Паветрана-паліўны боепрыпас

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Паветрана-паліўны боепрыпас, боепрыпас аб’ёмнага выбуху, «вакуумная бомба» — боепрыпас, разбуральнае дзеянне якога чыніцца аб’ёмным выбухам палкай сумесі ў прысутнасці кіслароду (паветра).

Першыя такія баепрыпасы былі распрацаваныя і ўжытыя ўзброенымі сіламі ЗША ў гады В’етнамскай вайны. Неўзабаве такія боепрыпасы былі пастаўлены на ўзбраенне і ў савецкіх узброеных сілах і, верагодна, ужываліся падчас канфлікту на востраве Даманскі (1969), Афганскай і Чачэнскай войн. Узброеныя сілы Ізраіля ўжывалі такія боепрыпасы ў вайне ў Ліване (1982).

У аснове паветрана-паліўны боепрыпас складаецца з паліўнага кантэйнера і двух звычайных выбуховых зарадаў. Першы зарад разбурае кантэйнер і распыляе паліва ў паветры, ствараючы сферу паражэння, прычым дробна распыленае паліва лёгка пранікае ў закрытыя негерметызаваныя аб’ёмы. Другі зарад ажыццяўляе падпал і дэтанацыю атрыманага воблака, утвараючы ў вялікім аб’ёме магутную выбуховую хвалю, якая і з’яўляецца галоўным паражальным фактарам такога тыпу боепрыпаса.

Паветрана-паліўныя боепрыпасы, пры параўнальных памерах, больш магутныя за звычайныя, прычыняюць разбурэнні на большай плошчы і маюць большую эфектыўнасць супраць асабовага саставу ў сховішчах, з засцерагальным узбраеннем, і ўнутры баявой тэхнікі. Таксама такія боепрыпасы могуць ужывацца супраць мінных палёў, для расчысткі пасадкавых пляцовак, для масавага вынішчэння расліннасці і пасеваў. Найгалоўнейшым паражальным фактарам паветрана-паліўных боепрыпасаў з’яўляецца ўдарная хваля.

Апроч звычайных паражальных фактараў выбуховых баепрыпасаў, незгарэлыя аэразолі паліва з такога боепрыпасу звычайна моцна таксічныя.

Магутнасць паветрана-паліўных боепрыпасаў дасягае эквіваленту дзесяткаў тон трацілу, і паводле баявой эфектыўнасці параўноўваецца ваеннымі спецыялістамі з тактычнымі ядзернымі баепрыпасамі.

Існуюць спецыялізаваныя варыянты паветрана-паліўных боепрыпасаў, напрыклад, рэактыўны-ахопныя (алюмінавы парашок і нітрацэлюлоза) і запаволена-выбухныя (брызантная выбуховае рэчыва і вадкае паліва).

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]