Павел Якаўлевіч Панкевіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Павел Панкевіч)
Павел Якаўлевіч Панкевіч
Дата нараджэння 16 (28) лютага 1895
Месца нараджэння
Дата смерці 28 чэрвеня 1938(1938-06-28) (43 гады)
Месца смерці
Навуковая сфера педагогіка і псіхалогія
Месца працы
Навуковая ступень доктар педагагічных навук (1929)
Навуковае званне
Альма-матар
Партыя
Член у
Узнагароды

Павел Якаўлевіч Панке́віч (16 лютага (1 сакавіка) 1895, г. Невель, цяпер Пскоўская вобласць, Расія — 28 чэрвеня 1938, НКУС, Менск) — беларускі вучоны ў галіне педагогікі, псіхолаг, публіцыст. Акадэмік АН БССР (1931), доктар педагагічных навук, прафесар (1929).

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў беларускім горадзе Невелі, у сялянскай сям’і. Ва ўзросце сямі гадоў застаўся без бацькі[1].

У 1914 г. П. Я. Панкевіч з адзнакай скончыў 2-е гарадское вучылішча Віцебска. З 1915 г. ён працаваў настаўнікам Рудненскай земскай школы. У 1916 г. П. Я. Панкевіч паступіў у Віцебскі педагагічны інстытут народнай адукацыі, які скончыў у 1922 годзе[1]. У 1917—18 член партыі беларускіх эсэраў; з 1919 член РКП(б)[2].

У 1924 г. ён скончыў Маскоўскія вышэйшыя педагагічныя курсы, пасля заканчэння якіх працаваў выкладчыкам у Акадэміі камуністычнага выхавання ў Маскве. У 1925 г., калі праводзілася чарговая мабілізацыя для працы ў вёсцы, Павел Панкевіч вярнуўся ў Беларусь. Аднак замест вёскі ён быў прызначаны метадыстам у Камуністычны ўніверсітэт Беларусі імя Леніна[1].

У 1928 г. Панкевіч абараніў доктарскую дысертацыю і быў прызначаны на пасаду прарэктара ўніверсітэта, а затым загадчыка Галоўнага ўпраўлення навукі ў Наркамасветы БССР. У гэтым жа годзе ў Менску выйшла яго кніга «Політэхнічная школа і сувязі з развіццём сучаснай буйной індустрыі»[1].

У кастрычніку 1929 г. у Мінску быў адкрыты Навукова-даследчы інстытут педагогікі і педалогіі, першым дырэктарам, якога стаў Павел Панкевіч. У перыяд дзейнасці Панкевіча ў 1929—1932 гг. у інстытуце была праведзена велізарная праца ў вобласці развіцця політэхнічнага навучання ў Рэспубліцы. Працуючы ў складаны час станаўлення сацыялістычнай педагогікі, Панкевіч дапушчаў і некаторыя памылковыя меркаванні пра школьную адукацыю[1].

У пачатку 1930-х гадоў з’яўляюцца крытычныя артыкулы супраць педалогіі. Крытыку выклікалі не толькі адсутнасць кваліфікаваных псіхолагаў-практыкаў у навучальных установах, але і тэарэтычныя палажэнні педалогіі — яе механістычнасць, нярэдка эклектычны падыход да перапрацоўкі псіхалагічнай (асабліва замежнай) тэорыі. Але галоўнай прычынай крытыкі было тое, што мэта, пастаўленая педалогіяй,— фарміраванне актыўнай, творчай асобы і індывідуальны падыход да кожнага дзіцяці — не з’яўлялася актуальнай ва ўмовах фарміравання таталітарнай дзяржавы. Школьная сістэма наўзамен супрацоўніцтва паміж настаўнікамі і вучнямі ўводзіла іерархічныя адносіны падпарадкавання і паслухмянства. Усё гэта прывяло да пастановы 1936 г. «Аб педагагічных скрыўленнях у сістэме наркамасветы», якое істотна затармазіла развіццё псіхалогіі ў краіне[1].

З 1931 па 1935 гады Панкевіч быў неадменным сакратаром Беларускай акадэміі навук[1], загадчык педагагічнага кабінета АН БССР. Член ЦВК БССР у 1931—1935 гадах[3].

Гадаваў дваіх дзяцей. Пражываў у кватэры № 3 Дома спецыялістаў па вул. Савецкай у Менску[4].

11 снежня 1937 г. П. Я. Панкевіч быў арыштаваны ва ўласнай кватэры. Нагодай для арышту паслужыў артыкул у газеце «Праўда» ад 10 жніўня 1937 г. У артыкуле сцвярджалася, што атэстацыйная камісія пад кіраўніцтвам акадэміка П. Я. Панкевіча выганяла з шэрагаў настаўнікаў справядлівых і адданых справе партыі людзей з прычыны недастатковай кваліфікацыі[1]. Асу­­джаны пазасудовым органам НКУС 28.6.1938 як «член на­цыянал-фашысцкай арганізацыі» і за «шкодніцкую работу ў га­ліне планавання» да выключнай меры пакарання з канфіскацыяй маёмасці[4], і быў расстраляны 28 чэрвеня 1938 г. у Менску[1]. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 19 мая 1956 года. Асабовая справа П. № 5945-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі[4].

Навуковая дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Навуковыя працы па праблемах політэхнічнай адукацыі, пытаннях гісторыі педагогікі і псіхалогіі[3]. Даследуючы пытанні працоўнага выхавання і політэхнічнага навучання, аўтар паказвае іх цесную сувязь. Каштоўнай з’яўляецца спроба П. Я. Панкевіча абагульніць вопыт політэхнічнага навучання ў 1-й школе-камуне[1].

Апублікаваў больш за 20 навуковых прац, у т.л. 2 манаграфіі[1].

Узнагароды[правіць | правіць зыходнік]

Узнагароджаны ордэнамі Леніна і Працоўнага Чырвонага Сцяга БССР (у 1931 г.)[1].

Творы[правіць | правіць зыходнік]

  • Основные вопросы фабзавуча. М., 1926;
  • Политехническая школа в связи с развитием современной крупной индустрии. Мн., 1928.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]