Перайсці да зместу

Польская арганізацыя вайсковая (справа)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з ПАВ)

Польская арганізацыя арганізацыя (ПАВ, польск.: Polska Organizacja Wojskowa (POW)) — выдуманая ў СССР «контррэвалюцыйная, шпіёнска-дыверсійная і тэрарыстычная арганізацыя», па дзейнасці якой у 1930-я — пачатку 1940-х гадоў органы АДПУНКУС фабрыкавалі групавыя справы, па якіх былі арыштаваны і засуджаны ў асноўным беларусы і палякі[1].

Тайная вайсковая арганізацыя з такой назвай была створана ў кастрычніку 1914 года па ініцыятыве Юзафа Пілсудскага. У задачы яе ўваходзіла дыверсійная дзейнасць у тыле савецкіх войскаў, збор разведвальнай інфармацыі, агітацыйная праца. У снежні 1918 года «ПАВ» увайшла ў склад Войска Польскага[1].

Першая ў БССР справа «ПАВ» сфабрыкавана ДПУ ў 1933 годзе. Па ёй арыштавана 55 чалавек. Паводле версіі ДПУ, ПАВ пачала фарміравацца ў 1924 годзе. Яе кіраўніком лічыўся настаяцель Мінскага кафедральнага касцёла ксёндз А. І. Пучкар-Хмялеўскі. Дзейнасць арганізацыі быццам бы фінансавалася і накіроўвалася дыпламатычным прадстаўніцтвам у СССР. ПАВ нібыта ставіла сабе за мэту аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 года шляхам звяржэння савецкай улады і далучэння БССР да Польшчы. Гэта павінна было адбыцца ў час ваенных дзеянняў паміж Польшчай і СССР, члены ПАВ мусілі ўздымаць узброеныя паўстанні і арганізоўваць маштабныя дыверсіі ў тыле Чырвонай Арміі[1].

Паводле версіі ДПУ, ПАВ будавалася па прынцыпу ячэек. У 1933 годзе ліквідавана 7 філіялаў з агульнай колькасцю 65 ячэек, якія быццам бы дзейнічалі ў дзяржаўных установах, на прадпрыемствах, чыгуначных вузлах, у часцях Чырвонай Арміі. Паводле пастановы калегіі АДПУ СССР у лютым 1934 года члены ПАВ асуджаны на 3—10 гадоў папраўча-працоўных лагераў[1].

У жніўні 1937 года ў адпаведнасці з загадам НКУС СССР у краіне пачалася шырокамаштабная аперацыя «па ліквідацыі польскай агентуры». Яна была разлічана на 3 месяцы, але фактычна праводзілася цэлы год. Загад меў асаблівае значэнне для БССР, якая межавала з Польшчай і ў якой пражывала шмат палякаў. АДПУ СССР лічыла, што БССР — вароты для пранікнення польскай агентуры ў СССР і што на працягу ўсіх гадоў існавання савецкай улады праз БССР перакінута каля 50 тысяч шпіёнаў пад выглядам палітычных і эканамічных эмігрантаў[1].

У адпаведнасці з гэтым загадам у Беларусі арышту падлягала не менш як 7—8 тысяч чалавек, у т.л. каля 4 тысяч перабежчыкаў і амаль 1 тысяч палітычных эмігрантаў. У час следства колькасць падлеглых арышту павінна была павялічыцца да 15 тысяч. Напярэдадні правядзення «польскай аперацыі» былі складзены даведкі на арышт амаль 25 тысяч чалавек. На 1 студзеня 1938 года «па польскай лініі» арыштавана 14 620 чалавек[1].

У сярэдзіне чэрвеня 1938 года выдадзены новы загад НКУС СССР аб разгортванні чарговай аперацыі супраць палякаў[1].

Усяго па выніках «польскай аперацыі» са жніўня 1937 да верасня 1938 года органамі НКУС арыштавана 21 407 удзельнікаў ПАВ і паўстанцкіх арганізацый, польскіх шпіёнаў і дыверсантаў, з іх 10 120 беларусаў і 9196 палякаў. У 1937—1939 гадах па групавых правах ПАВ і як асобныя яе ўдзельнікі прайшла большасць кіраўнікоў Кампартыі Польшчы і КПЗБ, выкліканых у СССР, і былых палітвязняў Польшчы, якія па абмену пераехалі ў Савецкі Саюз, а таксама дзяржаўных дзеячаў, партыйных, савецкіх, камсамольскіх і прафесійных работнікаў польскага паходжання[1].

Фабрыкацыя спраў ПАВ была выкарыстана НКУС і для рэпрэсій у Заходняй Беларусі пасля ўз’яднання яе з БССР у верасні 1939 года[1].

Сярод арыштаваных і асуджаных па справах ПАВ была частка польскіх шпіёнаў, дыверсантаў і членаў падпольных узброеных фарміраванняў, якія вялі антыдзяржаўную работу супраць савецкага ладу[1].

У 1950-1990-я гады ўсе рэпрэсіраваныя па справах ПАВ рэабілітаваны на той падставе, што былі асуджаны пазасудовымі органамі[1].

  1. а б в г д е ё ж з і к Уладзімір Міхнюк. Польская вайсковая арганізацыя // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1999. — 592 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0141-9.