Ордэн Святога Аўгусціна
| Ордэн аўгусцінцаў | |
|---|---|
| | |
| Скарачэнне | O.S.A. |
| Царква | Лацінская Царква |
| Заснавальнік |
Папа Аляксандр IV (фактычна) Аўгусцін Блажэнны (паводле легенды) |
| Дата заснавання |
1256 (фактычна) 391 (паводле легенды) |
| Сайт | augustinianorder.org |
Аўгусці́нцы (лац.: Augustiniani), афіцыйна Ордэн Святога Аўгусціна (лац.: Ordo Fratrum Sancti Augustini; лац.: OSA), да 1968 года Ордэн пустэльнікаў Святога Аўгусціна, лац.: Ordo Eremitarum Sancti Augustini; лац.: OESA) — каталіцкі манаскі ордэн, заснаваны ў XIII стагоддзі на аснове духоўнай спадчыны Святога Аўгусціна. З’яўляецца жабрацкім ордэнам[1][2].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Паводле легендарнай версіі царквы, ордэн утвораны ў 391 годзе біскупам горада Гіпона (Паўночная Афрыка) Аўрэліем Аўгусцінам (354—430). На самой справе ён узнік пасля аб’яднання чатырох кангрэгацый манахаў-пустэльнікаў і зацверджаны булай папы Аляксандра IV у 1256 годзе[1][2][3][4].
Структура і лад жыцця
[правіць | правіць зыходнік]У аснову дзейнасці ордэна пакладзена так званае «Правіла святога Аўгусціна» — зборнік тэкстаў, напісаных нібыта самім Аўрэліем Аўгусцінам. На чале ордэна стаяў генерал, якога выбіраў ордэнскі капітул. Улада генерала была абмежавана дзейнасцю дэфінітарыяў (дарадчыкаў). Кляштары (канвікты) аўгусцінцаў аб’ядноўваліся ў правінцыі[1][2].
Вопратка аўгусцінцаў — чорны хабіт (суконная рыза з вострым капюшонам і доўгімі шырокімі рукавамі)[1][2].
Духоўнасць і навука
[правіць | правіць зыходнік]У перыяд позняга Сярэднявечча аўгусцінцы, як і францысканцы, абаранялі кірунак сярэднявечнай схаластыкі — аўгусцініянства. Для яго характэрны арыентацыя на Платона, неаплатанізм, аналогія паміж трыма здольнасцямі душы (памяць, розум, воля) і трыма абліччамі Тройцы, тэзіс аб веры як перадумове ўсялякіх ведаў і іншае[1][5].
У XVI стагоддзі манахі-аўгусцінцы падтрымалі Рэфармацыю. Заснавальнік пратэстантызму Марцін Лютэр да свайго разрыву з каталіцызмам належаў да ордэна аўгусцінцаў. Таксама аўгусцінцам быў прыродазнавец і заснавальнік генетыкі Г. Мендэль[1][5].
Аўгусцінцы ў Беларусі і Літве
[правіць | правіць зыходнік]
У ВКЛ і Польшчы ордэн аўгусцінцаў быў самым нешматлікім сярод жабрацкіх ордэнаў. У Польшчы яны з’явіліся ў XIII стагоддзі; кляштары належалі да Нямецкай, пасля — Турынска-Саксонскай і Баварскай правінцый. У 1431 годзе Баварская правінцыя падзелена на Польскую (Малая Польшча), Мазавецкую і Рускую (літоўска-рускія землі) акругі. У 1547 годзе створана Польская правінцыя[5].
На тэрыторыі сучаснай Беларусі і Літвы аўгусцінцы мелі наступныя кляштары:
- Берасце (1410—1830) — фундатар вялікі князь Вітаўт[1][5];
- Гародня (1503—1673) — фундатар вялікі князь Аляксандр[1][5];
- Міхалішкі (цяпер Астравецкі раён) — у 1653 годзе на сродкі Яна Бжастоўскага і яго сына Цыпрыяна пабудаваны касцёл аўгусцінцаў (архітэктар К. Пэнс)[1][5];
- Кодань (1646—1655)[5][3];
- Вільня (з 1675)[5][3].
Існавала таксама жаночая галіна ордэна[5].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Л. А. Карнілава. Аўгусцінцы // Рэлігія і царква на Беларусі : Энцыкл. давед. / Рэдкал.: Пашкоў Г. П. (гал.рэд.) і інш.; Маст. Глекаў А. А.. — Мн.: БелЭн, 2001. — С. 24. — 365 с. — ISBN 985-11-0220-2.
- Л. А. Карнілава. Аўгусцінцы // Культура Беларусі: энцыклапедыя / рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) [і інш.]. — Мн.: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2010. — Т. 1. — С. 317—318. — 704 с. — 3 000 экз. — ISBN 978-985-11-0496-9.
- Л. А. Карнілава. Аўгусцінцы // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — С. 266. — 688 с. — ISBN 985-11-0314-4 (т. 1), ISBN 985-11-0315-2.
- Л. А. Карнілава. Аўгусцінцы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — С. 231. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2.
- Uth G. Szkic historyczno-biograficzny zakonu augustiańskiego w Polsce (польск.). — Kraków, 1930.
- Zakony męskie w Polsce w 1772 roku (польск.). — Lublin, 1972. — Т. 1. — (Materiały do Atlasu historycznego chrześcijaństwa w Polsce).
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Ордэн Святога Аўгусціна
