся знешне (тафіці мелі больш смуглявую скуру і кудлатыя валасы) і знаходзіліся ў варожых адносінах адна да адной[2]. Слова моту на палінезійскіх мовах значыць востраў, а словам тафіці самоанцы пазначалі выхадцаў з Меланезіі, у тым ліку знешніх палінезійцаў.

У легендах і паданнях ніуэ кажацца пра барацьбу з танганцамі, якая адбывалася да прыбыцця еўрапейцаў.

У 1774 г. Ніуэ быў адкрыты Джэймсам Кукам, якога тут сустрэлі непрыязна, і ён назваў яго востравам Дзікуноў. З 1830 г. сярод тубыльцаў пачалі працу брытанскія місіянеры[3]. Пад іх уплывам астравіцяне двойчы звярталіся да манархаў Вялікабрытаніі з просьбай аб усталяванні пратэктарата. Ён быў прадстаўлены толькі ў 1900 г. У 1901 г. Вялікабрытанія перадала свае паўнамоцтвы Новай Зеландыі.

Добраахвотнікі з Ніуэ ўдзельнічалі ў дзвюх сусветных войнах у складзе новазеландскіх фарміраванняў. Пасля II Сусветнай вайны пачала развівацца эміграцыя, галоўным чынам у Новую Зеландыю. У 1950 г. была ўведзена абавязковая бясплатная сярэдняя адукацыя. Гэта спрыяла гуртаванню моту і тафіці ў адзіную нацыю.

У 1974 г. Ніуэ атрымаў статус дзяржавы, вольна асацыяванай з Новай Зеландыяй[4].

Асаблівасці традыцыйнай культуры[правіць | правіць зыходнік]

Фатааікі

Ніуэкаралавы востраў з вельмі тонкім пластом урадлівай глебы і адсутнасцю сталых крыніц пітной вады. Ізаляванасць вострава ад знешняга свету доўгі час падтрымлівалася самімі астравіцянамі, якія тлумачылі гэта сваёй асцярогай эпідэмічных захворванняў. Пасля ўсталявання кантактаў з еўрапейцамі, колькасць памерлых ад воспы, якая з'яўлялася галоўнай праблемай усёй Акіяніі ў XIX ст., была сапраўды невысокай. Але адваротным бокам ізаляцыянізму быў недахоп сыравінных рэсурсаў, нават звычайных ракавін і камянёў для вырабу прылад працы.

Асноўным заняткам ніуэ здаўна з'яўляліся земляробства і рыбалоўства. Жывёлагадоўля (трымалі свінняў і сабак), збіральніцтва і паляванне на пацукоў, кажаноў і здзічэлых свінняў мелі другарадны характар.

Уся зямля да нашых часоў належыць пашыраным сем'ям мангафаоа, якія ўзначальваюцца старэйшымі мужчынамі такітакі. Да прыняцця хрысціянства зямельныя надзелы не мелі сталых межаў, а зямельныя канфлікты вырашаліся з дапамогай ваенных канфліктаў. Зямельнае заканадаўства было прынята ў 1902 г. Яно забараніла продаж зямлі іншаземцам і падзел сямейных надзелаў на малыя ўчасткі. Гэта спрыяла захаванню пашыраных сем'яў, аднак у будучым прывяло да таго, што ўладальнікі надзелаў пераязджалі ў Новую Зеландыю, а іх зямля не апрацоўвалася. У 1969 г. была прынята папраўка, якая гарантуе адчужэнне надзела, калі яго гаспадары знаходзяцца за межамі вострава болей за 20 гадоў[5], але і сёння многія землі з'яўляюцца закінутымі.

Галоўнымі сельскагаспадарчымі культурамі раней былі бананы, тара і какосавая пальма. У пач. XX ст. новазеландскія ўлады спрыялі распаўсюджванню бавоўны, але падзенне коштаў на сусветным рынку вымусіла ніуэ адмовіцца ад вырошчвання гэтай культуры. Яе месца занялі розныя віды садавіны. Мясцовае насельніцтва таксама развівае пчалярства. Распаўсюджаныя традыцыйныя рамёствы - выраб зброі і пляценне. У пач. ХХ ст. плеценыя саламяныя капелюшы з'яўляліся прадметам экспарту[6].

Улада такітакі ў пашыранай сям'і з'яўляецца безумоўнай і перадаецца па спадчыне старэйшаму сыну. Да сяр. XX ст. ніуэ жылі разам ў вялікіх хацінах, крытых пальмавым лісцем, але пасля разбуральных цыклонаў пачалі будаўніцтва сучасных дамоў. У сучаснасці кожная пашыраная сям'я мае некалькі жытлаў, дзе могуць сяліцца нуклеарныя сем'і, але якія будуюцца ў адным месцы.

Некалькі пашыраных сем'яў складаюць вясковую абшчыну. Раней яны былі дастаткова ізаляванымі, бо юнакі шукалі нявест у межах сваёй вёскі[7]. У нашы дні налічваецца каля 13 вёсак і вялікае паселішча Алофі.

Да прыходу еўрапейцаў розныя сем'і мелі розны статус. Вылучаліся сем'і правадыроў матаохі ікі, статус якіх перадаваўся па спадчыне, і матаохі тоа, якія дасягалі свайго становішча падчас вайны. З іх ліку выбіралі вярхоўных правадыроў. Місіянеры спрыялі стварэнню ў 1840 г. адзінага астраўнога савета фона і ў 1876 г. - выбранню адзінага "караля" Матаіа Туітога. Пасля яго смерці быў выбраны новы "кароль" Фатааікі[8].

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Традыцыйная рэлігія ніуэ засноўвалася на веры ў шматлікіх багоў і духаў аіту. Важным быў культ продкаў. Але ў XIX ст. ніуэ прынялі хрысціянства.

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Родная мова ніуэ належыць да палінезійскай групы. З XIX ст. распаўсюджана пісьмовасць на аснове лацінкі. У 1927 - 1974 гг. выкладанне ў школах вялося выключна на англійскай мове, што не спрыяла развіццю роднай мовы ніуэ. Нават у наш час яе выкарыстанне вельмі абмежавана.

Зноскі